Сенсацыі чэрвеня

№ 25 (1048) 23.06.2012 - 29.06.2012 г

Хады, дзігеры і дакладная вага знаходкі

/i/content/pi/cult/383/7570/1-2.jpegЯк вядома, лета - самы плённы час для археалагічных раскопак. Як ні дзіўна, не толькі для прафесійных гісторыкаў: інфармацыйныя агенцтвы на гэтым тыдні адзначыліся шматлікімі паведамленнямі пра выпадковыя знаходкі цікавых старадаўніх артэфактаў.

Так, у старажытным Свята-Успенскім мужчынскім манастыры ў Пустынках, што на Мсціслаўшчыне, будаўнікамі быў выяўлены падземны ход, які ў свой час ішоў ад сцен Мсціслаўскай царквы Святога Аляксандра Неўскага. На жаль, вялікая частка хода засыпана, і гэта перашкаджае выявіць даследчыкам яго працягласць. У той жа час, выяўлены ўчастак сведчыць: вышыня падземнага цаглянага аб'екта складае больш за два метры, што дазваляла перамяшчацца нават на кані.

Трэба нагадаць, што ў рамках рэалізацыі Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы з 2010 года актыўна рэстаўруецца Пакроўская царква з брацкім корпусам манастыра, а сродкі на гэта выдаткоўваюцца з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў. Так, летась ўмацавалі аконныя праёмы храма, падмурак.

Днямі, зноў-такі, будаўнікі дасталі з-пад зямлі старадаўні звон. Адбылося гэта ў сталіцы сёлетняга Дня беларускага пісьменства - Глыбокім. Як аказалася, звон выпадкова выявілі пры ўсталяванні апоры лініі электраперадачы на глыбіні каля метра непадалёк ад сцяны Троіцкага касцёла. Па словах настаяцеля прыхода Мечыслава Янчышына, гэты звон мае сярэдні памер і важыць каля 60 кілаграмаў. Акрамя таго, на яго паверхні можна прачытаць дату адліву - 1882 - ды надпіс на польскай мове, які сведчыць: аўтар гэтага звона - майстар з Варшавы Звалінскі. Як мяркуецца, пасля рэстаўрацыі госці Дня беларускага пісьменства пачуюць голас гэтага старадаўняга звона.

Нельга было не пацікавіцца ў даследчыкаў полацкай гісторыі і наконт апошняй сенсацыі - выяўленага старажытнага хода ў гістарычнай частцы гэтага горада. Нагадаем, у інтэрнэт-прасторы з'явілася інфармацыя пра тое, што ў Полацку мясцовым краязнаўцам пашанцавала

/i/content/pi/cult/383/7570/1-3.gif

 знайсці новы, пакуль яшчэ не вывучаны, участак полацкіх падзямелляў. Пры гэтым скляпенне, "дзверы" ў якое з'явіліся дзякуючы апоўзню, выявілася каля Сафійскага сабора.

Як кажуць спецыялісты, яшчэ на пачатку 90-х у Полацку з'явіліся першыя дзігеры. Наслухаўшыся легенд пра полацкія лабірынты (зафіксаваных, у тым ліку, Вацлавам Ластоўскім), адзін з такіх экстрэмалаў, прыкладам, адшукаў падземныя шляхі, аднак у выніку аказалася, што гэта - дрэнажная сістэма водаадводаў, зробленая базыльянамі пад час аднаўлення Сафійскага сабора і пабудовы кляштара ў XVIII ст. Да сённяшняга дня гэтая сістэма праходзіць па ўсім Верхнім замку і з двух бакоў выходзіць, адпаведна, у бок Палаты і Дзвіны. Думаецца, у будучым лёхі можна было б музеефікаваць, для чаго спачатку патрэбна іх грунтоўна даследаваць.


На здымках: знойдзены ў Глыбокім звон; фрагмент дрэнажных сістэм у гістарычнай частцы Полацка (здымак з архіва краязнаўцаў братоў Бухавецкіх).