Сезон у Мінску і...

№ 24 (1047) 16.06.2012 - 23.06.2012 г

Улетку Белдзяржцырк вырашыў парадаваць сваіх прыхільнікаў прыемнай навіной.

 

Ён будзе працаваць з падвойным імпэтам. "Спецыяльна для нашых гледачоў мы прыдумалі новую праграму, якая сумяшчае несумяшчальнае, - распавядае дырэктар - мастацкі кіраўнік Белдзяржцырка, народная артыстка Беларусі Таццяна Бандарчук. - Яна мае назву "АРТ-і-ШОК".

Рок-гурт, паветраныя акрабаты, жанглёры... Артысты цырка ў "АРТ-і-ШОКу" будуць змяняць жанры, спрабуючы сябе ў новых амплуа. "У першую чаргу, гэта шокавая тэрапія для нас, - тлумачыць назву праграмы рэжысёр праекта Серж Бандарчук. - Кожны з артыстаў цырка, хто падрыхтаваў прэм'ерны нумар для гэтага шоу, зведаў шок у той або іншай ступені..."

У першую чаргу, тыя ўражанні не абмінулі і самога Сержа, які выступіў у новай праграме як дрэсіроўшчык... поні. "Ніколі не думаў, што дрэсура - гэта так складана, - прызнаўся ілюзіяніст і ўжо дрэсіроўшчык. - Цяпер пачынаю разумець, за што дрэсіроўшчыкі просяць вялікія ганарары..."

Пераадолець свой страх у новым нумары "Паветраны гімнаст" давялося і вопытнаму артысту Рустаму Цодзікаву. У адрозненне ад звыклай вышыні - каля сямі метраў, - на якой Рустам раней выконваў трукі, у новай праграме ён падымецца пад самы купал цырка.

Нельга абмінуць увагай і нумар акрабатаў "Падкідныя дошкі" пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Сакалова - ён будзе праходзіць пад жывы акампанемент рок-гурта "PROSSPECT". "Вядома, што працаваць пад жывую музыку складаней, - дзеліцца ўражаннямі Дзмітрый, - але, у той жа час, вельмі цікава". Ды яшчэ да шоку "АРТ-і-ШОКу" далучаецца "сапраўдны арт" народнага артыста Расіі, лаўрэата міжнародных конкурсаў, артыста Маскоўскага цырка Юрыя Нікуліна на Цвяточным бульвары - Пятра Прасцяцова, які прадэманструе беларускай публіцы славуты нумар з дрэсіраванымі каралеўскімі пудзелямі.

У планах установы - паездкі на Фестываль лацінаамерыканскіх цыркаў (дзе, у прыватнасці, артысты Белдзяржцырка выступяць і ў ролі экспертаў - членаў журы), на Французскі міжнародны цыркавы фестываль у Сэн-Поль-ле-Дакс, на цыркавы форум у Монтэ-Карла...

Рыхтуецца да адкрыцця і музей Беларускага дзяржаўнага цырка, які прадставіць публіцы ўнікальныя дакументы, узнагароды і фатаграфіі з гісторыі мінскага цырка, што, дарэчы, бярэ свой пачатак яшчэ ў ХІХ стагоддзі. Яскравым складнікам музея выступіць і славутая калекцыя статуэтак клоўнаў, якую збірала Таццяна Бандарчук цягам многіх гадоў...