Сакрэт Аліўе

№ 24 (1047) 16.06.2012 - 23.06.2012 г

Бестсэлер — у чырвоных тонах

/i/content/pi/cult/382/7549/1-5.jpegФранцузскі ілюстратар Аліўе ТАЛЕК завітаў у Мінск, дзякуючы супрацоўніцтву Пасольства Францыі ў Беларусі з адным з расійскіх выдавецкіх дамоў. Цягам апошніх трох гадоў выдавецтва ўдзельнічала ў Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы, прапаноўваючы літаратуру для дзяцей і падлеткаў, а сёлета — запрасіла з візітам у сталіцу Беларусі Аліўе Талека — мастака-ілюстратара той самай вядомай серыі пра маленькую дзяўчынку і ейнага сабачку “Рыта і Гэты, як яго...”, казкі “Вялікі і маленькі воўк”, “міжнароднага бестсэлера” “Трэба было б”… Дадамо, што кнігі з ілюстрацыямі Талека, адзначаныя ўзнагародамі, перакладзены на 15 моў свету.

Карэспандэнту “К” пад час кароткага, але насычанага візіту госця ўдалося распытаць месье Талека, як жа “нарадзілася” славутая дзяўчынка Рыта і чаму мастак не пагадзіўся б зрабіць ілюстрацыі да “Папялушкі”.

- Месье Талек, не магу не пацікавіцца вашымі ўражаннямі ад сустрэч у Мінску. Ведаю, што пад час візіту вы далі некалькі майстар-класаў.

- Колькі гадзін таму я быў на сустрэчы - майстар-класам гэта ніяк не назавеш - з дзеткамі з парушэннем слыху (Аліўе наведаў спецыяльную школу № 14 для дзяцей з парушэннем слыху. - Д.А.). Я распавёў ім пра тое, чым займаюся, а далей мы разам малявалі. І я быў вельмі ўражаны тым, якія цудоўныя работы атрымліваюцца ў хлопчыкаў і дзяўчынак, колькі ў іх фантазіі ды таленту. Таксама мяне прыемна здзівілі і навучэнцы вашага мастацкага каледжа (гаворка - пра Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А.Глебава. - Д.А.). Прызнацца, падобнай цікавасці да самавыяўлення праз малюнак я не бачыў у Францыі, дзе мне неаднойчы даводзілася выступаць перад рознымі групамі.

- Якімі прынцыпамі кіруецеся пад час працы над кнігамі? Галоўная іх аўдыторыя - дзеці, моладзь, якія патрабуюць шчырасці і адкрытасці...

- Звычайна, беручыся за працу, не кіруюся пэўнымі правіламі. Мяне захапляе гісторыя, персанаж - вось і сакрэт. Можна сказаць, я малюю для сябе. Ведаю, што не адзін такі "эгаіст" у гэтай справе: чуў ад майго калегі, як ён казаў, што таксама атрымлівае асалоду ад самога працэсу стварэння герояў, карцінкі больш, чым ад усведамлення таго, хто ў далейшым будзе глядзець яго творы. Вось такі парадокс!

- На інтэрнэт-форумах вас называюць адным з мастакоў, чые творы - непараўнальна светлыя, аптымістычныя, яны паляпшаюць настрой і выклікаюць усмешку...

- Безумоўна, ілюстрацыя - адлюстраванне характару, унутранага стану мастака, люстэрка, у якім бачна душа творцы. І тут ніяк не схлусіць, што мне падабаецца свет, поўны колераў і радасці адкрыцця. Што /i/content/pi/cult/382/7549/1-6.gifда гумару... У дачыненні да размовы з дзецьмі, мне падаецца, гумар мусіць быць... абсурдным. Бо тонкая іронія больш уласціва дарослым, а вясёлыя ілюстрацыі падабаюцца дзецям.

- Цікава, як нарадзілася дзяўчынка Рыта з серыі "Рыта і Гэты, як яго..." - персанаж, што паланіў самыя розныя кантыненты?

- Мы ўжо даўно знаёмыя з пісьменнікам Жан-Філіпам Ара-Вігна - аўтарам, у тым ліку, і гэтай серыі; я неаднойчы выступаў ілюстратарам твораў майго сябра. Але самае цікавае, што Рыта і ейны флегматычны сабачка сталіся маёй прапановай. Неяк мы сустрэліся з Жан-Філіпам і я паказаў яму гэтых герояў: маўляў, магчыма, ты можаш прыдумаць гісторыю пра іхняе сяброўства? І Жан-Філіп пагадзіўся. У выніку нарадзіўся першы твор, другі, а потым - і серыя пра прыгоды Рыты ды яе гадаванца.

- Наколькі ваш прыклад супрацоўніцтва тыповы для літаратурных праектаў Францыі?

- Нетыповы. Можна сказаць, "нараджэнне" Рыты стала выключэннем з правілаў. Звычайна ў такой справе рэй вядзе выдавец: менавіта ён звяртаецца да ілюстратара з просьбай зрабіць малюнкі да тэксту. У парадку рэчаў, што ілюстратар і аўтар тэкста могуць увогуле не ведаць адзін аднаго. Выдавец прымае работу, робіць заўвагі, - і ілюстратар мусіць ім падпарадкоўвацца. А ўжо потым выдавец прапаноўвае гатовыя малюнкі аўтару: альбо ён пагаджаецца, альбо ідзе да іншага выдаўца. Урэшце, я магу выбіраць фармат кнігі, у мяне ёсць права разбіваць тэкст так, як мне бачыцца, каб выданне выглядала выйгрышна.

- Наколькі ў вашай краіне сёння запатрабавана прафесія ілюстратара?/i/content/pi/cult/382/7549/1-4.jpeg

- Сярод ілюстратараў няшмат людзей, якія жывуць выключна гэтай справай. У апошнія гады ў Францыі назіраецца выбух цікавасці да дзіцячай літаратуры, таму ў дадзеным кірунку на нас ёсць попыт, а вось у іншых... У той жа прэсе пазіцыі маляванай ілюстрацыі пасунула фатаграфія. Сыходзіць у нябыт і арт-афіша. Засталося няшмат: коміксы ды дзіцячая літаратура.

- Месье Талек, я ведаю, што, нягледзячы на падобнае становішча спраў на рынку, вы дазваляеце сабе адмаўляцца ад тых прапаноў, якія вам не па гусце...

- Так, я трымаюся той пазіцыі, што гісторыя, якую ілюструю, не павінна хлусіць.

- А ці пагадзіліся б вы зрабіць ілюстрацыі да славутай "Папялушкі" Шарля Перо?

- Складана, канешне. Але калі б мне далі свабоду інтэрпрэтацыі казкі, магчыма, і пагадзіўся б. Тэкст я змяніць не магу, але змясціць Папялушку ў сучасныя ўмовы - цалкам у маіх магчымасцях. Але, ведаеце, калі ўяўляю сабе Фею, чамусьці бачу ружовы колер, а гэта не мой фаварыт. Таму, напэўна, адмовіўся б.

- А які колер ваш любімы?

- Чырвоны. У гэтым плане - ілюстрацыі класічнай казкі - я з задавальненнем узяўся б за "Чырвоны Каптурык". Так і бачу яе "кропелькі" чырвонага каптурыка на белым аркушы...

На ілюстрацыях: кніжная графіка Аліўе Талека.

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"