Падзейны фон перад “Славянскім…”

№ 25 (1048) 23.06.2012 - 29.06.2012 г

“Славянскі базар у Віцебску” нездарма мае статус фестывалю мастацтваў: на ім прадстаўлена не толькі музыка, але і, фактычна, увесь спектр творчасці.

У тым ліку - дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Прынамсі, штогод у рамках "...Базару..." працуе "Горад майстроў", у якім традыцыйна прымаюць удзел рамеснікі з Беларусі, Украіны, Расіі. Да іх далучаюцца калегі з іншых краін. Вось і сёлета з 10 па 19 ліпеня на пляцоўцы побач з Канцэртнай залай "Віцебск" разгорнецца традыцыйны кірмаш. Аргкамітэт фестывалю заклікае зацікаўленых асоб загадзя парупіцца пра рэгістрацыю і дакументальнае афармленне ўдзелу. Абмежаванняў наконт асартыменту сувенірнай прадукцыі не прадугледжана - свабода творчасці застаецца прыярытэтам віцебскага фестывалю.

Фестываль яшчэ будзе, а Свята горада ў Віцебску ўжо ідзе. Адным з яго мерапрыемстваў стала прэзентацыя бібліятэк. Такім чынам спалучыліся Год кнігі і 1038-годдзе горада над Заходняй Дзвіной. 23 чэрвеня пешаходныя вуліцы абласнога цэнтра сталі Вуліцай ведаў і талентаў, дзе бібліятэкі горада будуць прадстаўлены інфармацыйнымі стэндамі.

Своеасаблівым падарункам гораду напярэдадні свята стаў пазітыўны зрух у справе даўно запланаванага ўзвядзення помніка князю Альгерду. Галоўны архітэктар Віцебска Віталь Дубік паведаміў, што адбудзецца тэндар на ўстаноўку манумента. Сам бронзавы помнік ужо адліты, пастамент - ёсць, і маецца дазвол на работу. Узводзіцца манумент славутаму князю на ахвяраванні грамадскасці, а таксама за пазабюджэтныя грошы.