Старт — з сенсацыі

№ 24 (1047) 16.06.2012 - 23.06.2012 г

З 14 па 20 чэрвеня ў сталічным кінатэатры “Дом кіно” праходзіць другі па ліку Тыдзень іранскага кіно.

 

Аматары кіно маюць унікальны шанц убачыць на вялікім экране лепшыя стужкі, створаныя ў Ісламскай Рэспубліцы, а таксама сустрэцца з іх аўтарамі.

Як было падкрэслена на прэс-канферэнцыі ў Пасольстве Ісламскай Рэспублікі Іран, стужкі, што ўвайшлі ў праграму Тыдня, - гэта толькі асобныя прыклады шматаблічнага і рознабаковага іранскага кінамастацтва апошніх трох дзесяцігоддзяў.

Так, пачаўся Тыдзень з навінкі, дасюль невядомай беларускаму гледачу, галоўнай сенсацыі мінулага кінасезона, - псіхалагічнай драмы Азгара Фархадзі "Развод Надэра і Сімін", якая летась атрымала шэраг прэстыжных міжнародных узнагарод, у тым ліку прэмію "Оскар" за лепшую стужку на замежнай мове і дзве галоўныя прэміі выканаўцам галоўных роляў на "Берлінале-2011". Таксама ў праграму Тыдня ўключаны і класічныя карціны, што даюць магчымасць атрымаць уражанне аб шляхах станаўлення іранскага кіно ў апошнія гады.

Гісторыя іранскага кінематографа налічвае больш за 80 гадоў, але яго актыўнае развіццё пачалося ў 1979-м. За гэты час кіно Ірана змянілася кардынальна, фактычна, нарадзіўшыся наноў. Пачынаючы з 1980-х, кіраўніцтвам Ірана былі зроблены значныя крокі ў кірунку адраджэння кінаіндустрыі, мэта якой - стварэнне стужак з "культурным асэнсаваннем", без утрымання сцэн насілля.