Гран-пры — з ноўтбукам

№ 23 (1046) 09.06.2012 - 16.06.2012 г

Магілёўшчына: дзіцячая творчасць

/i/content/pi/cult/381/7506/1-3.jpeg3 чэрвеня ў Клімавічах завяршыўся XII Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці "Залатая пчолка". Юныя выканаўцы з Магілёўскай вобласці заваявалі на гэтым мерапрыемстве ўсе Гран-пры.

Цягам трох дзён ладзіліся шматлікія конкурсныя выступленні. Акрамя таго, для гасцей свята працавалі "Горад майстроў", спявалі калектывы Магілёўскай абласной філармоніі ды ўдзельнікі тэлеконкурсу "Я пяю", ладзіліся разнастайныя конкурсы і шэраг іншых акцый. Нагадаем, у сёлетняй "Залатой пчолцы" прымалі ўдзел звыш 600 удзельнікаў з 9 краін свету.

Гран-пры фестывалю ў намінацыі "Вакальнае мастацтва" заваявала ўзорная эстрадная студыя "Росы" Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі "Росквіт" (Бабруйск). У намінацыі "Вакал" перамогу святкаваў саліст прадзюсарскага цэнтра "Прыступкі" Магілёўскай абласной філармоніі Цімур Шушкоў, а ў намінацыі "Выяўленчае мастацтва" - навучэнка Клімавіцкай дзіцячай школы выяўленчых мастацтваў Настасся Антусева. Крысціна Вароніна, выхаванка гуртка "Залатая саломка" раённага Дома рамёстваў Чэрыкава, была лепшай у намінацыі "Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва", а лаўрамі ў намінацыі "Харэаграфічнае мастацтва" быў уганараваны народны ансамбль танца "Фольк-шоу-балет "Альянс" школы-каледжа мастацтваў Бабруйска.

Па словах начальніка аддзела культуры Клімавіцкага райвыканкама Вольгі Хаўранковай, усім удзельнікам фестывалю, а таксама тым, хто заняў І, ІІ і ІІІ месцы, былі ўручаны не толькі дыпломы, але і каштоўныя прызы. А ўладальнікі Гран-пры, дзякуючы спонсарскім сродкам, атрымалі ў якасці ўзнагароды ноўтбукі.

Ю.Ч.