У Празе і ў Кошыцэ

№ 25 (1048) 23.06.2012 - 29.06.2012 г

Айчынныя стужкі сталі прадметам увагі на кінафорумах у Чэхіі і Славакіі.

18 - 20 чэрвеня ў Празе праходзіў Фестываль сучаснага кіно краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Трохдзённая праграма кінафоруму была складзена з лепшых новых работ кінематаграфістаў Азербайджана, Беларусі, Казахстана і Расіі.

18 чэрвеня ў цэнтральным кінатэатры Прагі "Светазор" на суд чэшскага гледача былі прадстаўлены дзве карціны кінастудыі "Беларусьфільм": анімацыйны фільм "Казкі старога піяніна" рэжысёра Вольгі Чаркасавай і дакументальная карціна "Інакіня" Галіны Адамовіч.

У рамках мерапрыемства адбылося таксама выступленне чэшскага кінакрытыка Міры Хаўяравай, якая станоўча ахарактарызавала прадстаўленыя беларускія фільмы і ў цэлым узровень развіцця кіно ў нашай краіне, падзялілася яркімі ўражаннямі ад творчых сустрэч у Акадэміі мастацтваў і ад працы ў якасці члена журы кінафестывалю "Лістапад".

Крыху раней дзве дакументальныя стужкі, створаныя беларускімі кінематаграфістамі, атрымалі прэстыжныя ўзнагароды на XVIII Міжнародным фестывалі мясцовых тэлеканалаў, які з 12 па 16 чэрвеня праходзіў у славацкім Кошыцэ. Фільм Кацярыны Махавай "Званар" атрымаў Гран-пры фестывалю "Залаты жабрак", а карціна "Каўчэг Заіра Азгура" Андрэя Куцілы - спецыяльны дыплом журы. Усяго ў фестывалі ў Кошыцэ удзельнічалі фільмы і праграмы з 20 краін. Міжнароднае журы форуму ўзначальваў амерыканскі прадзюсар, рэжысёр І Джэй Баўмейстар.