Рэаліі сучаснасці Інбелкульта

№ 24 (1047) 16.06.2012 - 23.06.2012 г

Як адзначыў міністр культуры, актуальна паўстаюць пытанні канкурэнтаздольнасці, якасці і інвестыцыйнай прывабнасці прафесійнай адукацыі, пытанні экспарту паслуг і падтрымкі праектаў у сферы.

 

12 чэрвеня Інстытут культуры Беларусі адзначыў 20-годдзе дзейнасці. Ва ўстанове прайшла Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Культура Беларусі: рэаліі сучаснасці". На канферэнцыі выступіў міністр культуры краіны Павел Латушка.

Сучасныя рэаліі нацыянальнай культуры, адзначыў міністр, - у яе няўхільным дынамічным развіцці. Яго стратэгія закладзена ў Дзяржпраграме "Культура Беларусі" на 2011 - 2015 гады. Удасканальваецца арганізацыйна-гаспадарчая структура галіны, уводзяцца новыя формы яе эканамічнай падтрымкі, наладжваецца дзяржаўна-прыватнае супрацоўніцтва.

Адзін з прыярытэтаў дзейнасці, падкрэсліў Павел Латушка, - больш эфектыўнае выкарыстанне дзяржаўных грашовых сродкаў. Бюджэтная палітыка, па словах міністра культуры, павінна пераарыентавацца з кіравання грашыма, якія выдаткоўваюцца, на кіраванне вынікамі. Міністэрства ініцыіруе і рэалізоўвае рэформы, якія ўплываюць на стварэнне заканадаўчых прэферэнцый для развіцця беларускай культуры.

Краіна і надалей будзе рухацца па шляху захавання лепшых традыцый развіцця беларускай культуры. Яна будзе шырока прэзентавана за мяжой. Таму надзвычай актуальна паўстаюць пытанні якасці, канкурэнтаздольнасці ды інвестыцыйнай прывабнасці прафесійнай адукацыі, пытанні экспарту паслуг і ўсебаковай падтрымкі інавацыйных праектаў. Спрыяць усім гэтым стратэгічным працэсам, натуральна, павінен і Інстытут.

Установу тым днём віншавалі Інстытут імя Гётэ ў Мінску, Інфацэнтр японскай культуры ў Беларусі, Цэнтр па культуразнаўстве Міністэрства культуры і турызму Азербайджана, а таксама Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Мінскі гаркам прафсаюза работнікаў культуры...

А 13 чэрвеня праца канферэнцыі была прадоўжана ў секцыях "Традыцыйная культура Беларусі", "Мемарыяльныя аспекты культуры", "Інстытут культуры Беларусі ў структуры прафесійнай адукацыі", "Інфарматызацыя і сістэмны аналіз", "Прафесійнае мастацтва сучаснай Беларусі". У рамках канферэнцыі адбыліся Рэспубліканскі савет дырэктараў абласных метадцэнтраў і "круглы стол" "Кіраўнічыя практыкі і маркетынгавыя камунікацыі ў музейнай дзейнасці", у рабоце якіх прынялі ўдзел прадстаўнікі Венесуэлы і Расіі.