Мроі Борхеса: утопія ці рэальны фармат?

№ 43 (809) 27.10.2007 - 02.11.2007 г

Пытанні, зададзеныя карэспандэнтам “К” генеральнаму дырэктару Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі, прэзідэнту Бібліятэчнай асамблеі Еўразіі Віктару ФЁДАРАВУ, можна было б звесці ў адно: “Якой будзе бібліятэка будучыні?”. Нам падаецца, што напярэдадні Першага з’езда вучоных Беларусі закранутая ў інтэрв’ю праблематыка з’яўляецца актуальнай для развіцця бібліятэчнай сферы, у якой цяпер ужо не абысціся без інавацыйных тэхналогій.

 /i/content/pi/cult/134/759/Biblioteka1.jpg
 Віктар Фёдараў (у цэнтры) на пасяджэнні Бібліятэчнай асамблеі Еўразіі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі   (6 снежня 2006 года).
— У простым разуменні, бібліятэка — гэта памяшканне, дзе захоўваюцца кнігі.
Ужо сёння падобныя ўяўленні наіўныя, а заўтра?
— Задача бібліятэкі будучыні заключаецца ў тым, каб прадастаўляць інфармацыю незалежна ад фізічнага месцазнаходжання чытача і ўласна бібліятэкі. З любога пункта зямнога шара — у любы пункт. Карыстальніку зусім не абавязкова будзе кудысьці ехаць, каб папрацаваць у чытальнай зале: дзякуючы сучасным інфармацыйным тэхналогіям ён здолее азнаёміцца з фондамі проста дома або на сваім рабочым месцы. Гэта — першы аспект. А другі заключаецца ў тым, што бібліятэка будзе мець магчымасць прадаставіць чытачу доступ да рэсурсу, які не знаходзіцца ў яе ўласнасці, — дзякуючы супрацоўніцтву з іншымі бібліятэкамі свету. Словам, жыхар вёскі на Піншчыне здолее карыстацца ўсімі фондамі былой маскоўскай “Ленінкі” або бібліятэкі Кангрэса ЗША, не выходзячы са сваёй хаты, — вядома, калі пад яе дахам ёсць падключаны да Інтэрнета камп’ютэр.
— Папраўдзе, праект выглядае трохі утапічным…
— Зусім не! Ужо сёння мы валодаем тэхналагічным рэсурсам, патрэбным для таго, каб цалкам ажыццявіць яго, дзякуючы з’яўленню лічбавай формы захоўвання. Перавага такога спосабу не толькі ў кампактнасці носьбітаў інфармацыі, але і ў тым, што яе можна вельмі лёгка распаўсюджваць.
Пераводам сваіх фондаў у “лічбу” сёння займаюцца ўсе буйныя сховішчы ведаў. Але тут узнікаюць і сякія-такія складанасці. Па-першае, бібліятэкі павінны дамаўляцца паміж сабой. Бо калі мы будзем працаваць у несумяшчальных фарматах і стандартах, ваша “Нацыяналка” не здолее карыстацца інфармацыяй з нашай былой “Ленінкі”. Па-другое, прынцыповыя змены мае спазнаць праца бібліятэкара: без сяброўства з камп’ютэрам яму ўжо не абысціся.
— Напэўна, ажыццяўленне такой глабальнай задачы адбываецца паэтапна. Ці зроблены ўжо канкрэтныя крокі ў гэтым напрамку?
— Першы важны крок — стварэнне электронных каталогаў. Калі ў фонды паступае новая кніга, яна праходзіць бібліятэчную апрацоўку. Яе трэба апісаць паводле зместу, каб потым чытач мог імгненна знайсці патрэбную крыніцу па цікавай для яго тэматыцы, забяспечыць навінку шыфрам, каб супрацоўнікі бібліятэкі ведалі, на якой паліцы яна ляжыць. Гэта вельмі адказная праца: у былой “Ленінцы” — 43 млн. адзінак захоўвання, і каб “знайсці пясчынку ў Сахары”, трэба добра арганізаваць пошук.
Раней усе гэтыя працэсы рабіліся ўручную: памятаеце папяровыя карткі, якія запаўняліся на друкавальнай машынцы? Цяпер апрацоўка, вядома, аўтаматызаваная. Чытачу ўжо не трэба корпацца ў стэлажах з карткамі — варта проста набраць ключавое слова ў пошукавіку.
Але ж гэта, падкрэслю, толькі першы этап. Бо пакуль самі носьбіты інфармацыі знаходзяцца ў традыцыйнай друкаванай форме, доступ да іх па-ранейшаму складаны. Таму досыць эфектыўна развіваецца база поўных тэкстаў. Алічбоўка фондаў — справа даволі працаёмкая. Сканіраванне соцень мільёнаў старонак патрабуе багата часу і высілкаў. Але ж першыя вынікі гэтага працэсу ўжо навідавоку. Скажам, у нашай бібліятэцы працуе электронны збор дысертацый. Усе навуковыя працы, якія абараняюцца ў Расіі — а штогод іх лічба дасягае прыкладна 30 тысяч, — мы пераводзім у лічбавы фармат. І сёння вашы навукоўцы ўжо могуць не траціць час ды грошы на падарожжа ў Маскву, каб азнаёміцца з плёнам дзейнасці сваіх расійскіх калег. Ім варта адно прыйсці ў электронную залу сваёй “Нацыяналкі”. І многія ўжо адчулі прынцыповае адрозненне сучаснай бібліятэкі ад класічнага яе фармату. Адчулі, як кажуць, на сваёй скуры, або на сваёй кішэні, што асабліва актуальна для аспірантаў.
— Але ж даступнасць інфармацыйных тэхналогій тоіць для бібліятэк і пэўную небяспеку. У іх з’яўляюцца канкурэнты ў асобе, скажам, Максіма Машкова, ды іншых Інтэрнет-энтузіястаў. Цяпер, каб здабыць электронную версію патрэбнай кнігі, зусім не абавязкова пасрэдніцтва вашай “Ленінкі” або нашай “Нацыяналкі”.
У чымсьці вы маеце рацыю. Але тут важна адзначыць, прынамсі, дзве акалічнасці. Па-першае: сапраўды, інфармацыі ў Інтэрнеце — процьма. Але ж адкуль яна там бярэцца? Вядома, з друкаваных выданняў. А яны, у сваю чаргу, захоўваюцца ў бібліятэках. Таму, хоць ускосна, наша функцыя застаецца актуальнай. І па-другое… Істотнае адрозненне і перавага бібліятэкі над Інтэрнет-рэсурсам (створаным, як вы кажаце, энтузіястамі) заключаецца ў дакладнасці прадстаўленай у нас інфармацыі, а таксама яе арганізаванасці. У “сусветным павуцінні” версіфікацыяй ведаў прафесійна ніхто не займаецца, і таму абсалютных гарантый адносна іх праўдзівасці карыстальнік не мае.
Наогул, упэўнены, што Інтэрнет нельга ўспрымаць як прамога канкурэнта бібліятэкі. Хутчэй, гэта толькі сродак дастаўкі інфармацыі карыстальніку. І сродак, без сумневу, вельмі эфектыўны.
— Прагнозы адносна сумнага лёсу друкаванай кнігі футуролагі агучваюць вось ужо пару дзесяцігоддзяў. Ці можа здарыцца так, што вынаходка Гутэнберга, якая лічыцца найважным чыннікам фармавання сучаснай цывілізацыі, неўзабаве страціць актуальнасць і будзе выкінута “за борт гісторыі”, саступіўшы месца электронным носьбітам?
— Друкаваная кніга — гэта папраўдзе унікальная вынаходка чалавецтва. Гэта нешта значна большае, чым проста спосаб захоўвання інфармацыі. Паглядзіце, колькі людзей працуе над пэўным канкрэтным выданнем: і рэдактар, і мастак-афармляльнік, і друкары… Да таго ж, спосабы атрымання ведаў залежаць таксама і ад патрэб яго карыстальніка.
Штораз мы абіраем той фармат інфармацыі, які найбольш падыходзіць для нашага канкрэтнага выпадку. Скажам, калі днямі я хацеў дазнацца, якое ў вас у Мінску надвор’е, мне хапіла зазірнуць на адзін з інтэрнет-сайтаў, грунтоўнае знаёмства з літаратурай па метэаралогіі ў гэтай аказіі было відавочна залішнім. Але калі вы хочаце вывучаць пэўную тэму паглыблена, без кніг вам аніяк не абысціся: менавіта яны ўтрымліваюць асноўны багаж ведаў чалавецтва. Уявіце сабе пушкініста, які даследуе пэўны перыяд творчасці вялікага паэта: як яму абысціся без чытання шматлікай навуковай літаратуры па гэтай праблематыцы, назапашанай яго папярэднікамі? Наўрад ці ён знойдзе ўсе патрэбныя крыніцы ў электронным выглядзе.
Ды, зрэшты, сітуацыя не зменіцца і калі яны ўжо будуць алічбаваны. Тут ёсць і яшчэ адзін немалаважны нюанс, які варта ўлічыць нават самым “маладым і порсткім”: знаходзіцца перад экранам манітора можна толькі пэўны абмежаваны час — іначай проста ўзнікнуць праблемы са зрокам. І наколькі б ні паляпшаліся якасныя характарыстыкі сучаснай тэхнікі, прынцыпова тую праблему не вырашыць. Кнігі ў гэтым сэнсе куды больш бяспечныя. І ўрэшце, улічыце адмысловую асалоду ад шаргацення папяровых старонак, якую ніяк не адчуеш падчас чытання з экрана.
— Значыць, кніга ўсё ж застанецца…
— Цалкам у гэтым упэўнены. Магчыма, удзельная вага, так бы мовіць, карыстальнікаў кнігамі істотна зменшыцца, мажліва, друкаванае слова стане здабыткам толькі элітарнай часткі чытацкай публікі. Але якім бы імклівым ні быў прагрэс, кніга ў тым разуменні слова, да якога мы прызвычаіліся, усё адно застанецца.
— Даўняя мара інтэлектуалаў — сабраць усе назапашаныя чалавецтвам веды ў адным месцы (згадайма Вавілонскую бібліятэку Борхеса). Ці не стануць рэвалюцыйныя зрухі ў бібліятэчнай справе, пра якія мы гутарым, ажыццяўленнем гэтай “ідэі фікс”?
— Чаму ж ідэя фікс? Такі праект абсалютна прыдатны да ўвасаблення ў жыццё, балазе, тэхнічныя сродкі гэта ўжо дазваляюць. Уявіце сабе: усе бібліятэкі свету алічбавалі свае фонды і былі знітаваны ў адной сетцы. Тады любы карыстальнік — які, можа, знаходзіцца і на Мадагаскары, і ў згаданай ужо вёсцы на Піншчыне — здолее лёгка атрымаць любую патрэбную інфармацыю з неабсяжнай скарбонкі чалавечых ведаў.
Уласна, гэта і стане ўвасабленнем мрояў Борхеса ды яго шматлікіх папярэднікаў. Праўда, без апісаных у навеле бясконцых кніжных паліц

Ілля СВІРЫН