Балетны “побыт” перамог

№ 24 (1047) 16.06.2012 - 23.06.2012 г

Салістка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Кацярына Алейнік днямі адзначыла юбілей: акурат у дзясяты раз стала пераможцай міжнароднага конкурсу — гэтым разам у Хельсінкі, сталіцы Фінляндыі.

 

Балетнымі лаўрэацтвамі на міжнародных конкурсах нас не здзівіш, асабліва калі абараняць гонар краіны выпраўляецца Кацярына Алейнік. Ейная Кітры ў "Дон Кіхоце", стаўшы папраўдзе "фірменнай стравай" гэтай яркай танцоўшчыцы, скарыла ўжо ўсіх і кожнага. Па-дэ-дэ з "Дон Кіхота" (разам з партнёрам, таксама салістам тэатра, Ігарам Аношкам) было паказана і на гэтым конкурсе, які сабраў каля сотні артыстаў з больш як 20-ці краін свету. Але гэта - толькі ў першым туры. У другім трэба было выканаць сучасны нумар, пастаўлены харэографам краіны-ўдзельніцы, і журы з гледачамі ўбачылі "Крохкі вечны рай", нафантазіраваны крэатыўным Дзмітрыем Куракулавым - мастацкім кіраўніком групы "ТАД" Гродзенскай абласной філармоніі. Трэці ж тур сумяшчаў класіку з мадэрнам, таму ў ім будучая лаўрэатка Трэцяй прэміі выканала знакамітае Па-дэ-дэ з "Лебядзінага возера" і мініяцюру "Я і я" ў пастаноўцы Дзмітрыя Залескага, які ўзначальвае сталічны тэатр сучаснай харэаграфіі "D.O.Z.SK.I".

- Я шчыра віншую Кацю! - адказаў на наша пытанне Дзмітрый Залескі. - Гэта вельмі таленавітая артыстка, і мне вельмі прыемна, што мой нумар дапамог ёй перамагчы. Рыхтуючыся да паездкі, яна звярнулася да мяне, каб я паставіў для яе што-небудзь менавіта ў разліку на гэты конкурс. Праца ішла з перапынкамі, бо Каця - вельмі запатрабаваная салістка, часта з'язджае на гастролі. Але паставілі нумар мы вельмі хутка. Паспрабавалі крыху пажартаваць - але, вядома, з сэнсам: Каця і Ігар з'яўляюцца на сцэне ў аднолькавых сукенках - як два абліччы адной жанчыны. Але адна - з вечнымі клункамі, уся ў побытавых справах, а другая - нібыта сышла з вокладкі французскага часопіса. Яны змагаюцца паміж сабой...

Ну а хто з іх пераможа, вы зможаце ўбачыць, калі 21 чэрвеня прыйдзеце ў тэатр на "Вечар сучаснага балета на Малой сцэне". Там будуць паказаны не толькі абодва "хельсінскія" нумары, але і іншыя кампазіцыі, пастаўленыя Раду Паклітару - сусветна вядомым беларускім харэографам, які цяпер мае ўласны тэатр у Кіеве, Вольгай Костэль - харэографам нашага Вялікага тэатра, Канстанцінам Кузняцовым - знаным салістам Беларускага балета, Піліпам Мазуравым - артыстам тэатра "D.O.Z.SK.I".