"Жанр" вызначаны. Знайсці б аўтараў...

№ 24 (1047) 16.06.2012 - 23.06.2012 г

Рэаліі і прагнозы Інстытута культуры Беларусі

/i/content/pi/cult/382/7533/1-1.jpegІнстытут культуры Беларусі, які пры стварэнні ў 1991-м называўся "Беларускі дзяржаўны інстытут праблем культуры", адзначае 20-годдзе. З гэтай нагоды ўстанова не толькі прыняла святочныя віншаванні, але і 12 - 13 чэрвеня правяла Міжнародную навукова-практычную канферэнцыю "Культура Беларусі: рэаліі сучаснасці", прэзентацыю "Весніка Інстытута культуры Беларусі" і чарговы Рэспубліканскі савет дырэктараў абласных метадычных цэнтраў народнай творчасці. Карэспандэнт "К" вытрымаў дзелавы стыль заяўленай праблематыкі і ўзяў інтэрв'ю ў рэктара Інбелкульта Івана КРУКА.

- Ці здолела ўстанова стаць навуковай? Інакш кажучы, ці маеце вы ўмовы сістэмна займацца аналізам спраў у сферы культуры і іх прагназаваннем?

- Давайце ўсё ж вызначым "жанр". Інстытут - дзяржаўная ўстанова адукацыі. А апошняй, безумоўна, павінны займацца навукоўцы... Так, функцыя ў нас - дваістая: з аднаго боку, мы займаемся дадатковай адукацыяй і перападрыхтоўкай, павышэннем кваліфікацыі спецыялістаў, з іншага - выконваем функцыі галіновага даследчага інстытута... Дык вось, на адукацыйнай кафедры сёння працуюць чатыры прафесары. Гэта, лічу, салідны патэнцыял для таго, каб адпавядаць патрабаванням часу.

- А ці ёсць гэткі ж патэнцыял для навукова-метадычнага забеспячэння рэгіёнаў?

- Паверце, шмат пра гэта думалі... У акадэмічным Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору працуе шмат дактароў навук. Але ці можна запрасіць іх да супрацы па падрыхтоўцы патрэбнага нам палажэння або заканадаўчага праекта? Яны могуць гэта зрабіць? Не, бо "жанр" дзейнасці ў іх іншы... Нам жа патрэбна аналітыка, скіраваная і на асэнсаванне практыкі, і на грунтоўны тэарэтычны прагноз.

- Атрымліваецца, гэтым кірункам дзейнасці Інстытут змушаны займацца з нуля?

- Ну, мабыць, гэта рэзка сказана. Так, наша ўстанова як самастойная адзінка ўзнікла паўтара года таму, тым не менш, людзі тут працуюць з 1991-га і складаюць касцяк нашага сённяшняга калектыву. Я не асмеліўся б сцвярджаць, што яны нічога не зрабілі... Іншая справа - нам неабходна выходзіць на якасна новы ўзровень. На саветах дырэктараў абласных метадычных цэнтраў, якія перыядычна ладзяцца ў Інстытуце, пастаянна гучыць думка пра тое, што метадыст (і наш, і рэгіянальны) павінен быць генератарам ідэй, не толькі тэарэтыкам, але і практыкам высокага кшталту. Мала прыдумаць - неабходна яшчэ і справу так арганізаваць, каб рэалізаваць з поспехам любы праект... Безумоўна, такіх спецыялістаў пакуль хранічна не хапае.

- І як выходзіце з сітуацыі?

- Шукаем сваю нішу і тых унікальных спецыялістаў, якія здольныя працаваць у метадычна-навуковым жанры. Так у нас з'явіліся кандыдат філасофскіх навук Валянціна Іўчанка, якая кіруе цяпер аддзелам навукова-метадычнага забеспячэння, доктар філалагічных навук Адам Мальдзіс - супрацоўнік аддзела міжнароднай і сацыякультурнай дзейнасці. Забіраем сабе пяць магістрантаў БДУКіМ. Словам, акцэнт будзем рабіць на навуку, але не на кабінетную, а на, так бы мовіць, прыкладную. На падставе сістэмных сацыялагічных зрэзаў сітуацыі ў сферы культуры неабходна без прамаруджвання выдаваць практычныя тэхналогіі, скіраваныя на генерыраванне ідэі.

- Карацей, інстытуцкай навукова-практычнай школы пакуль няма?

- Яе фарміраванне - наш найпершы абавязак. Месяцаў сем-восем таму на рэктараце была пастаўлена задача: распачаць выпуск "Весніка Інстытута культуры Беларусі". І мы зрабілі гэтае навукова-практычнае выданне. Большасць публікацый у ім належыць нашым супрацоўнікам. Урэшце, паважаць нас будуць не за "паперазварот" (што таксама, натуральна, важна), а за канкрэтнае напаўненне кніжных паліц метадычнай літаратурай. Так, аналіз дзейнасці фестываляў, абагульненне вопыту, да прыкладу, музейнай педагогікі, абгрунтаванне праектных практык - усё гэта важна. Але на першым месцы павінен быць навуковы патэнцыял.

- І якое тут месца зоймуць абласныя метадычныя цэнтры? Ці адпавядаюць яны імклівым патрабаванням часу?

- Паўтара года таму пад час рэспубліканскай канферэнцыі ў Магілёве, на якой падсумоўваліся вынікі дзейнасці рэгіянальных метадслужб, я выказаў меркаванне, што выклікала пэўнае здзіўленне. Справа ў тым, што калісьці цэнтры называліся навукова-метадычнымі, потым - проста метадычнымі. І я лічу гэтую змену абсалютна ненармальнай. Гаворка - не пра тое, што кіраваць імі павінны кандыдаты навук, але непасрэднымі памочнікамі кіраўніка-арганізатара, начальнікамі аддзелаў, на мой погляд, абавязаны быць навукоўцы.

- "К" пра гэта пастаянна піша: захаванне і развіццё традыцыйнай культуры, фальклору ці дэкратыўна-прыкладнога мастацтва без навуковага абгрунтавання ператвараецца ў дылетанцтва. Але ці рэальным з'яўляецца на сёння такое навуковае насычэнне нават на абласным узроўні?

- Гаворка - нават не пра заўтрашні дзень... Будзем рэалістамі, не хачу нікога крыўдзіць, але калі прыязджаеш у абласныя і, асабліва, у раённыя метадычныя цэнтры, адчуваеш, што на спецыялістаў з трывалым багажом менавіта метадычна-навуковай спрактыкаванасці - сапраўдны дэфіцыт. І чаму б нам не ўвязаць свой кадравы клопат з дзейнасцю акадэмічнага Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі? Маю на ўвазе мэтавую падрыхтоўку аспірантаў для абласных метадцэнтраў. Сёлета, да прыкладу, - для Магілёва, у наступным - для Віцебска і гэтак далей. Хоць па адным спецыялісце, але справу пачынаць трэба. Глядзіш, праз колькі гадоў у нас будзе зусім іншы кадравы патэнцыял. І тады не будзе сэнсу праводзіць у абласцях семінары і тлумачыць, як збіраць фальклор.

- З гэтай прычыны, напэўна, і фестывалі ў нас сталі падобнымі адно да аднаго? Крызіс менавіта метадычна-навуковага жанру?

- Літаральна на мінулым тыдні міністр культуры краіны Павел Латушка пасля наведвання некалькіх рэгіянальных фестываляў выказаў мне цалкам абгрунтаваную заўвагу: на кожным з фэстаў - адны і тыя ж танцы, аднолькавыя песні ды касцюмы, якія не маюць ніякага дачынення да беларускай традыцыйнай культуры. Задача перада мной і нашым інстытутам была пастаўлена адназначная: правесці ў верасні рэспубліканскую нараду дырэктараў абласных метадычных цэнтраў, навукоўцаў па абагульненні фестывальнага вопыту, у тым ліку і замежнага. Сапраўды, не варта вынаходзіць веласіпед - давайце выкарыстоўваць тое, што напрацавана, скажам, літоўцамі, якія абсалютна дакладна вывучылі асаблівасці нацыянальнага строю кожнага свайго рэгіёна, што на сёння цалкам адпавядае традыцыі.

- Літоўцы літоўцамі, але чаму вопыт нашай "Берагіні" не бярэцца пад улік?

- Бярэцца! Проста неабходна ўсё скрупулёзна асэнсаваць.

- Мы ў гутарцы зноў вярнуліся да адукацыйных функцый Інстытута. Не хапае спецыялістаў у раёнах...

- Не хапае іх і ў нашым інстытуце. А справа патрабуе сістэмнасці: наша ўстанова, ланцужком за ёй - абласныя метадцэнтры... І калі пачнецца прафесійны зацікаўлены дыялог, да яго падключацца і раённыя метадычныя цэнтры. Чарговае пытанне - перападрыхтоўка раённых спецыялістаў... Мы прааналізавалі змест навучальных планаў за апошнія пяць гадоў, і стала крыху не па сабе: адны і тыя ж лекцыі, адны і тыя ж выкладчыкі! А зыходзіць тут трэба не з кадравага інстытуцкага патэнцыялу (што можам, тое і выкладаем), а з рэгіянальных запытаў (што патрэбна мясцовым спецыялістам)... І другая задача, якая стаіць перад нашым навучальным аддзелам і кафедрай, - працэнтаў трыццаць навучальнага часу варта аддаваць на прэзентацыі вопыту тых, хто прыязджае да нас на двухтыднёвыя курсы з рэфератамі ды мультымедыйным прадуктам. Словам, давайце вучыцца разам, і тады Інстытут стане сапраўднай эксперыментальнай пляцоўкай для практычнага абагульнення інавацый, народжаных у самых розных кутках рэспублікі.

- У пэўнай ступені гэтаму паспрыяе і інстытуцкі "Веснік"?

- Гэта наша ніша, нашы ідэі... Адна з праблем, што ўзнімем тут бліжэйшым часам, звязана з далейшым развіццём аграгарадкоў: якім чынам мы ўпісваем іх у рэгіянальную традыцыю? Наколькі арганічна ідзе працэс? Якімі культурнымі складнікамі ён напаўняецца, каб пераемнасць традыцый не заставалася пустым гукам?

- Пытанне, сапраўды, - цікавае і надзённае... Іван Іванавіч, колькі слоў пра прэзентацыю нашай культуры за мяжой. Якія прыярытэты вызначыў тут Інстытут?

- На III Кансультатыўным савеце па справах беларусаў замежжа ў Гродне гаворка ішла пра тое, што Інстытут культуры Беларусі павінен стаць своеасаблівым цэнтрам міжнародных стасункаў. Мы дамовіліся з прадстаўнікамі беларускіх суполак замежжа, што пэўны раздзел у нашым "Весніку" будзе прысвечаны арганізацыям суайчыннікаў, прадстаўнікі якіх актыўна займаюцца зборам фальклорных матэрыялаў, але не маюць пакуль магчымасці выйсці з публікацыямі на шырокую чытацкую прастору.

- Ад Інстытута шмат што патрабуюць, а ці ёсць у вас фінансавы грунт для рэалізацыі тых патрабаванняў?

- Не сакрэт, што база была нулявой. Аднак сёлета мы атрымалі фінансаванне ў памеры 7 мільярдаў рублёў. Натуральна, за адзін год усіх праблем не вырашым, але два мільярды выкарысталі на капітальны рамонт, у 2013-м давядзём да ладу актавую залу, інтэрнат. Абнаўляюцца кабінеты, закуплена 15 камп'ютараў. На падыходзе - фотаапараты, відэакамера, яшчэ камп'ютары, новая мэбля... У Інстытуце калісьці быў моцны выдавецкі аддзел. Маем намер аднавіць яго тэхнічныя магчымасці.

- Сітуацыя з матэрыяльна-тэхнічнай базай абласных і раённых метадцэнтраў нашмат горшая...

- І праблема гэтая - страшэнная. Сёння трэба прадстаўляць нематэрыяльную культурную спадчыну, а ў цэнтрах апрача фотаапарата-"мыльніцы" нічога няма... А гонар Беларусі ў тым, каб стварыць дзеяздольныя каманды па захаванні ды развіцці спадчыны, дзе б і навуковец быў, і аператар, і фатограф...

Фота Юрыя ІВАНОВА

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"