“Тайная вячэра” Сяргея Параджанава

№ 43 (809) 27.10.2007 - 02.11.2007 г

... Карціны ўперамешку з велічэзнымі люстэркамі, дзесяткі фактурных дробязей на сценах, абсыпаны тынк у куце, амаль што пад фрэску распісаная столь і ўласныя працы вакол — не кватэра, а чарговы калаж, які сваімі рукамі стварыў гаспадар Сяргей Параджанаў. Падобным чынам вялікі майстар імкнуўся скласці стракатыя кавалачкі свайго жыцця ў адзінае цэлае, але яны ў адрозненне ад паперы, пер’яў, гузікаў ізноў развальваліся пад націскам лёсу.

 /i/content/pi/cult/134/754/Parajanov.jpg
Такім знакаміты кінарэжысёр і мастак захаваўся на фатаграфіі З. Саркісяна. Такім — шчырым, адкрытым чалавекам, які бескарысліва дарыў цеплыню і дабрату настроенаму супраць яго свету, — паўстаў Творца на фотавыстаўцы “Свет Сяргея Параджанава — мастацтва без межаў”, што некалькі дзён працавала ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі ў рамках Дзён культуры Рэспублікі Арменія ў Рэспубліцы Беларусь. Калекцыя прывезена ў Мінск Ерэванскім музеем Сяргея Параджанава.
На адкрыцці выстаўкі ўзгадалі, як у 1971 годзе Параджанаў наведаў Мінск — дэманстраваў творчай і рабочай моладзі свой лепшы фільм “Квецень граната” (“Саят-Нова”). Ён прыехаў знакамітасцю — ужо восем гадоў грымела сусветная слава ягонай першай стужкі “Цені забытых продкаў”. Прыехаў яшчэ не забароненым. Праз два гады Параджанава арыштуюць. Этапуюць у лагер узмоцненага рэжыму, накіруюць на гранітны кар’ер. Пяць гадоў спатрэбіцца, каб вярнуцца ў Тбілісі, а потым — ізноў арышт: сем з паловай месяцаў турмы і пятнаццать гадоў без магчымасці здымаць. “Мне забаранілі здымаць кіно — я пачаў рабіць калажы. Калаж — гэта сціснуты фільм”, — гаварыў пра той цяжкі перыяд Параджанаў.
Праз трыццаць шэсць гадоў мінчане мелі магчымасць ізноў пабачыць творы майстра. Цікава, што частку выстаўкі складаюць фотаздымкі з жыцця рэжысёра і краявіды Арменіі. Вядома, Параджанаў любіў фатаграфавацца, часцяком прыдумляў сюжэты, таму многія вядомыя фота можна лічыць сумеснай працай фатографа і яго самога. З крывавымі ад чысткі рыбы рукамі, у кругу сям’і, за працай — усюды аднолькава шчыры і жыццелюбівы. А натхняўся ён менавіта прыродай Арменіі. На фота Саркісяна яна паўстае натуральным калажом, у якім сумяшчаецца несумяшчальнае: дзівоснай прыгажосці пейзажы, гара Арарат у абдымках аблокаў і разбураная царква св. Грыгорыя Тыграна з лапікамі фрэсак і каменнымі ранамі. На гэтай зямлі — шчодра адоранай прыродай і знявечанай страшэнным землятрусам 1988 года, шчырай на гасціннасць і хворай на той час з-за этнічных канфліктаў, — вырастаў талент славутага майстра. На адным з фота Параджанаў занатаваны на здымках фільма “Арабескі на тэму Пірасмані”: фатограф Мечытаў спыніў імгненне, калі той застыў у дзвярным праёме дэкарацыі, нібы сышоўшы з палатна знакамітага мастака. Параджанаў — плоць ад плоці сваёй зямлі, на якой пры жыцці ператварыўся ў легенду.
Разам з вострапалітычнымі працамі накшталт “З’езда” ці “Выбараў у марыянетак” мастак стварыў серыю “Некалькі эпізодаў з жыцця Джаконды”. У “Тайнай вячэры” гераіня падзялілася на чатыры постаці, кожную з якіх бачна толькі напалову. Маўляў, кожны чалавек сам сабе і здраднік, і суддзя, і вера. Сімвал жаноцкасці, чысціні і святла Параджанаў уводзіў нават у “пекла Босха”. І ўсё ж з вар’яцкіх жахаў вялікага містыфікатара Джаконда з пачырванелымі вачыма мае магчымасць выбрацца, бо Параджанаў дорыць ёй рукі-крылы. “Калі я загіну ў турме, Джаконда будзе мяне аплакваць,” — гаварыў мастак, ствараючы пранізлівую “Джаконду, якая плача”. Тая дзіцячая рука, што выцірала слёзы Моне Лізе, бараніла ад жорсткасці свету самога аўтара.Параджанаў па кавалачках збіраў самае дарагое ў жыцці, каб на гэтай глебе прарастала любоў. Шчырасць дзяцінства вярталася да яго смакам “Бабулінага арэхавага варэння”, якое, нібы клей, замацоўвала адбіткі талерак і кубачкаў сямейнага шчасця. Пунсовыя ружы на аскепках хатняга сервіза праступілі праведнай крывёю ў німбе “Багародзіцы”, якая пакутуе з-за грахоў зямных. Часцей за ўсё пасля такіх удараў лёсу людзі ламаюцца, аднак у Параджанава незаслужаныя пакуты не выклікалі азлобленасці.
Праз усю творчасць Майстар пранёс прынцып помсты любоўю.

Настасся ПАНКРАТАВА
На здымку: С.Параджанаў. “Тайная вячэра”.