Навацыі для спадкаемцаў Перамогі

№ 43 (809) 27.10.2007 - 02.11.2007 г

22 кастрычніка ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны прайшла канферэнцыя “Музей сёння і заўтра. Праблемы актуалізацыі гісторыка-культурнай спадчыны і пераемнасці гістарычнай памяці”. Яна прысвячалася 40-годдзю адкрыцця экспазіцыі музея ў будынку на Кастрычніцкай плошчы. На канферэнцыю былі запрошаны супрацоўнікі розных музеяў, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, выкладчыкі ВНУ і іншыя асобы.

 /i/content/pi/cult/134/756/Muzej.jpg
Намеснік дырэктара па навуцы Белдзяржмузея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Вячаслаў Казачонак азнаёміў прысутных з новай канцэпцыяй экспазіцыі.
Гэтую тэму развіла загадчык аддзела ваенна-франтавой гісторыі Святлана Язерская. Паводле яе слоў, перабудова закране ўсю сістэму экспазіцыі, але музей не будзе цалкам адмаўляцца ад храналагічнага прынцыпу падачы матэрыялаў, а спалучыць яго з музейна-вобразным падыходам. Навуковая канцэпцыя прадугледжвае пашырэнне часавых і тэматычных межаў экспазіцыі: яна ахопіць перыяд з 1930-ых гадоў да нашых дзён, адлюстраваўшы пераемнасць гераічных традыцый у сучасных Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь. Плануецца выкарыстоўваць гістарычныя рэканструкцыі, інтэрактыўныя элементы, мультымедыйныя тэхналогіі. У кожнай зале будуць усталяваны інфакіёскі. Аднак галоўнымі для ўспрыняцця павінны заставацца экспанаты ваенных гадоў — найперш асабістыя рэчы і зброя абаронцаў Радзімы, іх вобразы, праз якія перад наведвальнікамі раскрываецца ўнутраная сіла і духоўнасць гэтых людзей.
Свае меркаванні выказалі ганаровыя госці музея— ветэраны вайны Віктар Шомадзі і Леанід Арцішэўскі. У прыватнасці, В.Шомадзі прапанаваў паказаць, якую ролю ў абароне Айчыны адыгралі ўнутраныя войскі, пагранічнікі, Асобая ваенная акруга, і падарыў музею камплект ваенных карт Беларусі, дасланы яму з Масквы.
Як паведаміла вучоны сакратар музея Галіна Бабусенка, адна з галоўных выставак наступнага года будзе называцца “Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь на сучасным этапе”. Яна рыхтуецца пры садзейнічанні Міністэрства абароны РБ.Яшчэ пра некаторыя плануемыя новаўводзіны ў будучай экспазіцыі распавялі вядучы навуковы супрацоўнік аддзела ваенна-франтавой гісторыі Святлана Северына і малодшыя навуковыя супрацоўнікі аддзела гісторыі партызанскага руху Марыя Гарэлікава і Кацярына Сакаловіч.
На канферэнцыю быў запрошаны загадчык філіяла “5-ты форт” Мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” Аляксей Міцюкоў. Ён паведаміў, што ў Брэсцкай крэпасці зараз таксама вядзецца рээкспазіцыя. Перабудаваны 8 залаў, на чарзе яшчэ 2. Пастаўлена задача стварэння новай пастаяннай экспазіцыі і ў 5-ым форце.Плануецца, што ў 4 - х залах будзе паказана гісторыя развіцця фартыфікацыі са старажытных часоў, а таксама выканана гістарычная рэканструкцыя казарменнага побыту. У 5-ым форце ўжо дзейнічае канферэнц-зала з новым аўдыёвідэаабсталяваннем. Гэты філіял наведваюць каля 2000 тысяч чалавек у год, на яго базе ладзяцца “зарніцы”, ваенна-ролевыя гульні, прысвечаныя абароне Брэсцкай крэпасці і вызваленню Брэста ў 1944 г.
І апошняе. “Культура” не раз пісала пра адзіны ў Беларусі самалёт “ЛІ-2”, які стаіць на пляцоўцы ваеннай тэхнікі Белдзяржмузея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Дырэктар музея Сяргей Азаронак спадзяецца надаць яму пасля рэстаўрацыі інтэрактыўную ролю, каб наведвальнікі маглі забрацца ў кабіну пілота і прымерыць шлемафон, а найбольш жвавыя — нават скокнуць з парашутам. Даследаваннямі унікальнага самалёта займаюцца выкладчыкі ваеннага факультэта Мінскага дзяржаўнага вышэйшага авіяцыйнага каледжа — маёр Дзмітрый Дзьякаў і падпалкоўнік Сяргей Ціхан. Ім удалося высветліць серыйны нумар дадзенага “ЛІ— 2”, а дзякуючы гэтаму - і ўсю яго гісторыю, пачынаючы ад выпуску да апошняга самастойнага пералёту ў Мінск з Ленінграда ў сярэдзіне 1970-ых.Як ацэньваюць спецыялісты, самалёт захаваўся нядрэнна. Спатрэбіцца замяніць унутраную абшыўку, ашкленне, прывесці ў дзейны стан кабіну экіпажа. З гэтымі задачамі могуць справіцца выкладчыкі і навучэнцы авіяцыйнага каледжа.
Ужо цяпер, як кажа дырэктар музея і галоўны ініцыятар усіх навацый Сяргей Азаронак, наведвальнікам прапануецца пасядзець у доце, сфатаграфавацца побач з гарматай — удзельніцай штурму Берліна, распісацца на “сцяне Рэйхстага”. Галоўнае, як любіць казаць Сяргей Іванавіч, — каб кожны, хто прыйдзе сюды, адчуў сябе спадкаемцам Вялікай Перамогі.

Святлана ІШЧАНКА