Без нечаканасцей не абышлося

№ 26 (1049) 30.06.2012 - 06.07.2012 г

Мастакоўскае трыа Паплаўскіх

/i/content/pi/cult/384/7595/1-1.jpgУ Светлагорскай карціннай галерэі "Традыцыя" імя Германа Пранішнікава дзве экспазіцыйныя залы занялі творы мастакоўскага трыа Паплаўскіх: Георгія, Наталлі і Кацярыны. Калі і далей супастаўляць яго з музычным, то адразу ж трэба зазначыць: ансамбль атрымаўся не змяшаным, а аднародным. Зрэшты, для мяне асабіста без нечаканасцей не абышлося.

Выдатна ведаў, што Георгій Паплаўскі - народны мастак Беларусі, сусветна вядомы графік. А ў гэтай сямейнай выстаўцы ён яшчэ і цудоўны жывапісец. Якая мяккая - так і хочацца сказаць: цнатлівая - каляровасць святла, пяшчота каларыту... Ён піша не проста першы цёплы дзень у Дарагонаве, а, як і значыцца ў назве твора, "першыя дні". Вось яно, галоўнае: не эцюднае адначасовае ўражанне, а карціннае пачуццёвае абагульненне. Такім жа памкненнем прасякнута і больш самотная па настроі карціна "На зыходзе дня". Георгій Паплаўскі піша пачуццёвымі фарбамі і "Астрашыцкі гарадок", і "Лазеньку на Друйцы", дадаючы да гэтай назвы сваё ўдакладненне: "Шэры дзень". Але нават шэрасць гэтая - прасветленая, амаль шматкаляровая.../i/content/pi/cult/384/7595/1-3.jpg

Падзяліўся сваім захапленнем жывапісам Георгія Георгіевіча ў час тэлефоннай размовы з Гаўрылам Вашчанкам і пачуў: "А што вы здзіўляецеся? Паплаўскі і па адукацыі - жывапісец..." Вось так. Але слава графіка аказалася больш моцнай. Ды і ў гэтай экспазіцыі класічныя творы з вядомага цыкла "Час доўгіх нажоў", а таксама не менш знакамітыя "Непрадузяты рэпартаж", "Зыбкая зона" і каляровая літаграфія "Дрэвы без лістоты" нібыта сцвярджаюць такую перавагу. І наогул, хто ж з аматараў мастацтва не ведае яго серыю гравюр "Слаўны горад Полацк", або серыю акварэлей "Набат", "Княжыцкі заклік", "Берасцейская харугва"ці афорт "Слова аб палку Ігаравым"?.. Хто з нас не захапляўся яго мастацкім аздабленнем кніг Янкі Купалы, Якуба Коласа, Алеся Адамовіча, Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Аркадзя Куляшова?

Прыгадваю, з якім хваляваннем тэлефанаваў яму, каб дамовіцца пра гэтую выстаўку. Павіншаваў з прэміяй Саюзнай дзяржавы. Неяк непрыкметна пачалі прыгадваць агульных знаёмых, у тым ліку знакамітага мастака Уладзіміра Ветрагонскага, які жыў у Санкт-Пецярбургу... Георгій Георгіевіч ахвотна пагадзіўся паўдзельнічаць у сямейнай экспазіцыі і раптам сказаў: "Заканчваецца кропельніца. Трэба паклікаць медсястру..." Мне засталося толькі збянтэжана прасіць прабачэння і падзівіцца шчырай добразычлівасці нават у такіх умовах...

/i/content/pi/cult/384/7595/1-2.jpgАле вернемся да экспазіцыі. "Мастакоўскае трыа" таленавіта падтрымлівае Наталля Паплаўская. Дыяпазон яе майстэрства захапляе. Але, пры ўсёй разнастайнасці, нязменным застаецца пранікнёны лірызм, які часам захоўваецца на мяжы наіўнага, інсітнага мастацтва. Ён і ў "Нядзелі", і ў "Сям'і перад фатографам", і ў "Дзядку"... Кампазіцыйная шматпланавасць, уменне перадаць супакоеную затоенасць вады, дрэў, хат ("Цішыня"). Адухоўленая пейзажнасць "Замкавай гары", "Дарогі на Слабодку"... Цудоўна ілюструючы дзіцячыя кнігі, Наталля Мікалаеўна з уласцівым ёй лірызмам увасабляе "Браслаўшчыну", "Пскоў. Пячэрскую лаўру", тэматычна набліжаючыся да работ Георгія Паплаўскага.

Значна пашырае новымі акордамі мастакоўскае трыа і дачка Кацярына. Урбаністычная скіраванасць ейных твораў - відавочная. Але ўражанне святланоснасці нязменна застаецца ад кожнага з іх. І тое не дзіва, бо яна таленавіта валодае ўсімі магчымасцямі каляровай літаграфіі, каляровага афорта, акватынты, алоўкавага малюнка... Пра тэматычную насычанасць можна меркаваць нават па назвах: "Дом кіно", "Новы-стары Мінск", "Возера", "Заслаўе", "Сынкавічы", "Па Швейцарыі", "Інтэр'еры"... Усё, што ўвасабляе Кацярына Георгіеўна, уражвае дэталёвай дакладнасцю. Гэта не фатаграфічная, але мастацкая дакладнасць. А таму - адухоўленая.

Думаю, кожны, хто пабачыў выстаўку ў Светлагорску, пагодзіцца са мной: мастакоўскаму трыа Паплаўскіх можна прадстаўляць беларускае выяўленчае мастацтва ў самых прэстыжных музеях і карцінных галерэях свету.

Ізяслаў КАТЛЯРОЎ

Светлагорск