Форум арганізаваны Міжнароднай канфедэрацыяй тэатральных саюзаў пад эгідай і пры падтрымцы Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва краін - удзельніц СНД. Гледачы пабачылі 13 пастановак з Расіі, Грузіі, Малдовы, Узбекістана, Літвы, Латвіі, Азербайджана, Беларусі, Кіргізіі і Арменіі, якія прайшлі папярэдні рэгіянальны адбор экспертаў і выйшлі ў "фінал". "Офіс" абышоў латвійскі спектакль, які заняў другое месца, і армянскі, што стаў трэцім.
Варта адзначыць, ідэя правядзення такога форуму, пад час якога пакаленне маладых тэатральных творцаў не проста пакажа свае работы ў "фестывальным" фармаце, але і зможа больш блізка пазнаёміцца адно з адным, прыняць удзел у агульных майстар-класах, семінарах, "круглых сталах", узнікла не "раптам". Падрыхтоўчая праца, пад час якой ладзіўся маніторынг тэатральнай сітуацыі, што складваецца ў кожнай з краін-удзельніц, доўжылася цягам трох гадоў.
Адметнасцю форуму з'яўляецца сістэмнасць: у Кішынёў з'ехаліся не толькі акцёры ды рэжысёры, але і маладыя драматургі, чые творы ўвайшлі ў агульны зборнік, сцэнографы, работы якіх можна было пабачыць на выстаўцы, крытыкі, што таксама прадэманстравалі, у якім рэчышчы развіваецца прафесія. А таму яго арганізатары чакаюць, што першы вопыт натуральным чынам здолее перарасці ў працэс фарміравання агульнага тэатральна-культурнага кантэксту.
Акрамя матэрыяльных уганараванняў, пераможца атрымлівае і прыз-"выклік": права прадстаўляць у 2012-м спектакль на Чэхаўскім фестывалі.
На здымку: сцэна са спектакля "Офіс".