Вынікі чарговай “птушачкі”

№ 24 (1047) 16.06.2012 - 23.06.2012 г

Факты на папялішчах трох майскіх пажараў

/i/content/pi/cult/382/7530/1-1.jpegЦягам мая ў шэрагу раёнаў Гродзенскай вобласці здарылася тры пажары на помніках гісторыка-культурнай спадчыны. Прычым старадаўнія будынкі загараліся з розных прычын: з-за людской неахайнасці, невыканання правілаў пажарнай бяспекі або нават падпальваліся злодзеямі...

Спачатку - толькі факты. 18 мая здарыўся пажар у вёсцы Жамыслаўль Іўеўскага раёна ў вядомай сядзібе Умястоўскіх XIX стагоддзя. Як зазначыла "К" прэс-сакратар Гродзенскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Наталля Жывалеўская, агонь быў патушаны пажарнымі разлікамі за гадзіну, таму вялікага ўрону гістарычнаму аб'екту не нанесена. Але пажар пашкодзіў перакрыцці і дахавае крыццё на плошчы ў 20 квадратных метраў будынка. Паводле папярэдняй версіі, здарылася гэта з-за парушэння тэхнікі бяспекі пры правядзенні работ па дэмантажы труб ацяплення ўласнікам сядзібы СВК "Суботнікі"... Натуральна, што пасля расследавання ўсіх нюансаў справы вінаватыя будуць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

А яшчэ двума тыднямі раней, вечарам 6 мая, на той жа Гродзеншчыне здарыўся пажар у вёсцы Жупраны Ашмянскага раёна. Згарэла драўляная прыбудова да касцёла Святых Пятра і Паўла, якая выкарыстоўвалася для захоўвання гаспадарчага інвентара. Дзякуючы намаганням пажарных, агонь да касцёла - помніка архітэктуры XIX стагоддзя - не дабраўся. Мяркуецца, што прычынай пажару стаўся падпал. Зараз вядуцца пошукі вінаватага. А праз два дні, 8 мая, здарыўся пажар у былой сядзібе О'Руркаў, што ва Усялюбе Навагрудскага раёна. У выніку ад гістарычнага будынка засталася толькі адна сцяна. Прычыны пажару, як паведамілі "К" у аддзеле культуры Навагрудскага райвыканкама, зараз высвятляюцца.

Пагадзіцеся, статыстыка - жахлівая: за месяц - тры пажары ў вобласці, дзе, як вядома, захавалася найбольш помнікаў даўніны. Але якім чынам гэта патлумачыць: незвычайным і нешчаслівым збегам абставін ці нечым іншым? Давайце паразважаем. Думаю, ні для каго не з'яўляецца сакрэтам той факт, што многія аб'екты гісторыка-культурнай спадчыны, якімі павінны ганарыцца (і ганарацца!) беларусы, стаяць нярэдка без догляду, а калі і даглядаюцца, дык, як кажуць, для прыліку ці для "птушачкі".

Да прыкладу, зразумела, што па выніках гэтых надзвычайных здарэнняў - пажараў у сядзібах на Гродзеншчыне - будуць прыняты адпаведныя меры. Гэта пацвердзіла "К" і галоўны спецыяліст упраўлення культуры Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Алена Клімовіч, якая адзначыла, што напрыканцы чэрвеня адбудзецца пасяджэнне каардынацыйнага савета аблвыканкама, дзе разгледзяць шматлікія пытанні, у тым ліку - і па прадухіленні пажаранебяспечных выпадкаў на аб'ектах гісторыка-культурнай спадчыны. Таксама абавязкова будуць разасланы лісты ва ўсе райвыканкамы Гродзеншчыны, каб на месцах яшчэ раз звярнулі ўвагу на неабходнасць забеспячэння пажарнай бяспекі ва ўсіх старадаўніх будынках.

Пэўна, падобныя захады - той неабходны мінімум мер, якія і павінны цяпер прыняць адказныя за ахову гісторыка-культурнай спадчыны на Гродзеншчыне. Пытанне ў іншым: ці дастаткова гэтых захадаў, каб прадухіліць магчымасць узнікнення іншых пажараў у старадаўніх будынках вобласці ці, шырэй, - на Беларусі? Ці не стануць гэтыя мерапрыемствы чарговай "птушачкай"?

Пытанне, пэўна, рытарычнае. І вось чаму. Як вядома, летась Генеральная пракуратура Беларусі зладзіла праверкі выканання заканадаўства ў справе аховы аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны ва ўсіх абласцях краіны. На пачатку бягучага года вынікі працы раённых пракурораў сталі вядомыя шырокай грамадскасці. У прыватнасці, высветлілася, што ў шэрагу раёнаў Беларусі на помніках даўніны не выконваюцца ўмовы пажарнай бяспекі: у многіх старадаўніх будынках не ўстаноўлена аўтаматычная пажарная сігналізацыя ці засцярога ад маланкі або громаадвод, а драўляныя канструкцыі часцяком не праходзяць апрацоўку спецыяльнымі супрацьпажарнымі рэагентамі. Таксама парушаюцца правілы ўсталявання і эксплуатацыі электраправодкі ды зафіксаваны выпадкі, калі памяшканні аб'ектаў спадчыны былі не поўнасцю ўкамплектаваны першаснымі сродкамі пажаратушэння... Падаецца, усе прыведзеныя факты - яскравы доказ таго, што многае ў справе аховы гісторыка-культурнай спадчыны робіцца ў раёнах дзеля той, ужо згаданай вышэй, "птушачкі"...

Якое ж выйсце з гэтай сітуацыі можна прапанаваць, акрамя ўзмацнення адказнасці за нездавальняючы стан аб'ектаў спадчыны? Магчыма, далейшым лагічным крокам маглі б стаць супрацьпажарныя мерапрыемствы ў шматлікіх гістарычных маёнтках і сядзібах Беларусі. А гэта закупка ды ўсталяванне супрацьпажарнай сігналізацыі, камплектацыя помнікаў спадчыны сродкамі пажаратушэння і многае іншае.

Вырашэнне названых пытанняў патрабуе матэрыяльных сродкаў. Але ж, паводле заканадаўства, усе клопаты аб захаванні і бяспецы старадаўняй сядзібы ўскладзены на ўласніка. Пра гэта нагадала намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Аксана Сматрэнка. Яна заўважыла: паводле заканадаўства, кожны уласнік аб'екта спадчыны падпісаў ахоўнае абавязацельства, у якім прапісана, сярод іншага, і неабходнасць захавання гістарычнага будынка ў належным стане. За парушэнне гэтых умоў, натуральна, прадугледжана адказнасць. Таму, на думку Аксаны Сматрэнка, уладальнік старадаўняй сядзібы павінен сам паклапаціцца пра стварэнне належных умоў, якія забяспечваюць захаванне будынка ад пажару.

Усё гэта так, але не магу не звярнуць увагу і вось на які момант. Часцяком бывае, што ўласнікі аб'ектаў спадчыны не заўсёды маюць неабходныя сродкі на ўсталяванне тых жа пажарных апавяшчальнікаў ці нават на набыццё вогнетушыцеляў. Магчыма, выйсцем з гэтай праблемнай сітуацыі магла б стаць мэтавая праграма, скажам, на абласным узроўні, якая прадугледжвала б выдаткоўванне сродкаў на забеспячэнне неабходным супрацьпажарным абсталяваннем найбольш значных аб'ектаў гісторыі і архітэктуры Беларусі.

Мо такім чынам удасца спыніць сумную статыстыку пажараў. Асабліва пры ўмове, калі кожны ўласнік старадаўняй сядзібы ці маёнтка ўсвядоміць каштоўнасць, якой валодае, і будзе думаць пра бяспеку аб'екта спадчыны пастаянна, а не ўспамінаць пра сродкі пажаратушэння толькі перад праверкай кантралюючых органаў з Генеральнай пракуратуры ці з упраўлення культуры аблвыканкама. Або ўвогуле - пасля пажару.

Фота Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС

Палац у Жамыслаўлі, на шчасце, пацярпеў ад пажару нязначна.

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"