“Аднакласнікі” — чужымі вачыма

№ 24 (1047) 16.06.2012 - 23.06.2012 г

Як скласці з літарак... шчасце

/i/content/pi/cult/382/7540/1-3.jpegПрэм’ера спектакля Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра “Аднакласнікі” па п’есе Юліі Чарняўскай “Літаркі” стала годным завяршэннем праекта “Чытанні”.

Цягам года галоўны рэжысёр тэатра Кацярына Аверкава рабіла чыткі сучаснай беларускай драматургіі: "Бог казытання" Мікалая Рудкоўскага, "Любоў людзей" Дзмітрыя Багаслаўскага ды іншыя творы былі прадстаўлены шырокай публіцы.

А ў якасці матэрыялу для пастаноўкі Аверкава выбрала п'есу, што максімальна адпавядае крытэрыям рэпертуарнага тэатра, так званай глядацкасці. У аснове "Аднакласнікаў" - гісторыя Марыі (Наталля Калакустава) і Ільі (Руслан Кушнер, Аляксандр Паноў), якія праз значны час па заканчэнні школы выпадкова "сустракаюцца" ў інтэрнэт-прасторы.

Рэжысёр паздзяляе сцэнічную прастору на дзве часткі: кватэру Марыі і кватэру Ільі, арганізоўваючы папераменнае дзеянне. Ілья - навуковец, які разам з дачкой Вікай (Галіна Угначова) і эканомкай Мартай (Алена Крыванос) жыве ў Германіі. Марыя гадуе сына, хворага на аўтызм. Дарэчы, Валерый Чабатаеў, які выконвае ролю сына - Міці, - спецыяльна для работы ў спектаклі наведваў у мінскім шпіталі людзей з гэтай хваробай, дзякуючы чаму яго герой атрымаўся досыць праўдзівым. Ілья і Марыя, знаходзячыся ў розных краінах, размаўляюць праз відэасувязь (на экране пасярэдзіне сцэны трансліруецца іх электронная перапіска). Марыя распавядае, як была закаханая ў Ілью, але той нават не звяртаў на яе ўвагі. Ілья, здзіўляючыся гэтаму, нібыта ўпершыню глядзіць на сябе збоку, іншымі вачыма. Паступовае збліжэнне герояў Аверкава выяўляе праз "электронны" дыялог, які акцёры прамаўляюць, падыходзячы адно да аднаго.

Сярод акцёрскіх работ вылучаецца геранія Алены Крыванос, вобраз якой актрыса малюе буйнымі фарбамі. Яе Марта пакорліва трывае здзекі "гаспадароў", пакутуючы на... каханне да Ільі, але ў пэўны момант не вытрымлівае і выдае сваё прызнанне. Цікавая і роля Вікі, дачкі Ільі, якую выканала Галіна Угначова. Агрэсіўная ў дачыненні да бацькі і жорсткая да Марты, Віка віхурай урываецца ў дом, імкнучыся даказаць, што бацька - эгаіст, які сапсаваў жыццё сваім блізкім. Але ў фінале непаразуменне паміж героямі пераадольваецца, і Віка ўпершыню ў сваім жыцці просіць прабачэння.

У "Аднакласніках" Юліі Чарняўскай няма, дарэчы, адмоўных ці станоўчых герояў - на сцэне існуюць персанажы, якіх мы кожны дзень сустракаем у жыцці. Але спектакль адкрывае нам патаемныя душэўныя перажыванні і "шкілеты ў шафах", выводзячы прыватныя гісторыі на ўніверсальны ўзровень.

Галоўная тэматычная лінія пастаноўкі - надзея герояў на шчасце, каханне, якая так і застаецца няспраўджанай. Фінал спектакля рэжысёр пакідае адкрытым, нібыта даючы героям шанц. "Твае літаркі, мама, прыскакалі", - кажа Міця, і Марыя кідаецца да чаканага паведамлення. Але словы, сапраўды, распадаюцца на літаркі, якімі немагчыма выказаць сэнс пачуццяў, перажыванняў, нават думак. Таму застаецца надзея, што калі не ў спектаклі, дык у рэальным жыцці людзі здолеюць пачуць, зразумець адно аднаго...

Крысціна СМОЛЬСКАЯ

На здымку: сцэна са спектакля.