Кантэйнеры на подыуме

№ 24 (1047) 16.06.2012 - 23.06.2012 г

Як "сучаснае мастацтва" "пасялілася" ў Лошыцы?

/i/content/pi/cult/382/7531/1-2.gifЗдавалася б, інфармацыйнае забеспячэнне гістарычных адметнасцей - гэта проста, як веласіпед. Журналіст або капірайтар піша пару абзацаў "папулярным" стылем, дызайнер змяшчае іх на прыгожы фон і дадае архіўныя выявы... І цікаўны мінак абавязкова прыпыніцца ля стыльнага шчыта, а потым зірне на непрывабныя руіны зусім іншымі вачыма. Тым не менш, у абноўленым не так даўно Лошыцкім парку вырашылі адмовіцца ад стандартных падыходаў. І пераканаўча давялі, што звычайныя інфармацыйныя таблічкі могуць быць сапраўднымі творамі канцэптуальнага мастацтва. Толькі вось... Ці патрэбна тое?

Лошыцкі парк у гэтую пару падаецца сапраўды "райскім кутком": птушкі спяваюць, сонейка свеціць, свежая зеляніна вылучае дзівосныя водары... Шпацыруючы няспешнаю хадою, згадваеш, што на тэрыторыі колішняй сядзібы знаходзіцца цэлая плойма архітэктурных і археалагічных помнікаў. Пра апошнія з нядаўняй пары нагадваюць мажныя літыя шыльды, устаноўленыя на адмысловых цагляных подыумах-пілонах.

Настрой добры, ты нікуды не спяшаешся... Таму ахвотна падыходзіш бліжэй і ўглядаешся ў манументальна ўвасобленыя літары. Чытаеш: "Археалагічны аб'ект-паселішча XVII - XVIII стагоддзяў (рэшткі сельскіх паселішчаў) - адносіцца да позняга Сярэднявечча. Выяўлены ў 1991 г. Плошча тэрыторыі паселішча - 1,8 га - абазначана валунамі".

З цяжкасцю "ператравіўшы" інфармацыю і задумаўшыся, чаму Сярэднявечча ў Лошыцы так зацягнулася - ажно да XVIII стагоддзя, - ты ўсё яшчэ спадзяешся на падрабязнасці. Вось бы ўявіць, як выглядалі сельскія паселішчы за дзедам-шведам! Балазе настрой - добры, спяшацца няма куды... Але тыя некалькі "маркіровачных" камянёў, якія і сапраўды можна знайсці ў густой траве, наўрад ці здатныя папоўніць твой багаж ведаў.

Ідучы далей, мімаходзь заўважаеш яшчэ адзін подыум з шыльдай, якая пазначае археалагічны помнік часоў Кіеўскай Русі. За дзесяць метраў ад яго - кантэйнеры для смецця. Думаецца, такое суседства - гэта зусім не якаясьці недарэчнасць, а вытанчаны мастацкі жэст, што ставіць за мэту актуалізаваць бінарную апазіцыю sacrum et profanum.

Маршрут мацыёну прыводзіць цябе да рэшткаў млына - улюбёнага месца фатографаў і... альпіністаў. Ён таксама забяспечаны подыумам і шыльдай. Тэкст - узор лапідарнасці. З яго мы даведваемся, што вадзяны млын "...пабудаваны ў 1901 годзе па праекце І.Каселя".

- Ага, Каселя! - захоплена выгукне з гэтай нагоды шараговы мінак. - Я так і думаў! Адразу пазнаў...

Лішне казаць, што гэтае прозвішча вядомае ў нас літаральна кожнаму школьніку - у адрозненне ад інтэрнэт-пошукавікоў, якіх з такой нагоды нават і турбаваць не мае сэнсу, бо нічога яны не скажуць... Не выклікае ніякіх сумневаў і тое, што прыгожая каваная агароджа, што з нядаўняга часу атачае млын, з'явілася там выключна з мастацкіх меркаванняў. Шыкоўны новы элемент выдатна кантрастуе з парэпанымі, так пагэтуль і не закансерваванымі, руінамі. А кантраст і парадокс - вельмі важныя складнікі contemporary art. І толькі невук будзе папракаць аўтараў гэтай задумы ў яе непрактычнасці: маўляў, агароджу лёгка пераадолее нават дзіця. Культурны ж чалавек разумее, што арт-аб'ект і не мусіць быць утылітарным.

Вядома, можна было проста павесіць шыльду, якая папярэджвала б, што выпрабаванне на трываласць аварыйных руін не толькі робіць шкоду ім самім, але здатнае пашкодзіць і здароўю выпрабавальнікаў. Думаецца, большасць да такіх парад прыслухаліся б. Аднак... Пагадзіцеся, гэта было б зусім не ў рэчышчы сучаснага мастацтва.

Нарэшце, падыходзім да рэшткаў капліцы, што ўзвышаюцца на маляўнічым пагорку. Летась апошняя была закансервавана, але досыць сціплыя канструкцыі не пратрывалі і адну зіму ды прадстаўлены сёння таксама ў выглядзе рэшткаў. Затое побач красуецца масіўная шыльда, якая мае наступны змест: "Будаўніцтва родавай капліцы Прушынскіх адносіцца да ХVIII ст. Яе вобраз захаваўся ў акварэлі ХІХ ст. Ю.Пешкі".

Чалавек, які мысліць стандартна, напэўна, змясціў бы тут шчыт з рэпрадукцыяй той самай акварэлі мастака Юзафа Пешкі - замест таго, каб манументальна ўвекавечваць сам факт існавання малюнка. Мы б займелі магчымасць на свае вочы ўбачыць, як выглядала капліца 200 гадоў таму. Але паслядоўны канцэптуаліст ніколі не апусціцца да такой банальшчыны. "Класічны прыём" канцэптуальнага мастацтва - замена выявы прадмета словам, якое яго абазначае. Прычым самы цымус - увасобіць гэтае слова прыгожа і манументальна, у неоне або бронзе...

Іранізаваць тут можна было б і далей, каб не адна акалічнасць: тая самая капліца - не што іншае, як фамільная пахавальня. Гэта тое ж самае, што і могілкі. І таму для фотасесій у купальніках такое месца не надта падыходзіць. Тым не менш, яны ладзяцца пастаянна. У ацалелай нішы ўбачыў купку смецця - літаральна там, дзе некалі стаяла труна...

Тут можна да бясконцасці папракаць нашых суграмадзян у бескультур'і. Але можна паставіць пытанне іншым чынам: ці было зроблена ўсё належнае, каб даходліва патлумачыць ім гісторыю і дух гэтага месца?

Адлюстраваць надзвычай багатую гісторыю ды міфалогію Лошыцкага парку можна зусім не толькі з дапамогай звычайных інфармацыйных шчытоў (якія, мабыць, усё ж таннейшыя за шыльды ды пілоны). Арсенал сродкаў тут уяўляецца самы разнастайны: і скульптуры (з тых жа валуноў), і аб'екты, і графіці, і лэнд-арт... Але - толькі з адной умовай: каб гэтыя сродкі сапраўды "працавалі", каб яны правакавалі цікавасць да мінуўшчыны і маглі наталіць яе хаця б мінімальнымі ведамі.

На тэрыторыі парку сёння можна ўбачыць вельмі шмат усяго: і шырачэзны "праспект" з пліткі, і вялізныя ды заўсёды пустыя велапаркоўкі ў самых нечаканых месцах, і дзіўныя металічныя канструкцыі, падобныя да навесаў, але без даху... Аднак даводзіцца канстатавасць: аб'ектаў, здатных раскрыць genius loci Лошыцы для кожнага зацікаўленага мінака, тут пакуль не сустрэнеш...