“Гоцаца” з імпэтам

№ 24 (1047) 16.06.2012 - 23.06.2012 г

У Слонімскім драматычным тэатры адбылася прэм’ера новага спектакля “Вось табе і гоцаца!” па п’есах У.Галубка “Пісаравы імяніны” і А.Чужыніна “Пярэстая красуля”, пастаўленага галоўным рэжысёрам тэатра Васілём Сяўцом.

/i/content/pi/cult/382/7541/1-4.gifКалі Уладзіслаў Галубок і яго п'есы добра знаёмыя беларускім гледачам, то прозвішча Чужыніна яны, бадай, чуюць упершыню. Хіба што пра гэтага ўкраінскага драматурга ведаюць даследчыкі тэатральнага мастацтва. Ягоны жарт у адным акце "Пярэстая красуля" на беларускай мове друкаваўся нашымі суайчыннікамі ў "Зборніку сцэнічных твораў" у 1957 годзе ў Беластоку.

Вясёлы сцэнічны жарт Чужыніна пра старога Мешчаніна (Сяргей Фурса), яго дачку Барбару (Юлія Чурыла), яе жаніха Тобі (Раман Вайтулевіч) і Гандляра Марганчыка (Уладзімір Навумік) слонімскія акцёры разыгралі з непрыхаваным імпэтам і мноствам бліскучых творчых знаходак. У другой дзеі іхнюю "эстафету" падтрымала гісторыя заляцанняў Дзяка (Сяргей Яўменаў) да Пісарыхі (Вікторыя Кавальчук) з галубкоўскіх "Пісаравых імянін".

Рэжысёр Васіль Сявец увёў у пастаноўку і новую гераіню, якой няма ні ў "Пярэстай красулі", ні ў "Пісаравых імянінах". Гэта простая вясковая жанчына (Надзея Ільчанка), якая перад спектаклем і паміж дзеямі выбягае да гледачоў ды распавядае ўсе навіны, што адбываюцца на белым свеце, быццам бы "папярэджваючы" наступныя сцэнічныя гісторыі.

У пастаноўцы шмат танцаў, музыкі, жартаў. І, думаецца, слонімскія гледачы - прыхільнікі свайго, беларускага, роднага, вясёлага - са шчырай асалодай прымуць новы спектакль.

Сяргей ЧЫГРЫН

Слонім

На здымку: сцэна са спектакля "Вось табе і гоцаца!".

Фота аўтара