Графічныя легенды

№ 24 (1047) 16.06.2012 - 23.06.2012 г

Сімвалізм постмадэрна ад Юліяна Йорданова

/i/content/pi/cult/382/7550/2-2.jpgДа 23 чэрвеня ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва працуе выстаўка аднаго з лідараў сучаснай еўрапейскай графікі - Юліяна Йорданова з Балгарыі.

Юліян Йорданоў - асоба не выпадковая ў свеце графікі. Цяжка знайсці прыхільніка гэтага віду выяўленчага мастацтва, які не быў бы знаёмы з яго работамі. Апантаная адданасць прафесіі, творчы педантызм і ўпартасць прынеслі яму сусветнае прызнанне, якое неаднойчы пацвярджалі шматлікія прызы і адзнакі міжнародных конкурсаў у розных краінах свету.

Экспрэсіўная дэфармацыя і смелыя ракурсы сталі адметнымі характарыстыкамі ў творчасці Юліяна Йорданова. Беручы за аснову элементы старадаўняй архітэктуры і ўводзячы /i/content/pi/cult/382/7550/2-3.jpgархеалагічныя архетыпы, мастак - міліметр за міліметрам - выбудоўвае сваю асабістую рэальнасць. Прастора праламляецца і час замірае ў графічных творах, якія літаральна захопліваюць гледача ў палон праз адвольныя перацяканні аўтарскіх трансфармацый матываў готыкі, барока, сэцэсіі і сюррэалізму. "Заўсёды адчуваю вялікае задавальненне, калі магу ўзнавіць глыбіню прасторы", - прызнаецца творца.

Пластычнае рашэнне кампазіцый - гэта заўжды ўдала знойдзены баланс магутных мас і далікатна прапрацаваных дэталей. Мастак віртуозна гуляе формамі, ператварае адны рэчы ў іншыя, трансфармуе чалавечыя целы ў элементы архітэктуры, замыкае ў новыя складаныя формы. Экспрэсіўна схопленая ідэя праходзіць шматлікія наслаенні і дэтальна распрацоўваецца. Па меркаванні мастака, "...графіка патрабуе шмат сіл, цярпення і часу. У адрозненне ад жывапісу ды малюнка, дзе вы можаце лёгка і хутка выпраўляць памылкі, у друкаванай графіцы гэта цяжка і часта немагчыма: яна вымагае дысцыпліны і поўнай канцэнтрацыі на працэсе...".

Многія работы Юліяна Йорданова маюць сваёй асновай здабыткі культуры сусветнага выяўленчага мастацтва, грэчаскую міфалогію, балканскі эпас. Але мастак надбудоўвае свае ўласныя артэфакты, знаходзіць кожны раз новыя рашэнні, камбінуючы рэалістычную выяву з фармальнай кампазіцыйнай пабудовай. Аўтар не абмяжоўвае сябе ў выбары дакладнай стылістычнай манеры - тут ёсць павевы сюррэалізму, фантастычнага рэалізму, неаготыкі, фэнтазі, - але буйны рэтраспектыўны прагляд, магчымасць якога дала экспазіцыя ў музеі, што ўключыла ў сябе 175 твораў, схіляе да ўжывання тэрміну "постмадэрнавы сімвалізм".

На выстаўцы паказаны шырокі дыяпазон графічных тэхнік: вольныя малюнкі вялікіх памераў, графічныя аркушы ў тэхніках літаграфіі і афорта  ўтварылі экспазіцыю вялікай залы, а прастора галерэі ўверсе прадставіла цыклы экслібрысаў аўтара, створаныя ў розныя гады. Мастак пакінуў у дар музею 20 афортаў, якія зоймуць пачэснае месца ў калекцыі.

Ганна ЦІХАНАВА, куратар выстаўкі, загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела Музея сучаснага выяўленчага мастацтва