А сёння надзвычай запатрабаванымі ў свеце сталі адмысловыя праграмы для мабільных тэлефонаў. Дзякуючы ім можна без праблем знайсці той або іншы будынак, аб'ект турыстычнай інфраструктуры, словам, усё, што адлюстравана на адпаведнай віртуальнай карце. Першай ластаўкай для нашай краіны ў гэтым кірунку стала стварэнне праграмы для смартфонаў на базе платформы Android для пошуку варыянтаў загараднага адпачынку ў Беларусі. Дзякуючы ноу-хау можна выбраць найбольш блізкую ці, скажам, танную аграсядзібу: праграма пакажа кошт і апісанне аб'екта, а калі смартфон падтрымлівае яшчэ і функцыю навігатара, то аўтаматычна пазначыць самы кароткі шлях да яго. Пры гэтым для патэнцыйнага турыста знікае неабходнасць праводзіць доўгія пошукі жылля ў Інтэрнэце або ў буклетах ці каталогах, дзе інфармацыя вельмі хутка старэе.
Зразумела, для турыста важна не толькі мець дах над галавой ды смачную ежу, але і ўзбагачаць сябе новымі ўражаннямі, набываць памятныя сувеніры. Усё гэта, безумоўна, могуць прапанаваць установы культуры нашай краіны - музеі, бібліятэкі, дамы рамёстваў, аддзелы культуры, - якія курыруюць правядзенне фестываляў ды народных святаў. Але ці прадстаўлены яны ў гэтай мабільнай праграме ці аналагічнай ёй?
Па словах стваральніка бясплатнай праграмы для смартфонаў, кіраўніка буйнога турыстычнага партала Андрэя Барашкі, праект толькі набірае абароты: ён пакуль змяшчае ўсяго каля 200 аграсядзіб і яшчэ не ахоплівае ўсю краіну цалкам. Разам з тым, суразмоўца падтрымаў нашу ідэю "прывязкі" аб'ектаў матэрыяльнай і нематэрыяльнай спадчыны, а таксама ўстаноў культуры да вясковых сядзіб, дамоў адпачынку, санаторыяў. Чым не "прынада" для турыстаў? Тым больш, такая праца ўжо не першы месяц вядзецца на ягоным сайце, дзе вылучана асобная рубрыка "Скарбніца Беларусі": там прадстаўлены цікавыя мясціны краіны. А перспектыва пашырэння праграмы для смартфонаў за кошт устаноў культуры будзе залежаць ад папулярнасці навінкі і водгукаў яе карыстальнікаў.
Аднак, як вядома, пад ляжачы камень вада не цячэ, а таму і самі ўстановы культуры мусяць больш актыўна праяўляць ініцыятыву ды абазначаць сваё месцазнаходжанне з дапамогай сучасных інфармацыйных тэхналогій. Зрэшты, лішніх выдаткаў тое не запатрабуе. Дык якой думкі на гэты конт прытрымліваюцца самі работнікі культуры? Мы запыталіся ў некаторых з іх, наколькі гэтая праблема для іх актуальная. І што наогул робіцца для годнага пазіцыянавання мясцовых устаноў культуры?
Дырэктар Гарадоцкага дома рамёстваў і фальклору Васіль Сіманковіч адзначыў, што яго ўстанову ведаюць не толькі ў вобласці, але і ва ўсёй краіне. У першую чаргу, гэта заслуга плённага супрацоўніцтва з прыватнымі турфірмамі, якія вялікімі групамі "пастаўляюць" Дому рамёстваў і фальклору прыхільнікаў традыцый. Да таго ж, ва ўстанове вялікая праца вядзецца па прыцягненні адзіночных і сямейных турыстаў, у тым ліку тых, хто знаходзіцца на адпачынку ў аграсядзібах. Для гэтага ствараецца змястоўны сайт, дзе можна будзе не толькі даведацца пра кантактныя даныя, але і ўбачыць на відэароліках, да прыкладу, фрагменты майстар-класаў па народных промыслах.
Мае сваё прадстаўніцтва ў Інтэрнэце і Нясвіжская раённая бібліятэка, праўда, пакуль, па словах яе дырэктара Людмілы Вітко, патрабуецца раскрутка самога сайта, які распачаў сваю працу літаральна месяц таму. Па словах Людмілы Іванаўны, у будучым на базе сайта будзе створана адмысловая "прамая лінія" з чытачамі. Не абмінаюць сёння гэтую ўстанову Культурнай сталіцы Беларусі-2012 і турысты, якіх найперш цікавіць гісторыя будынка бібліятэкі, а таксама - доступ у Інтэрнэт.
Пакуль не маюць асобнага сайта ўстановы культуры Мсціслаўскага райвыканкама. Тым не менш, не першы год адбываецца плённае супрацоўніцтва мясцовага аддзела культуры з аграсядзібамі. Па словах начальніка аддзела культуры Наталлі Біскуп, народныя музычныя калектывы часта завітваюць да турыстаў з культурнай праграмай, якая ўключае гульнявую частку. Акрамя таго, на сайце Мсціслаўскага райвыканкама можна знайсці турыстычны каляндар, распрацаваны з удзелам аддзела культуры. Ён утрымлівае інфармацыю пра час правядзення народных абрадаў.
Мусіць, чытачы заўважылі, што адказы на наша пытанне наконт уключэння ўстаноў культуры ў мабільныя дадаткі ды картаграфічныя праграмы "завісла" ў паветры. Але ж падобны, пакуль нескарыстаны, спосаб раскруткі аб'ектаў сярод найбольш мабільнай часткі тураўдыторыі, якая сёння актыўна ўжывае тыя ж смартфоны, навігатары, мог бы стаць дадатковай прынадай для гасцей. "Ды яны і сапраўды прасунутыя!" - падумае такі турыст і зазірне ў раённы музей ці ў дом рамёстваў па дарозе да аграсядзібы...
А якія ўстановы культуры вашага рэгіёна маглі б трапіць у падобную праграму для мабільных тэлефонаў? Пішыце
на адрас: 220013, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 77 або kultura@tut.by, тэлефануйце
ў рэдакцыю па нумары 8-017-334-57-23, абмяркоўвайце тэму
на www.facebook.com/kimpressby!
Нам важная менавіта ваша думка!