АВАНТУРНЫ ГЕНІЙ ГЕНІНА

№ 24 (1047) 16.06.2012 - 23.06.2012 г

Дык пашанцавала ці не мастаку з Высокага?

 

(Заканчэнне. Пачатак у №№ 21 - 23.)

/i/content/pi/cult/382/7553/2-2.jpeg...Амаль два гады Генін распрацоўваў эскізы і кардоны фрэскі "Збор ураджаю ў СССР" у двухпакаёвай кватэры ў маскоўскім Вішнякоўскім завулку. Працаваў па 10 - 12 гадзін у суткі, нягледзячы на боль у хворай назе, якая не згіналася. Усе, хто бачыў гэтую падрыхтоўчую работу (мастакі М.Чарнышоў, І.Мазель, М.Налева, А.Магілеўскі, А.Ціхаміраў), у адзін голас пацвердзілі, што твор у выніку можа атрымацца выдатным: і па ідэальна спаянай кампазіцыі, і па колеры пяшчотна-ружаватых, халаднавата-зеленаватых, блакітных, залацістых і вішнёвых тонаў, і па вобразах шасціметровых фігур шчаслівых калгаснікаў, якія трымаюць у паднятых руках снапы і плады...

А.Магілеўскі ўспамінае:
"...Генін працаваў з захапленнем, можна сказаць, у экстазе. Кожная фігура перапрацоўвалася па 10 - 15 разоў, пакуль мастак не знаходзіў яе поўнасцю скончанай... Бясконцая колькасць папяровых эскізаў была раскідана па падлозе; тут жа, на сталах і падаконніках, валяліся кучы пастэльных крэйдаў, якія ён папрывозіў з-за мяжы. Яму прыносіла задавальненне нядбайна прайсціся нагамі па накідах і чарнавых эскізах: яны прымалі, на яго погляд, "паціну часу" і тым самым абагульняліся. Гэта было, мабыць, самым шчаслівым перыядам ягонага прабывання ў Маскве, бо потым, калі фрэска была выканана на франтоне, з ёй адбылося здарэнне амаль незвычайнае ў практыцы фрэскіста: мастацкі савет яе не прыняў і велізарная праца на рыштаваннях, цягам лета, была перакрыта вапнавым растворам..." Захаваўся алоўкавы малюнак А.Магілеўскага, дзе Генін адлюстраваны ў працэсе работы над кардонам.

Дык што ж здарылася? Чаму Савет, нягледзячы на бясспрэчна высокія мастацкія якасці фрэскі, яе не зацвердзіў, хаця ўся кампазіцыя ўжо была перанесена з кардонаў на сцяну франтона павільёна? А тут прыйшлі таварышы ў фуражках з сінімі аколышкамі ў форме НКУС і фрэску Геніна закітавалі вапнавым растворам... Цяпер цяжка сказаць, хто менавіта з Наркамата земляробства вырашыў павільён "Саўгасы" перарабіць пад павільён "Зерне", а значыць, адпаведна гэтаму змяніць і тэму фрэскі. Невядома, ці было прапанавана Геніну зрабіць новую фрэску, але тут здарылася наступнае. Справа ў тым, што кіраўнікі Наркамата земляробства і начальнікі будаўніцтва выстаўкі аказаліся... ворагамі народа. Наркам земляробства і куратар выстаўкі Міхаіл Чарноў 7 лістапада 1937 года быў арыштаваны па справе "антысавецкага праватрацкісцкага блока" і вясной 1938-га - расстраляны. Замест яго наркамам прызначылі Роберта Эйхе, якога праз год напаткала трагічная доля свайго папярэдніка. Галоўны архітэктар выстаўкі Вячаслаў Алтаржэўскі таксама быў арыштаваны. Але яму "пашанцавала": яго адправілі ў ГУЛАГ Варкуты, і ўсе яго збудаванні, у тым ліку і павільён, падлягалі поўнай пераробцы. Праўда, Алтаржэўскага ўжо ў 1943 г. вызвалілі (такія архітэктары на піку вайны былі неабходныя краіне), і ён вярнуўся да прафесійнай дзейнасці. Дарэчы, потым, пасля вайны, майстар спраектаваў маскоўскую гасцініцу "Украіна".../i/content/pi/cult/382/7553/2-1.jpeg

Канешне, Генін зламаўся, хаця яму вельмі пашанцавала: яго не кранулі органы НК, і ён, наіўны, яшчэ спадзяваўся, што яго фрэску ўсё ж пакажуць, калі канчаткова аформяць усю плошчу перад будынкам выстаўкі. І вось тут у мяне ўзнікае пытанне: чаму Геніна мінула "чаша сия" і ён не трапіў пад "чырвонае махавое кола" рэпрэсій? Для гэтага ж былі ўсе перадумовы: эмігрант, меў за мяжой маёмасць, сяброў, сярод якіх, канешне ж, былі і тыя, хто да савецкай улады ставіўся негатыўна; доўга жыў у Германіі, якая, праўда, у 38-м яшчэ была ў "сяброўскіх адносінах" з СССР, але фінал гэтага "сяброўства" быў для ўсіх відавочны... Словам, адказу на такое пытанне ў мяне няма. А Магілеўскі ў сваіх успамінах гэтую тэму асцярожна абыходзіць...

Летам 1939 года Генін з'язджае на адпачынак у горад Таруса на дачу Магілеўскіх. Сам Магілеўскі так апісвае тагачасны стан Геніна: "У душэўным акружэнні ён ачуняў і пераконваў нас, што не кіне, пры ўсіх акалічнасцях, свой любімы занятак - працу ў манументальным жывапісе... Чалавек ён быў мужны і вельмі настойлівы, асабліва, калі гэта датычылася мастацтва..."

1 жніўня 1939-га Сельскагаспадарчая выстаўка адкрылася без фрэсак Геніна. Дарэчы, пасля вайны павільён быў знесены і на яго месцы пабудавалі іншы. У тым жа 1939-м у Геніна пачаліся праблемы і з жыллём. Да гэтага ён марнеў у Замаскварэччы ў маленькім цёмным завулку. І раптам аказаўся... бяздомным! Спачатку Сакратарыят МОССХа даў яму васьміметровы пакой на Маслаўцы, а праз паўгода, без усякіх тлумачэнняў, адабраў яго на карысць нейкага таварыша Тараканава. Бяздомнага Геніна прытуліў мастак Марк Налева - стары сябра яшчэ па Монпарнасе пачатку 1910-х. Налева ўсе гэтыя гады пакутаваў ад незажылай раны на назе, атрыманай у баі пад Вердэнам, дзе мастак ваяваў у французскай арміі, і таму зараз жыў адзін у пакоі вялікай камунальнай кватэры ў доме па Газетным завулку, побач з вуліцай Горкага, насупраць Цэнтральнага тэлеграфа. І таму Генін быў для яго нейкім светлым прамянём у шэрым быцці. Хаця абодвум, з іх хворымі нагамі, было цяжка падымацца ў пакой па аднамаршавай крутой металічнай лесвіцы. Пасля смерці Марка ў 1940 годзе Генін працягваў жыць у ягоным пакоі, потым змяніў яго на іншы, але ў тым жа доме, дзе суседам аказаўся таксама знаёмы мастак - С.Нікрыцін.

А тут пачалося будаўніцтва будынка "ўсіх часоў і народаў" - Палаца Саветаў. І архітэктар Б.Іафан запрасіў Геніна прыняць удзел у распрацоўцы манументальных эскізаў роспісаў для гэтага "восьмага цуду свету" - на месцы ўзарванага храма Хрыста Збавіцеля. Акрылены такой прапановай, мастак натхнёна працаваў у раёне Чырвонай Прэсні ў будынку былой царквы разам з Ф.Федароўскім, Я.Лансерэ і П.Корыным. Цэлымі днямі ён рысаваў, кампанаваў эскізы, часам у натуральную велічыню, рабіў каляровыя кардоны для будучых кампазіцый "Збор ураджаю", "Шахцёры", "Самалётабудаўнікі". І больш за тое: пісаў тэарэтычныя артыкулы пра задачы, якія стаяць перад мастакамі-манументалістамі - удзельнікамі такога грандыёзнага праекта. Адзін з такіх артыкулаў - пад назвай "Насценны жывапіс і яго тэхніка"  - з'явіўся ў часопісе "Архитектура СССР" № 6 у 1939 годзе. Але да таго часу, як на месцы фундамента так і не пабудаванага 420-метровага Палаца напрыканцы 1958 года з'явіўся басейн "Масква", Генін не дажыў. У 1990-я тут паўстаў адбудаваны наноў храм Хрыста Збавіцеля.

...На пачатку вайны Генін страціў сваё жыллё ў Газетным завулку (дом падлягаў зносу), і тады адзін з галоўных савецкіх архітэктараў Барыс Іафан прадаставіў яму два пакойчыкі на пятым паверсе дома ў Саймонаўскім завулку, супраць таго месца, дзе будаваўся Палац Саветаў. Але ўсё гэта мастака ўжо мала радавала. Вайна выбіла яго з раўнавагі. Трывожныя звесткі з франтоў прыводзілі Геніна ў стан хвалявання, неспакою. Дапамагаў морфій. Стаў ужываць яго амаль штодзённа. Дзе ён толькі яго даставаў? Словам, Генін не ведаў, што рабіць і куды сябе дзець як інваліду. Хацеў пайсці ў апалчэнне - не ўзялі. А тут пачалася эвакуацыя дзяржаўных устаноў, у тым ліку персаналу Палаца Саветаў. Але Генін і тут аказаўся непатрэбны: у ліку эвакуіраваных не значыўся... Яшчэ вясной 1941-га сям'я Магілеўскіх зняла дачную кватэру ў Загорску. Часам туды прыязджаў і Генін і нават зняў побач пакойчык. А калі вайна наблізілася да Масквы, Роберт Львовіч у Загорску не застаўся і вярнуўся ў сталіцу, каб быць побач з яе абаронцамі. А мо проста шукаў сабе хутчэйшую смерць? Ну а што было далей, я ўжо расказаў у пачатку curriculum vitae  - жыццяпісу - Роберта Львовіча Геніна.

А яшчэ вельмі шкада, што практычна нічога з даваеннай манументальнай спадчыны мастака савецкага перыяду не захавалася. Зніклі ўсе работы, якія былі ў ягонай майстэрні. А ў выстаўках са станковымі творамі ён не ўдзельнічаў, прытым, што за апошнія чатыры перадваенныя гады толькі ў Маскве іх прайшло звыш ста. І нават у сакавіку 1939-га прапусціў такую грандыёзную выстаўку з 1015 творамі, як "Індустрыя сацыялізму", у якой удзельнічала ажно 479 савецкіх мастакоў, бо ўсе сілы, вопыт і веды гэты абвостраны індывідуаліст Генін аддаваў у СССР толькі манументальнай творчасці, як бы забыўшыся на тое, што ён быў ад прыроды бліскучым жывапісцам, гравёрам і ілюстратарам... Дык што засталося ад гэтай высакароднай аддачы на карысць Краіны Саветаў? Поўнае забыццё...

Астатнія творы Геніна дасавецкага перыяду былі раскіданы па прыватных калекцыях свету: ад Германіі, Францыі, Швейцарыі, Галандыі да ЗША. Праўда, адзін нямецкі мастацтвазнаўца - Ральф Энтш - здолеў сабраць частку твораў Геніна і ўпершыню пасля вайны прадставіць іх у Германіі на трох выстаўках 1970-х гадоў. А вось каля 20 работ, якія не так даўно набыў адзін з буйных беларускіх банкаў, вярнуліся на радзіму Геніна і будуць хутка экспанавацца на выстаўцы мастакоў "Парыжскай школы" ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

У заключэнне хачу выказаць шчырую ўдзячнасць пецярбуржцу Аляксею Радзівонаву, бо менавіта ён, па сутнасці, першым адкрыў для нас, сучаснікаў, імя генія Геніна. І без яго даследаванняў, заснаваных на дакументах ды ўспамінах сяброў мастака, не было б і майго дадзенага артыкула.

 

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"