Анегін зусім не вінаваты!

№ 25 (1048) 23.06.2012 - 29.06.2012 г

Ці ёсць эфект ад “канструктара” ідэй?

/i/content/pi/cult/383/7557/2-1.jpeg

“Яўгеній Анегін” П.Чайкоўскага — ізноў на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі. Прэм’ера! Тыя, хто чакае прынцыпова новага “перачытання” класікі, будуць расчараваны: спектакль шмат у чым паўтарае ранейшыя дэкарацыі ды мізансцэны, хаця пастаноўшчыкі і настойваюць, што гэта не аднаўленне ці “рэстаўрацыя”, а нешта папраўдзе новае. Але скіраванае не на разбурэнне кампазітарскай задумы, як гэта бывае з авангарднымі ці постмадэрнісцкімі пастаноўкамі, а — на максімальна дакладнае ўвасабленне, найперш — партытуры.

З партытурай усё насамрэч не проста добра - цудоўна! Аляксандр Анісімаў, нібыта прынцыпова забыўшыся на яркую сцэнічнасць сваёй дырыжорскай постаці, якую ён дэманструе ў філарманічных канцэртах, намагаўся сысці ў цень, прапусціўшы наперад адно музыку ў надзвычай стыльным выкананні. Удалося не паўтарыць, а стварыць, не парушыўшы пры гэтым ні звыклых тэмпаў, ні характару гучання - наадварот, зрабіўшы традыцыйнае папраўдзе дасканалым. Аркестр уявіўся камандай аднадумцаў, дзякуючы якой уласцівыя П.Чайкоўскаму "перакідванні" падгалоскаў ад аднаго інструмента да іншага ўспрымаліся непарыўнай выразнай лініяй, а не ламанымі, нервовымі зігзагамі. Гэткім жа зладжаным калектывам паўстаў хор, увасабляючы і сялян, і гасцей.

На першым жа плане апынуліся салісты. Цяперашняя пастаноўка вывела на авансцэну не толькі такіх прызнаных выканаўцаў, як Настасся Масквіна і Уладзімір Пятроў (можна сказаць, класічныя Таццяна і Анегін), - яна дала магчымасць заявіць пра сябе маладым выканаўцам. У партыі Вольгі на прагоне спектакля і ў Нясвіжы выступіла нават стажор тэатра - Наталля Салавей. Першую прэм'еру даверылі спяваць маладому Аляксею Мікуцелю (Ленскі), які ў свой час папросту скарыў сваім Ізмаілам у "Набука" Дж.Вердзі. У выніку кожны з паказаў "Яўгенія Анегіна" атрымаўся зусім іншым - не толькі паводле вакальных даных артыстаў, але і паводле псіхалагічнага прачытання паводзін герояў.

У час другога па ліку прэм'ернага спектакля цэнтральнай парай сталіся Вольга з Ленскім. І справа не толькі ў тым, што спявалі яны на найвышэйшым сусветным узроўні: з зачараванасцю меладыйнымі выгінамі, выразнай фразіроўкай, змястоўным напаўненнем кожнага слова. Аксана Волкава зрабіла Вольгу надзвычай прыцягальнай: зусім не легкадумнай какеткай, а шчырай, жывой, надзеленай уменнем радавацца жыццю і заставацца самой сабой, не падпарадкоўваючыся прыхамацям іншых. Юрый Гарадзецкі ж, наадварот, убачыў Ленскага вельмі супярэчлівым: гэткім меланхалічным халерыкам, паэтычнасць натуры якога спалучаецца з унутранай няўпэўненасцю, што пры кожным нездзяйсненні жаданняў "капрызнага дзіцяці" выліваецца ў неўтаймоўныя прыступы злосці на ўвесь свет. Тая ваяўнічасць героя (дастаткова толькі ўзгадаць, з якой непахіснасцю ён крочыць насустрач Анегіну ў сцэне дуэлі) - усяго толькі спосаб прыхаваць сваю нерашучасць. Ваганні ад любові да нянавісці хутка мінаюць, ды пакідаюць непапраўнае - смерць героя.

Прычым Анегін у ёй - зусім не вінаваты! Прымаючы выклік, ён заступаецца за гонар Вольгі, якую Ленскі не на жарт абражае і прылюдна ад яе адмаўляецца (менавіта так гучыць ягонае "Бывай назаўжды": не развітаннем у прадчуванні хуткай пагібелі, а разрывам усякіх адносін з каханай). Потым - спазняецца на дуэль. Не для таго, каб вывесці Ленскага з душэўнай раўнавагі, а, магчыма, у тайнай надзеі, што "праціўнік" папросту не дачакаецца - і сітуацыя вырашыцца сама па сабе. Нарэшце, ён не толькі не цэліцца, узняўшы пісталет, - ён увогуле не глядзіць у бок Ленскага, а робіць стрэл, можна сказаць, у паветра: з-за спіны, абы-куды. Таму і бяжыць да свайго сябра, не паверыўшы, што той забіты. Але ж нездарма кажуць: "Куля - дура...".

Уладзімір Громаў настолькі ўжыўся ў свайго Анегіна, што нават некаторая стомленасць у голасе адпавядала стану героя, стомленага жыццём. І толькі ў шостай карціне, зноў сустрэўшы Таццяну, пачуваў сябе "ўваскрэшаным". А што ж яна? Гледзячы на Алену Золаву, так і хацелася паўтарыць следам за Няняй (Марына Аксёнцава): "Што, Таня, што з табой?". Бо гераіня паўставала то неўраўнаважаным падлеткам, то халоднай, напышлівай прыгажуняй, то ледзь не істэрычкай, але ні пры якіх змяненнях у характары і жыцці не здраджвала густым блакітным ценям-"ліхтарам" ля вачэй і... дырыжору, аддаючы перавагу яму, а не Анегіну. Такая інтэрпрэтацыя вобраза - таксама магчымая! Але яна, як і многія іншыя дэталі пастаноўкі, павінна быць па-рэжысёрску апраўдана.

У тэатры магчыма ўсё! Ленскі можа быць утрая вышэйшым за Анегіна, а Трыке - як камічным, так і спрэс трагічным персанажам, нават крыху ніякаватым. Галоўнае - апраўдаць, растлумачыць такую расстаноўку сіл, даказаць, што менавіта яна патрэбна для ўвасаблення рэжысёрскай задумы. І ў гэтым сэнсе тэатр зрабіў далёка не лепшы "падарунак" Аляксандру Прахарэнку, які сёлета заканчвае навучанне ў класе рэжысуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, прапанаваўшы "Яўгенія Анегіна". Пасля безлічы пастановак гэтай оперы ва ўсім свеце вельмі цяжка выпрацаваць сваё ўласнае бачанне - ды яшчэ ўвасобіць яго, захоўваючы многія старыя мізансцэны і акцёрскія індывідуальнасці. Таму акцёрскі ансамбль, у адрозненне ад зладжаных вакальных, на якія так багата гэтая опера, атрымаўся надта рознастылёвым. Тая ж Вольга існуе ў такім модным сёння "суперрэалізму", заграбаючы лыжкай у рот варэнне. А Таццяна - нібыта не ў тэатральнай прасторы, а на канцэртнай сцэне, паўтараючы многія "завучаныя там" рухі. Спектакль атрымліваецца гэткім "канструктарам" розных ідэй, пазычаных з іншых пастановак. Ён тым і цікавы! Але калі кожны з артыстаў імкнецца прыўнесці штосьці сваё, усё ж вельмі важна знайсці агульную канцэпцыю, якая гэта аб'яднае.

У ролі такой канцэпцыі, падобна на тое, была вылучана сцэнаграфія Дзмітрыя Мохава, "перанесеная" з колішняй пастаноўкі ў духу 1950-х, але - з рэалізацыяй усяго таго, што раней ажыццявіць не ўдалося. Сапраўды, мастак не змяніў сваіх ранейшых пазіцый, імкнуўшыся зрабіць спектакль, па яго словах, "цалкам прытрымліваючыся класічнага варыянту сцэнаграфіі". У спектаклі сапраўды шмат святла, цеплыні, па-новаму ўспрымаецца супрацьстаўленне двух баляў: местачковага, у маёнтку Ларыных, і пецярбургскага, дзе зусім іншая "мода". Але пры такім падыходзе, калі даўно знаёмае ўзбагачаецца новымі дэталямі, увага яшчэ больш засяроджваецца на салістах! Значыць, у іх ёсць цудоўная магчымасць рэалізаваць усё, на што яны здольныя. І сваёй шчырасцю вымусіць гледача наноў перажыць (а не проста паглядзець) "энцыклапедыю" кахання і расстання.

На здымку: сцэна са спектакля (Аляксей Мікуцель - Ленскі; Аксана Волкава - Вольга).

 

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"