Вясковы крэатыў коштам у... “антонаўку”
Фестывальную эстафету ў рэспубліцы падхапіла Віцебшчына. Учора Паставы распачалі XV Міжнародны фестываль народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”. 15 чэрвеня стартуе Міжнароднае свята традыцыйнай культуры “Браслаўскія зарніцы-2012”, а 22 — 24 чэрвеня адбудзецца XIX Міжнародны фестываль песні і музыкі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”. Кожны з іх — знакавы і адметны. Заслуга ў гэтым належыць і Віцебскаму абласному метадычнаму цэнтру народнай творчасці. Пра яго крэатыўную дзейнасць, праблемы і перспектывы — гутарка з дырэктарам установы Кацярынай ЛАБУКА.
- Кацярына Пятроўна, "Браслаўскім зарніцам" - вось ужо 45 гадоў, гэта самы старэйшы фэст на Віцебшчыне. Што робіце для таго, каб сёлетні не быў падобны на папярэдні?
- Ледзь не паўвека таму ўсё пачыналася з агляду харавой творчасці. Мерапрыемства стала абласным, потым - рэспубліканскім. Сёлета сумесна з абласным упраўленнем культуры вырашылі, што не варта забывацца на вытокі свята: у шэрагу мерапрыемстваў запланавана і харавая асамблея, на якой выступяць лепшыя калектывы Віцебшчыны. Летась гэткай жа крэатыўнай адметнасцю выглядаў, як падаецца, гістарычны дзень "Браслаўскіх зарніц": яго мы назвалі "Меч Брачыслава", і ў ім бралі ўдзел гістарычныя клубы вобласці. Так што імкнёмся не паўтарацца.
- Начальнік аддзела культуры Дубровенскага райвыканкама Людміла Дударава распавяла, што пад час "Дняпроўскіх галасоў..." выступяць не толькі 25 калектываў з Малдовы, Польшчы, Латвіі, Літвы, Эстоніі, Украіны, Расіі, але і пройдзе інвестыцыйны форум. Наколькі ведаю, для фэстаў Віцебшчыны такія інвестфорумы - гэта ўжо завядзёнка?
- Так. І ў Паставах, і ў Браславе таксама ладзяцца фестывальныя інвестыцыйныя форумы. Летась пад час аналагічнага мерапрыемства ў Дуброўне падпісана інвестдамова з адной з фірм на будаўніцтва аўтастаянкі і гасцініцы з забаўляльным комплексам. Будаўніцтва ўжо вядзецца... Зразумела, гэта першыя крокі па выяўленні агульных інтарэсаў для інвеставання тых або іншых культурных праектаў. Але без іх які шлях у будучыню?
- Пошукі інвестараў - справа больш чым надзённая, у тым ліку і для ўдасканалення тэхнічных магчымасцей вашага Цэнтра. Ведаю, да прыкладу, што са сваімі калегамі-метадыстамі, скажам, з Магілёва вы не можаце віртуальна кантактаваць, бо не маеце абсталявання для наладжвання відэаканферэнцый...
- Не маем не толькі гэтага. Так, відэакамера - састарэла. Адсутнічае тэхніка для выдавецкай дзейнасці. Не, метадычную літаратуру выдаём, але якасць зборнікаў нас, мякка кажучы, не задавальняе. Больш за тое: не ў кожнага супрацоўніка абласнога метадычнага цэнтра ёсць камп'ютар.
- Што казаць тады пра раённыя метадцэнтры?.. Тым не менш, Віцебшчына - радзіма надзвычай цікавых творчых праектаў. Мяне ў гэтым пераканала камандзіроўка ў Полацкі раён, дзе праблем з дзяржаўна-прыватным інвеставаннем культурных акцый не існуе, бо сітуацыя знаходзіцца пад кантролем і ва ўлад, і ў работнікаў культуры...
- Гэткая ж сітуацыя - і ў аддзеле культуры Полацкага гарвыканкама. Адзначыць хачу і метадычны цэнтр Лепельскага райвыканкама, якім кіруе Нона Сездзіна. Тут нарадзіўся цікавы маладзёжны інавацыйны праект "Домік у вёсцы". Аўтар - вядучы спецыяліст РАМЦ Марына Колас.
- Яна распавяла "К", што асноўным спонсарам праекта стаў "Белаграпрамбанк", свае інвестыцыі ў рэалізацыю ідэі ўклалі лепельскі філіял "Беларусбанка", малочна-кансервавы камбінат, завод хлебабулачных вырабаў... У чым сутнасць "Дамок у вёсцы"?
- Летась пяць маладых гарадскіх сем'яў за пэўную плату пасяліліся на некалькі дзён у закінутым доме вёскі Антонаўка. Сялянскай працай зараблялі сабе бонусы на пражыццё. Для гэтага ў мясцовае абарачэнне былі ўведзены адмысловыя грошы - "ранеткі" ды "антонаўкі", якімі гарадскія "вяскоўцы" і расплачваліся ў антонаўскай краме. Гэта быў першы этап праекта пад назвай "Жыльцы старога дома". Другі этап - "Мы - побач" - распачнецца пад час сёлетняга Купалля. Маладыя людзі будуць жыць у самым сэрцы Бярэзінскага запаведніка - вёсцы Пераходы - у сем'ях састарэлых сяльчан, якім і мяркуецца аказваць валанцёрскую дапамогу. Ну а трэці этап - "Мы разам" - запланаваны на 2013 год. Ён пройдзе на базе адной з нашых сельскагаспадарчых арганізацый. Працаваць і жыць тут будуць маладыя гарадскія і вясковыя сем'і... Праект паспеў стаць суперпапулярным. На ўдзел у ім літаральна чэргі выстройваюцца!
На здымках: дырэктар Віцебскага АМЦНТ Кацярына Лабука.