Фэст — у паветры!

№ 24 (1047) 16.06.2012 - 23.06.2012 г

16 чэрвеня ў Івянцы пройдзе чарговы “Цукеркавы фэст”.

Плён супольных намаганняў тамтэйшай кандытарскай фабрыкі ды Івянецкага музея традыцыйнай культуры ўжо паспеў зарэкамендаваць сябе як адзін з самых канцэптуальна прадуманых ды якасна арганізаваных турівэнтаў.

Як распавяла куратар фэсту Антаніна Хатэнка, гэтым разам свята пройдзе не толькі на сушы, але і ў вадзе ды паветры. Да заўсёдных дзействаў, рыцарскіх паядынкаў і канцэртаў старадаўняй музыкі далучыцца парад рэтра-аўтамабіляў, заплыў на байдарках, а таксама  - палёт на паветраным шары. Яшчэ адна навінка - гульня-квэст, задуманая па матывах аднаго з найвядомейшых івянецкіх паданняў. Гэтым разам чакаецца папаўненне шэрагу міфічных персанажаў: у мястэчку, што стаіць на ўскрайку Налібоцкай пушчы, "з'явіцца" Пушчавік.

У той самы час, ад аднаго з заўсёдных пунктаў праграмы было вырашана поўнасцю адмовіцца:. гэтым разам усе салодкія падарункі давядзецца "зарабляць" у разнастайных гульнях ды конкурсах.