Мая камандзіроўка… праз год, або Тэндэнцыі — да эксклюзіўнасці

№ 24 (1047) 16.06.2012 - 23.06.2012 г

Сёлетні фестываль “Звіняць цымбалы і гармонік” па ліку дваццаць трэці, а ў статусе міжнароднага — пятнаццаты. Стартаваў ён у 1989 годзе ў Віцебску. Некаторы час фестываль “кватараваў” у Магілёве, а потым пераехаў у Паставы — гэта стала для яго другім (і сапраўдным!) нараджэннем. Справа ў тым, што жыхары вялікіх гарадоў, як мне мяркуецца, — носьбіты культуры, у значнай ступені касмапалітычнай і ўніфікаванай, а ў мястэчках ды малых гарадах, такіх, як Паставы, людзі бліжэй да зямлі, а значыць — і да народжанага гэтай зямлёй мастацтва. Карацей кажучы, фэсту ў Паставах утульна. 23 гады — дастатковы час, каб сфаміравалася рэжысура фестывалю. Але змяняецца склад удзельнікаў, адпаведна — рэпертуар, і, што надзвычай прыемна, павялічваецца колькасць гледачоў. Цяпер жа ўсё больш гасцей прыязджае ў Паставы з іншых рэгіёнаў спецыяльна на фестываль. А паглядзець гэтым разам, як і заўсёды, было на што. У фестывалі прымалі ўдзел вядучыя аматарскія калектывы з усіх рэгіёнаў і сталіцы Беларусі, самадзейныя артысты з замежжа: з Украіны, Расіі, Казахстана, Латвіі, Літвы, Эcтоніі.

/i/content/pi/cult/382/7548/1-2.jpgБылі і прафесійныя калектывы. У першы дзень на плошчы выступаў Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя І.Жыновіча пад кіраўніцтвам Міхаіла Казінца (ён жа - старшыня журы фестывалю), Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Г.Цітовіча (кіраўнік - Міхаіл Дрынеўскі) і ансамбль Віцебскай філармоніі "Талака" на чале з Мікалаем Падалякам. Наступным днём адбылася лабараторыя: майстар-клас ігры на гармоніку і дыятанічных цымбалах у Пастаўскай ДШМ. Апошняй, дарэчы, днямі прысвоена імя Антонія Тызенгаўза, і з гэтай нагоды ў прысутнасці ўдзельнікаў ды гасцей фестывалю на будынку школы была ўрачыста адкрыта памятная шыльда з выявай мецэната. Потым адбылася галоўная падзея фестывалю - конкурс калектываў і асобных выканаўцаў пад назвай "Хто каго?" - ды канцэрт класічнай музыкі ў выкананні Мінскага струннага квартэта на пляцоўцы перад палацам Тызенгаўза. Увечары на плошчы - канцэрт "Званы над Мядзелкай". Гэта быў сумесны праект аркестра імя Жыновіча і ансамбля званароў Мінскай епархіі. Потым на сцэну падняліся артысты Літоўскага дзяржаўнага ансамбля песні і танца "Lietuva". Скончыўся ж фестывальны дзень дыскатэкай з гуртом "Дразды". У апошні дзень фэсту прайшоў канцэрт Мінскага квартэта ў мясцовым касцёле і гала-канцэрт у парку, па заканчэнні якога адбылося афіцыйнае ўшанаванне ўдзельнікаў.

Усе канцэрты мелі аншлаг. А, бадай, самай папулярнай асобай на фестывалі быў першы сакратар Пасольства Венесуэлы ў Беларусі Херарда Эстрада Марцінэс - музыкант, дырыжор, кампазітар. Публіка была ў захапленні ад ягонага выканання на скрыпцы народнай музыкі Венесуэлы.

Фестываль стаў прыкладам гарманічнага спалучэння аматарскай творчасці і прафесійнага мастацтва на глебе культурных традыцый. Прынамсі, так яго ўспрымае публіка. А яшчэ гэта сумоўе людзей, занепакоеных лёсам традыцыйнай культуры. ...

...Кіраўнік ансамбля "Lietuva" - сябра журы фестывалю Робертас Кацінскас паведаміў карэспандэнту "К", што ў яго краіне, дзе народная творчасць лічылася нацыянальным брэндам, існуюць праблемы, нават з папаўненнем складу калектыву. У навучальных установах культурнай сферы Літвы народнаму танцу не вучаць - толькі класічнаму. І калі дыпламаваны танцор трапляе ў ансамбль "Lietuva", яго трэба перавучваць. А ці ж самадзейнасць не з'яўляецца кадравым рэзервам прафесійнага мастацтва? "Не, не той узровень",- адказаў спадар Кацінскас./i/content/pi/cult/382/7548/1-4.jpg

Таксама пытанне: аматары або прафесіяналы артысты такіх ансамбляў, як, да прыкладу, "Сябрына", "Шчодрыца", "Гарадоцкія музыкі", "Магілёўцы", "Кросны", ды іншых калектываў, што сарвалі апладысменты на сёлетнім фэсце? Калі бачыш іх на сцэне, дык гэтае, мабыць, важнае для спецыялістаў пытанне цябе як гледача абсалютна не хвалюе.

Вельмі важна, каб пасля фестывалю ў горадзе заставалася не толькі станоўчая духоўная атмасфера, але і матэрыяльныя знакі, - гэтая думка належыць старшыні аргкамітэта фэсту, намесніку міністра культуры Тадэушу Стружэцкаму. Гэтым разам да фестывалю горад упрыгожылі скульптурныя кампазіцыі з каменя, якія зрабілі студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Кіраваў творчай брыгадай Аляксандр Фінскі. Скульптуры ўстаноўлены каля дзіцячай школы мастацтваў і ўжо сталі мясцовай славутасцю.

Мабыць, самае яскравае ўражанне ад фестывалю - дзеці. На сцэне  - артысты, у глядзельнай зале пад адкрытым небам - гледачы, а на свабоднай прасторы паміж сцэнай і "залай" дзеткі гуляюць, танцуюць, можна сказаць, святкуюць свабоду творчасці. Так было на канцэртах і на плошчы, і ў гарадскім парку. Асабліва запомніўся на гала-канцэрце маленькі хлопчык у вышыванай беларускай кашулі і саламяным капелюшы з кветкамі ў руках: на сцэне была ягоная мама, і калі выступленне скончылася, ён пабег да яе, каб тыя кветкі ўручыць. У непасрэднасці гэтай праявы эмоцый было нешта такое, што адлюстроўвае змест і характар дадзенага свята...

Да фестывалю быў прымеркаваны Міжнародны інвестыцыйны форум. У памяшканні Гарадскога дома культуры прайшла выстаўка, дзе прадставілі ўсё, чым багатая Пастаўшчына: ад прадуктаў харчавання да кампанентаў электроннай прадукцыі "Гарызонта". Я не эканаміст, і мне цяжка разважаць, які ад гэтай імпрэзы будзе плён. Але каб я быў інвестарам і меў грошы, дык звярнуў бы ўвагу на тое, што горад праводзіць мерапрыемствы міжнароднага маштабу, але дагэтуль не мае прыстойнай гасцініцы... Зрэшты, я разумею, што на ўсё патрэбны час.

У фестывальнай праграме, конкурсных выступленнях і канцэртах прымалі ўдзел каля трыццаці аматарскіх і прафесійных калектываў ды асобныя выканаўцы. У намінацыі "Дзіцячая творчасць" дыпломам Першай ступені адзначаны Уладзіслаў Гаглашвілі (балалайка) з Маладзечна, Лізавета Крыгер (дудка) з Дзяржынска і ансамбль "Званочкі" з Варапаева. Сярод дуэтаў дыпломы такой жа вартасці атрымалі Ванда Мацкевіч (цымбалы) і Анатоль Собаль (гармонік) з Паставаў, нашы казахскія госці Аманбай і Рустамбек Малдыбаевы (домбра), бандурысты Аксана Буднік і Дзмітрый Лук'яненка (Кіеў). Дыплом Першай ступені - у ансамбляў "Сябрына" і "Спадчына" (Беларусь) "Аўкштайцыя" (Літва), "Мальвы" (Украіна). Спецыяльныя дыпломы аркамітэта фестывалю - у Херарда Эстрада Марцінэса (Венесуэла), Святланы Нігурэнка (Кіеў) і Міхаіла Сіняка (Мінск). Спецыяльны дыплом імя Уладзіміра Грома - у Сяргея Ярука з Маладзечаншчыны. Сярод лаўрэатаў - і ансамбль "Lietuva". Але, трэба дадаць, у нейкай форме быў ушанаваны кожны ўдзельнік фестывалю.

На маю просьбу падзяліцца ўражаннямі пра фестываль старшыня журы Міхаіл Казінец сказаў наступнае:

- Новым на гэтым фестывалі было тое, што ў складзе журы ўпершыню прысутнічалі прадстаўнікі замежжа, якое прынята называць далёкім. Кшыштаф Гансёрак, старшыня Польскага акадэмічнага фальклорнага аб'яднання, прапанаваў, каб на конкурсе выканаўцы не карысталіся нотамі, бо ноты - атрыбут акадэмізму, а гэта не надта пасуе фэсту народнай музыкі. Праўда, такіх выканаўцаў аказалася няшмат. Прапанову Гансёрака мы мяркуем унесці ў статут фестывалю. Калі згадаць, з чаго фестываль пачынаўся, і тое, што мы маем цяпер, дык відавочна, што з года ў год расце выканальніцкае майстэрства ўдзельнікаў. Даволі высокі агульны ўзровень. Выразна адчуваюцца рэгіянальныя асаблівасці і ў падборы рэпертуару, і ў манеры. Мабыць, сёння ў Беларусі няма самадзейнасці, як яе разумелі
ў 1960-я - 1970-я гады. Аматарскія ансамблі, прынамсі, тыя, што мы бачым на фестывалях, на 90 працэнтаў складаюцца з прафесійных музыкантаў. Скажам, дыпламаваны музыкант выкладае ў ДШМ і адначасова грае ў гурце пры гэтай школе. Слова "самадзейнасць" я ўвогуле вывеў бы з абароту.

Фестываль народнай музыкі "Звіняць цымбалы і гармонік" праходзіў 8 - 10 чэрвеня, з пятніцы па нядзелю. Прапанову паехаць у камандзіроўку на выхадныя я ўспрыняў без захаплення. Але ж ці ведае чалавек, дзе згубіць, а дзе знойдзе? Да гэтых трох дзён Паставы рыхтуюцца цягам года і яшчэ столькі ж іх абмяркоўваюць. Тое, што я адчуваў на фестывалі ў Паставах, можна ў эмацыйным сэнсе параўнаць з прысутнасцю на стадыёне "Дынама" ў той момант, калі "Батэ" забівае гол "Мілану". Гэта атмасфера радасці, якая яднае мясцовых людзей і гасцей...

/i/content/pi/cult/382/7548/1-6.jpgЛюбаншчына: статус каштоўнасці

Знак у гонар ямінскіх бабуль

У вёсцы Ямінск Любанскага раёна адкрылі ахоўную дошку: традыцыйнаму спеўнаму стылю населенага пункта нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі. Носьбіт стылю — калектыў “Журавушка”.

Ён створаны ў 1974-м Надзеяй Новікавай. На жаль, таленавітая жанчына, што была доўгі час мастацкім кіраўніком. не так даўно пайшла з жыцця… Сёння калектывам кіруе Алена Хадароўская.У гурце спяваюць таксама Алена Чудакоўская, Марыя Прушак, Ніна Вішчэня, Зінаіда Раманчук, Ніна Гук, Тамара Прушак. А ў рэпертуары — больш за трыста мясцовых песень, якія ўдзельніцы перанялі і запомнілі ад сваіх прабабуль. Сярод іх існуе цэлы пласт гасцявых. Што ж да спеўнага стылю ямінцаў, то ён адрозніваецца і па гучанні, і па меладычным строі як адзін з найстаражытных у рэспубліцы.

Праз год я папрашуся ў гэтую камандзіроўку сам.

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск - Паставы - Мінск

Фота аўтара

 

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"