Пяць гадоў без бібліятэкі, або Ці далёка да фінальнай кропкі ў Крупках?

№ 24 (1047) 16.06.2012 - 23.06.2012 г

Рамонтная эпапея працягваецца: мо самы час звярнуцца да спонсара?

Культура і інвестар: грані сацыяльнага партнёрства

Мінулым разам у Крупках Мінскай вобласці пабываў яшчэ на пачатку 2009 года. Гаворка ў тым, трохгадовай даўніны, артыкуле датычылася ў асноўным рамонтных работ на двух аб'ектах райцэнтра: гарадскіх бібліятэцы і Доме культуры. І калі адно пытанне аддзелу культуры Крупскага райвыканкама ўдалося вырашыць - галоўная ўстанова культуры паспяхова адкрыла свае дзверы для наведвальнікаў яшчэ летам 2010-га, - дык улазіны для ЦРБ у райцэнтры пакуль што не зладзілі.

Шмат пытанняў ёсць не толькі па матэрыяльна-тэхнічнай базе ўстаноў культуры Крупак, але і па развіцці сферы ў раёне. Вырашыць іх можна, у тым ліку, і з дапамогай наладжанага дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Праца гэтая ў Крупскім раёне вядзецца цягам некалькіх апошніх гадоў, і мясцовыя культработнікі могуць пахваліцца шэрагам удалых праектаў, здзейсненых агульнымі намаганнямі. Але сацыяльнае партнёрства толькі пачынае ўкараняцца ў раёне: нават апякунскага савета пры аддзеле культуры мясцовага райвыканкама пакуль што няма. Словам, для далейшай працы ёсць яшчэ шмат нявыкарыстаных магчымасцей.

У кніжным палоне

Але напачатку - пра самую балючую культурную праблему Крупак: "суіснаванне" дзвюх гарадскіх бібліятэчных устаноў у адным непрыстасаваным будынку.

Прыход у Крупскую дзіцячую раённую бібліятэку, дзе цягам ужо пяці гадоў "кватаруе" і ЦРБ, стаўся для мяне сапраўдным дэжавю: усё гэтак жа мясцовыя бібліятэкары працуюць сярод кніжных стэлажоў, а не ў асобных памяшканнях, усё так жа пакутуюць дарослыя і дзеці ад малой колькасці патрэбных кніг ды энцыклапедычных выданняў, а будынак дзіцячай бібліятэкі ч/i/content/pi/cult/382/7546/1-1.jpgакае-не дачакаецца рамонту... Карацей, сітуацыя з 2009 года ніяк не змянілася.

А між тым, на той праблемны артыкул "К" абласныя ўлады адрэагавалі досыць хутка. Упраўленне культуры Мінскага аблвыканкама ў адказ на публікацыю накіравала ў рэдакцыю ліст, дзе значылася: неабходныя сродкі на рамонт ГДК - выдаткаваны, а для бібліятэкі знойдзены новы будынак, што перададзены на баланс аддзела культуры Крупскага райвыканкама.

З Домам культуры ўсё зразумела: рамонт скончаны, і ўстанова цяпер паспяхова выконвае ўсе свае сацыяльныя функцыі. Але чаму ЦРБ так пакуль і месціцца ў старым будынку?

Па словах начальніка аддзела культуры Крупскага райвыканкама Таццяны Мельнік, рамонт перададзенага пад бібліятэку будынка замарудзіўся з-за доўгай працы над праектна-каштарыснай дакументацыяй.

- Пад час распрацоўкі ПКД нам хацелася ўлічыць усе нюансы і патрабаванні для раённай бібліятэкі, - адзначыла Таццяна Мельнік. - Цяпер усе перадрамонтныя работы скончаны, праектная дакументацыі аплачана (для гэтага было выкарыстана больш за 130 мільёнаў рублёў) і спадзяёмся, што ў хуткім часе бібліятэкары змогуць пераехаць у новы будынак...

- Бібліятэку ў Крупках чакаюць усе жыхары, - падключаецца да размовы намеснік старшыні Крупскага райвыканкама па сацыяльных пытаннях і ідэалагічнай рабоце Алена Бялькова. - Мы ўжо атрымалі з абласнога бюджэту 400 мільёнаў рублёў на пачатак рамонтных работ, і з мая на аб'екце культуры працуюць будаўнікі. Калі грошы асвоім, магчыма, у другім паўгоддзі нам будуць выдаткаваны дадатковыя сродкі пад гэты аб'ект культуры...

Як адзначыла Алена Бялькова, некаторыя раённыя арганізацыі прапанавалі зладзіць суботнік на аб'екце.

Зразумела, не мог не наведаць будоўлю. Вялікі бібліятэчны дом, які месціцца ў цэнтры горада каля ГДК і ў якім плануецца размясціць Цэнтральную раённую бібліятэку Крупак, быў поўны будаўнікамі. Хочацца спадзявацца, што іхняя праца не спыніцца і патрэбнае фінансаванне з абласнога бюджэту на завяршэнне ўсіх неабходных рамонтных работ будзе атрымана. А "К", са свайго боку, абавязкова прадоўжыць адсочваць сітуацыю з рамонтнай эпапеяй у Крупках.

Дыскаклуб з "бясплатнай" кавай

У пошуку "крэатыву" крупскіх культработнікаў наведаў некалькі паселішчаў раёна. І пра адзін прыклад /i/content/pi/cult/382/7546/1-4.jpgпаспяховай дзейнасці хачу сказаць асобна. Гаворка - аб працы Крупскага сельскага дома культуры.

Вёска Крупкі, што месціцца кіламетраў за сем ад райцэнтра, нават не з'яўляецца аграгарадком, таму ў мясцовым СДК не надта добрая матэрыяльна-тэхнічная база: неабходны рамонт будынка ўстановы культуры, новая гукаўзмацняльная і светлавая апаратура... Але слабая "ўзброенасць" не перашкаджае наладжанай рабоце мясцовых культработнікаў.

Працуюць тут, без перабольшання, апантаныя людзі, і дзякуючы іхняй дзейнасці гадавы план платных паслуг амаль выкананы... яшчэ за першыя пяць месяцаў бягучага года. Справа ў тым, што культработнікі не цураюцца ісці насустрач пажаданням мясцовай моладзі і прадастаўляюць у сваім Доме культуры такія паслугі, якія не могуць аказваць іхнія калегі з іншых СДК раёна.

Напрыклад, дзякуючы таму, што суботняя дыскатэка ў Крупскім СДК доўжыцца ажно да 3-й гадзіны ночы (дазвол на гэта ўдалося атрымаць дзякуючы падтрымцы мясцовага райвыканкама), тут збіраюць выручку ў 700 - 800 тысяч рублёў за адзін суботні дыскатэчны вечар. Цікава, што ў кошт білета ("вагою" ў пяць тысяч рублёў) уваходзяць бясплатныя кава-чай, якія прапануюць усім ахвотным у асобным памяшканні - міні-кафэ або, як кажуць супрацоўнікі СДК, дыскаклубе. Таксама пад час дыскатэкі можна бясплатна пагуляць у шахматы ці настольны тэніс, а таксама праверыць свае вакальныя даныя з дапамогай караоке. Усе гэтыя "дадатковыя" паслугі карыстаюцца вялікім попытам, і таму, па словах дырэктара СДК Антаніны Драніца, штосуботу сюды прыязджае ўсё больш і больш людзей з наваколля.

Прычым дбаюць у СДК не толькі пра заробкі ды платныя паслугі, а і пра ўсе іншыя кірункі дзейнасці. Таму тут працуюць не адно шматлікія гурткі, але і два калектывы са званнямі: народны ансамбль народнай песні "Крупчанка" і ўзорны дзіцячы фальклорны калектыў "Крупчаняты", якія неаднойчы станавіліся пераможцамі раённых ды абласных фестываляў.

Што да дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва, дык і яно ў Крупскім СДК наладжана на даволі высокім узроўні. Напрыклад, мясцовыя гаспадарка і прыватнікі пастаянна дапамагаюць кіраўніцтву Дома культуры ў яго памкненнях зрабіць культурныя мерапрыемствы цікавымі ды запамінальнымі, прычым - не толькі на словах, але і канкрэтнымі рэальнымі справамі: набыццём светлавой апаратуры, тэхнічнага абсталявання, сродкамі на закупку прызоў і каштоўных падарункаў ды многім іншым.

А перспектыўных планаў і крэатыўных ідэй у мясцовых культработнікаў вельмі шмат. Так, па словах дырэктара Крупскага СДК Антаніны Драніца, з цягам часу яны плануюць зладзіць пенную дыскатэку. І, канешне ж, адна з асноўных задумак - за кошт паспяховага выканання плана платных паслуг зрабіць рамонт у будынку СДК.

Не сумняваюся, што ў крэатыўных культработнікаў усё атрымаецца, бо цягам шматлікіх выездаў у рэгіёны Беларусі такіх апантаных ды ахвочых да сваёй справы супрацоўнікаў вясковага клуба, шчыра прызнаюся, яшчэ не бачыў. Але вось пытанне: чаму многія іншыя ўстановы ў сельскай мясцовасці такія нецікавыя і дзейнічаюць, нібыта па ўзоры? Усё таму, заўважыла мастацкі кіраўнік Крупскага СДК Алена Жызнеўская, што там, магчыма, проста не хочуць крэатыўна працаваць і думаць. Цалкам пагаджаюся. Адвечная песня пра тое, што "ў нас усё, як і ўсюды" і пра "няма грошай", ужо сапраўды надакучыла. А вось выйсці за межы звыклага і абкатанага, накшталт свята вёскі, могуць далёка не ўсе. Ды і ці хочуць?

"Жывы" пляж

/i/content/pi/cult/382/7546/1-3.jpgПад час паездкі па Крупскім раёне давялося бачыць многія прыклады сацыяльнага партнёрства. Найперш - у райцэнтры. Да слова, цяпер завяршаюцца рамонтныя работы ў памяшканнях мясцовай музычнай школы, якая пераехала на трэці паверх будынка Дома быту. А пад час нядаўняга святкавання пяцідзесяцігоддзя ДМШ шматлікія прадпрыемствы горада ўручылі ўстанове адукацыі каштоўныя падарункі ды значныя грашовыя сродкі. Яшчэ прыклад: у аддзеле культуры маюць добрыя стасункі з кіраўніцтвам мясцовай газакампрэсарнай станцыі, якое выдаткоўвае фінансавыя сродкі на закупку прызоў пры правядзенні мерапрыемстваў і на новыя камплекты касцюмаў для калектываў ГДК.

Няблага працуюць са спонсарамі і ў раёне. У аграгарадку "Замкі", дзе таксама пабываў цягам камандзіроўкі, мясцовае ААТ "Кляновічы" ўклала шмат фінансавых сродкаў у рамонт СДК. Спонсарская падтрымка, па словах начальніка аддзела культуры Крупскага райвыканкама Таццяны Мельнік, доўжылася цягам некалькіх гадоў, і цяпер матэрыяльна-тэхнічная база сельскай установы культуры - адна з найлепшых у раёне. Таму ў Замках даволі часта ладзяцца не толькі шматлікія раённыя, а і абласныя мерапрыемствы.

Прычым, як пераканаўся на свае вочы, культработнікі з аграгарадка не спачываюць на лаўрах, а актыўна працуюць над тым, каб заставацца ў лідарах культурнага абслугоўвання насельніцтва і да сённяшняга дня. Так, адзін з прыкладаў іх паспяховай ды крэатыўнай дзейнасці - выезд з апаратурай на бераг возера, дзе любяць адпачываць як крупчане, так і шматлікія госці з усіх куткоў Беларусі. Мабільнасць культработнікаў дасягаецца з дапамогай генератара, які, як распавёў мастацкі кіраўнік установы Ігар Сініцын, набыты таксама за кошт пазабюджэтных сродкаў. Цікавая і арыгінальная музычна-забаўляльная праграма прываблівае шматлікіх "пляжнікаў": амаль кожны з іх жадае патанчыць пад "жывую" музыку і паўдзельнічаць у разнастайных цікавых конкурсах. Зразумела, не бясплатна. Гэта, натуральна, значна паляпшае баланс плана платных паслуг установы культуры.

Яшчэ адзін цікавы прыклад узаемадзеяння са спонсарамі маюць у раённым Доме рамёстваў, што месціцца ў Крупках-2. Па словах дырэктара ўстановы Таццяны Сухаплюевай, дапамогу ім аказвае дырэктар мясцовага філіяла Валожынскага льнокамбіната: без ягонай спонсарска-мецэнацкай падтрымкі льняныя вырабы мясцовых майстроў каштавалі б нашмат даражэй. Кіраўніцтва ўстановы мае добрыя кантакты з іншымі дырэктарамі раённых дамоў рамёстваў літаральна па ўсёй Беларусі, таму з набыццём шматлікіх матэрыялаў для гуртковай працы тут праблем не маюць, а зрэдку нават атрымліваюць матэрыялы для сваіх работ цалкам на бясплатнай аснове, прычым не толькі саломку або лён, але і драўляныя вырабы: стэлажы, рамкі ды многае іншае.

Як адзначыла намеснік старшыні райвыканкама Алена Бялькова, - дзяржаўна-прыватнае супрацоўніцтва - адзін з найпрыярытэтных кірункаў работы для супрацоўнікаў усёй сацыяльнай сферы, у тым ліку, натуральна, і культработнікаў.

- Раён наш мае ў гэтым плане вялікі патэнцыял, - пераканана суразмоўца "К", - бо для ўмацавання базы тых жа ўстаноў культуры нам проста неабходна мецэнацтва. Пэўныя напрацоўкі сапраўды маем: да прыкладу, ладзім гала-канцэрты і конкурсы мастацкай самадзейнасці сярод прадпрыемстваў, сельгасарганізацый, якія, натуральна, з'яўляюцца нашымі сацыяльнамі партнёрамі. Але гэтае дзяржаўна-прыватнае супрацоўніцтва ў раёне толькі пачынаецца і сістэмнага характару, на жаль, пакуль не мае. Таму будзем абавязкова працягваць гэтую працу і надалей...

Дывідэнды ад падобнай дзейнасці - навідавоку: паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў, павелічэнне цікавасці да мясцовых мерапрыемстваў, правядзенне з дапамогай спонсараў не толькі рэгіянальных, але і абласных акцый ды фестываляў, што, безумоўна, павысіць імідж Крупак сярод іншых райцэнтраў Міншчыны. Але ці будуць выкананы названыя задачы - пакажа час.

І яшчэ адна прапанова адносна пачатковай - бібліятэчнай - тэмы артыкула. Правесці суботнік у бібліятэчным будынку - рэч, несумненна, неабходная. Але ці варта гэтым абмяжоўвацца? Магчыма, хутчэйшаму пераезду бібліятэкараў у новы будынак паспрыялі б не толькі дадатковыя сродкі ўпраўлення культуры аблвыканкама, але і спонсарская падтрымка мясцовых бізнесменаў. Натуральна, прыцягнуць значныя фінансы пад гэты праект наўрад ці атрымаецца, але ж паспрабаваць варта. Іначай, чаго не бывае, пяцігадовы "юбілей" суіснавання дзвюх бібліятэк у адным будынку зацягнецца яшчэ на няпэўны час. Планы ж, датычныя рамонту дзіцячай бібліятэкі, у такім выпадку, увогуле застануцца толькі на паперы...

Галерэя спонсараў ад “К”

Каб аграсядзіба запрацавала

/i/content/pi/cult/382/7546/1-2.jpgЗ мясцовым прадпрымальнікам Васілём БАРАВУЛЕМ аддзел культуры, як прызналася яго начальнік Таццяна Мельнік, толькі пачаў працаваць. Але надзеі на плённую сумесную дзейнасць — вялікія. Тым больш, цікавых планаў ды праектаў як у культработнікаў раёна, так і ў бізнесмена хапае.

— Васіль Адамавіч, як мне зазначылі ў аддзеле культуры, ваша прадпрыемства выдаткавала значную суму грошай на падарункі ўдзельнікам фестывалю “Крупскія зорачкі”…

— Пачну здалёк. Справа ў тым, што сам я па адукацыі — гісторык. І многія прыклады з мінулага запэўніваюць мяне: менталітэт нашага народа, асабліва за апошняе стагоддзе, — гэта не прадукт сённяшняга дня. На жаль, шмат у чым мы ператварыліся ў Іванаў без роду і племені. І калі сёння кажам, што трэба падымаць культуру, мову, дык, на мой погляд, гэтыя рэчы павінны ісці побач з эканомікай, паралельна з ёй. З іншага боку, і бізнесмены не павінны, зарабіўшы грошы, забывацца на тое, хто яны і адкуль, забываць пра свае карані.

— Але якім чынам паяднаць культуру і бізнес?

— Усё вельмі проста: без культуры бізнес таксама не зможа зарабляць. Але тут, на маю думку, трэба шукаць падыходы да кожнага бізнесмена, бо не ўсе змогуць ці захочуць аказваць дапамогу Дому культуры або бібліятэцы. Асабістыя кантакты, як я лічу, тут вельмі важныя, бо такія стасункі паміж бізнесам і сферай культуры цяжка рэгламентаваць, уціснуць у нейкія рамкі ці законы. З іншага боку, я часта бываю за мяжой, і бачу, як там наладжана супрацоўніцтва паміж прыватнікам і той жа дзяржавай. Вось толькі адзін прыклад, што называецца, “з жыцця”. У Германіі гасцяваў у знаёмага бізнесмена, які мае аграсядзібу. Будынак драўлянай хаты — вельмі стары, а на зямельным участку стаяць межавыя слупы яшчэ 300-гадовай даўніны! Дык вось, паводле заканадаўства, мой сябра не мае права парушыць стары будынак. Немец гэты будынак захоўвае, як і тыя межавыя знакі на ўскрайку ўчастка, а за гэта дзяржава выдаткоўвае яму пэўную суму грошай. Хаця ўсім зразумела, што, пабудаваўшы на гэтым месцы сучасную ферму, і дзяржава, і прыватнік атрымалі б больш карысці ад падобнай дзейнасці.

— Наколькі ведаю, у вас таксама ёсць аграсядзіба, і менавіта на яе базе плануецца ладзіць сумесныя мерапрыемствы з аддзелам культуры…

— Так, пэўныя задумкі ёсць. У вёсцы, дзе я нарадзіўся, застаецца, на жаль, усё менш людзей. Я пачаў з таго, што сабраў у наваколлі шмат старадаўніх рэчаў, маю цяпер там, фактычна, невялічкі этнаграфічны музей. З цягам часу планую пабудаваць невялічкую гасцініцу для адпачынку. Хаця пакуль існуюць тут пэўныя фінансавыя пытанні. Але, думаю, паступова іх вырашу. Дык вось, пасля завяршэння будоўлі ў вёсцы планую прымаць замежных турыстаў, ладзіць цікавыя фальклорныя праграмы, натуральна, з дапамогай культработнікаў. Без гэтага не абысціся, бо яны цікавыя для ўсіх, і гэта тое, чым беларусы могуць прывабіць еўрапейцаў. Тады і наша супрацоўніцтва з аддзелам культуры выйдзе на якасна новы ўзровень. А ў тым, што так і будзе, я не сумняваюся…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"