Рашэнні для Крэва

№ 25 (1048) 23.06.2012 - 29.06.2012 г

Пытанні па кансервацыі Крэўскага замка сталі ключавымі ў час нарады з удзелам міністра культуры Рэспублікі Беларусь Паўла Латушкі, што днямі адбылася ў Смаргонскім раёне.

У прыватнасці, па выніках нарады ў мэтах выканання Дзяржаўнай праграмы "Замкі Беларусі" на 2012 - 2018 гг. прынята рашэнне паскорыць распрацоўку навукова-праектнай дакументацыі і вызначыць канкрэтны аб'ём ды тэрміны кансервацыі рэшткаў абарончых муроў і вежаў Крэўскай фартэцыі.

У бліжэйшы час мае распачацца падрыхтоўка праектных рашэнняў, якія дазволілі б як мага раней запусціць паэтапнае выкананне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ. Акрамя таго, пад час нарады былі абмеркаваны найбольш аптымальныя падыходы па кансервацыі фрагментаў замка, выяўлення яго архітэктурна-будаўнічых асаблівасцей, размяшчэння экспазіцыі.

У перспектыве помнік будзе не толькі закансерваваны, але і прыстасаваны для наведвання турыстамі. Для гэтага толькі сёлета, згодна з Дзяржаўнай праграмай "Замкі Беларусі", плануецца ажыццявіць фінансаванне работ на фрагментах замка на ўмовах роўнадолевага выдзялення сродкаў рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў у суме 1,2 мільярда рублёў.