Досвед і эмоцыі ў фармаце open air

№ 23 (1046) 09.06.2012 - 16.06.2012 г

Стыхія фэсту супраць прыроднай стыхіі

/i/content/pi/cult/381/7502/1-1.jpegНа вялікі жаль, у некаторых краінах Еўропы ідэі мультыкультуралізму выклікаюць ужо не захапленне, а насцярожанасць, не вытрымаўшы наплыву сацыяльных стыхій, што выліваюцца ў вулічныя пагромы. На гэтым фоне новыя рэкорды Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур выглядаюць тым больш сімптаматычнымі. У яго фінальных мерапрыемствах, што прайшлі ў Гродне ў мінулыя выхадныя, прынялі ўдзел грамадзяне Беларусі 33 нацыянальнасцей, агулам - больш за дзве тысячы чалавек! Змяшаўшыся са шматкроць большай колькасцю гродзенцаў і турыстаў, яны самым нязмушаным і пераканаўчым чынам засведчылі: ідэя свята - Беларусь як агульны дом для ўсіх яе жыхароў - не мае ў нашай рэчаіснасці ніякіх "падводных рыфаў".

Як адзначыў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А/i/content/pi/cult/381/7502/1-2.jpegляксандр Лукашэнка у сваім прывітальным слове, зачытаным пад час цырымоніі адкрыцця фестывалю віцэ-прэм'ерам Анатолем Тозікам, "грамадзянскі мір і згода, непрымальнасць любых форм дыскрымінацыі і варожасці на этнічнай глебе з'яўляюцца найвялікшымі духоўнымі каштоўнасцямі краіны". Далейшы ход падзей факталагічна падмацаваў гэты пасыл Кіраўніка дзяржавы.

Ва ўмоўнай рубрыцы "Канфлікты, здарэнні, непаразуменні фэсту" можна смела паставіць тлусты прочырк. А вось што да ўплыву згубных стыхій (прыродных, а не сацыяльных)... Ён сапраўды меў месца. Але быў нейтралізаваны звышпазітыўнай стыхіяй святочнага духу.

Танцы пад дажджом

Арганізацыя фэсту, які ахоплівае ледзь не ўвесь горад, - "кухня" надзвычай складаная, і ў прамым, і ў пераносным сэнсе. Трэба размясціць і /i/content/pi/cult/381/7502/1-3.jpgнакарміць гасцей, абсталяваць шматлікія пляцоўкі, урэшце, забяспечыць ахову парадку, ачапіўшы ўвесь цэнтр Гродна - проста, на ўсялякі выпадак...

І самае важнае - творчы складнік. Як распавёў галоўны рэжысёр свята Уладзімір Сяргейчык, сёлета яго эпізодаў было як ніколі шмат - 44. І такі шырокі асартымент забяспечваў культурную праграму для гледачоў усіх узростаў ды ўпадабанняў: ад аматараў інструментальнай музыкі і да тых, хто цікавіцца адзінаборствамі./i/content/pi/cult/381/7502/1-4.jpg

Гродзенскія ўлады, як заўсёды, справіліся са сваёй адказнай роляй гаспадароў на "выдатна". Тым не менш, ёсць фактары, паўплываць на якія - проста не ў людской сіле. Прадбачыць і прадухіліць - таксама. Даўно заўважана, што поспех мерапрыемства ў фармаце open air на добрую палову залежыць ад надвор'я на вуліцы. Сказаць, што гэтым разам з ім не пашчасціла - гэта нічога не сказаць!

Папярэднія прагнозы абяцалі несупынны дождж і анамальную для чэрвеня халадэчу. На жаль, сіноптыкі не /i/content/pi/cult/381/7502/1-6.jpgпамыліліся. Шыбуючы з вакзала па залітых вадой гродзенскіх вуліцах ды пацепваючыся ад пранізлівага ветру, міжволі задаваўся пытаннем: ці вытрывае фэст "выпрабаванні стыхіі"?

Але з першымі гукамі барабанаў мажарэтак, што разам з аркестрам распачыналі ўрачыстае шэсце, усе сумневы развеяліся. Нацыянальныя дэлегацыі, якія рушылі ўслед за імі, хутка пераканалі, што на двары не канец кастрычніка, а ўсё ж першы дзень лета. Музыкі ды танцоры адважна забыліся на парасоны. І сваёй весялосцю яны хутка "зарадзілі" і публіку.

Венесуэльцаў можна адназначна павіншаваць з удалым дэбютам на свяце: яны прыўнеслі ў яго агульную карціну свае непаўторныя фарбы, напоўніўшы гродзенскія вулачкі духам сапраўднага лацінаамерыканскага карнавалу. Па ўсім было відаць, што выхадцы з краіны, дзе нават узімку не халадней за +20, акліматызаваліся ў нашых умовах выдатна.

/i/content/pi/cult/381/7502/1-5.jpgЗмаганне са стыхіяй прадоўжылася і ў наступны дзень свята, калі яно расканцэнтравалася па 25 нацыянальных падворках. Практычна ўся запланаваная праграма адбылася. Казахскія дзяўчаты ў лёгкіх строях ладзілі веснавыя танцы пад праліўным дажджом, на азербайджанскім падворку, які ненадоўга ператварыў гродзенскі дворык у куточак старога Баку, адчуваўся пах шашлыку, цыгане папраўдзе "запальвалі" на сваёй пляцоўцы, сабраўшы вакол сябе цэлую гурбу адкрытых парасонаў...

На рускім падворку, што месціўся ля былога кінатэатра "Гродна", здарылася невялічкае "ЧП": вецер паваліў высокі слуп, да якога мацавалася святочная расцяжка. Але яго тут жа ўстанавілі на месца з дапамогай "валанцёраў" з публікі, замацавалі па-хуткаму, і - святочная праграма пайшла сваім ходам.

І самае важнае - гераізм самадзейных артыстаў не быў бессэнсоўным: яго адзначыла шматлікая публіка. Непагадзь не стала для гродзенцаў важкай прычынай пазбавіць сябе ўлюбёнага свята, і на вуліцы Савецкай было літаральна не праціснуцца./i/content/pi/cult/381/7502/1-7.jpg

Вынік такой упартасці не прымусіў сябе чакаць. Апрыклы дождж, урэшце, скончыўся - акурат пад час плаўнага і далікатнага армянскага танца.

Уся палітра -

у адной вёсцы

Выступаючы на перадсвяточнай прэс-канферэнцыі, намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Тадэуш Стружэцкі нагадаў журналістам, што трохдзённы гродзенскі фэст - гэта толькі вяршыня айсберга Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур. Фінальным акордам папярэднічае цэлая сімфонія - два гады паслядоўнай працы па выяўленні талентаў сярод прадстаўнікоў нацыянальных супольнасцей. І колькасць сёлетніх удзельнікаў - не максімалісцкая самамэта, а вынік аб'ектыўнага адбору. Калі б стаўка рабілася на масавасць, удзельнікаў было б куды больш.

Адправедна, фестываль можна лічыць не толькі вынікам, але і стымулам. Спецыялісты падлічылі, што дзякуючы 18-гадовай гісторыі гэтага форуму аматарская сцэна Беларусі папоўнілася прыкладна сотняй новых калектываў, якія прадстаўляюць розныя этнасы. Нямала тых зорачак, якія запаліліся ў Гродне, выйшла ўжо і на прафесійную сцэну.

І штогод арганізатары знаходзяць усё новыя і новыя магчымасці падтрымаць гэты рух. Сёлета ў рамках вялікага фэсту быў зладжаны студэнцкі "Інтэрфэст" у парку імя Жылібера.

/i/content/pi/cult/381/7502/2-1.jpeg - У нас толькі ў адным Гродзенскім медуніверсітэце вучацца студэнты 28 нацыянальнасцей, не кажучы ўжо пра іншыя ВНУ, - патлумачыў задуму Уладзімір Сяргейчык. - Чаму б не даць ім магчымасць рэалізаваць сябе на асобнай пляцоўцы?..

У той жа час, і сама ідэя фестывалю выходзіць за яго межы. Ужо з'явіліся своеасаблівыя рэгіянальныя аналагі на Барысаўшчыне, Ушаччыне, Астравеччыне... Часам міні-фэст нацыянальных культур у нас можна правесці нават у адной асобна ўзятай вёсцы - як, да прыкладу, Касцюкі на Барысаўшчыне, дзе жывуць прадстаўнікі больш чым 20 нацыянальнасцей.

Дапамагаць - гэта

нармальна

Вядома, у свята не надта карціць думаць пра рэчы практычныя. Але на прэс-канферэнцыі гаварылася і пра эканоміку. Думаецца, мэр Гродна Барыс Казялкоў здзівіў многіх, сказаўшы, што каля 90% затрачаных на арганізацыйныя патрэбы сродкаў - спонсарскія./i/content/pi/cult/381/7502/2-2.jpeg

Тым не менш, без пазабюджэтных выдаткаў фестывальная праграма, без сумневу, моцна збяднела б. Прыкладам, адзін з мабільных аператараў зладзіў на Савецкай плошчы канцэрт румынскай зоркі "Morandi". Яго канкурэнты імкнуліся не адстаць ды прапанавалі публіцы свае праграмы. З такіх "інгрыдыентаў" і ўтвараўся агульны бурлівы "казан свята".

Пад час урачыстай цырымоніі адкрыцця фэсту знак "Ганаровы грамадзянін горада Гродна" быў уручаны генеральнаму дырэктару аднаго з будаўнічых прадпрыемстваў Абдулвагабу Вагабаву: мясцовыя ўлады аддзячылі пастаяннаму спонсару свята не толькі за добрыя эканамічныя вынікі, але і за актыўную сацыяльную пазіцыю. У ліку спонсараў вось ужо не ў першы раз было і закрытае акцыянернае таварыства, якое спецыялізуецца на гандлі. Пагутарыўшы з яго дырэктарам Васілём Фунтам, карэспандэнты "К" пераканаліся ў тым, што гэты адказны ды інтэлігентны кіраўнік цалкам свядомы ў сваёй падтрымцы значных сацыяльных ініцыятыў.

/i/content/pi/cult/381/7502/2-3.jpeg- Мы заўсёды імкнёмся прымаць спонсарскі ўдзел у тых культурых мерапрыемствах, якія ладзяцца ў Гродне, - кажа ён. - І нашы акцыянеры ставяцца да такой актыўнай пазіцыі вельмі прыхільна, яна ніколі не выклікае іх пярэчанняў. Вось і гэтым разам мы забяспечвалі ўдзельнікаў свята харчаваннем, сувенірамі... Я лічу, што дапамагаць роднаму гораду ў добрай справе - гэта нармальна.

Менавіта гэтая згуртаванасць, патрыятызм гродзенцаў у дачыненні да свайго горада і, у прыватнасці, фэсту - адзін з галоўных фактараў поспеху форуму і іншых сацыяльна-значных ініцыятыў і пераўтварэнняў горада. Тое сцвярджэнне датачыцца ўсіх гродзенцаў, незалежна ад прафесіі, сацыяльнага статусу і нацыянальнасці.

Каб "крыгі"

спарадзілі "крыгаход"

У сёлетняй фестывальнай праграме значыліся не толькі традыцыйныя, але і новыя пляцоўкі. У іх ліку - і галерэя "Крыга", што зладзіла мастацкую выстаўку "Кветкі ўсіх народаў у вянок Купалу", прымеркаваўшы яе да юбілею Песняра. Падзея была зусім камерная - як і сама невялікая выставачная зала. Ды, як падаецца, без увагі гасцей і прэсы яна не абышлася. Многія з іх адзначылі: у старадаўнім Гродне з'явілася яшчэ адно "гарадзенскае" месца - на жаль, адно з нешматлікіх. Галерэя месціцца ў глыбіні маляўнічага дворыка на Савецкай./i/content/pi/cult/381/7502/1-4.jpeg

Фестывальныя дні прымнажаюць не толькі колькасць турыстаў у Гродна (іх наплыў быў заўважны нават няўзброеным вокам), але і лік турыстычных адметнасцей. А сярод іх, неаспрэчна, - і тыя самыя дворыкі, часова ператвораныя ў нацыянальныя падворкі. Там пад час свята было асабліва тлумна - нават не зважаючы на дождж.

Аднак у звыклы ўік-энд тыя дворыкі выглядаюць бязлюднымі. У іх наўрад ці можна натрапіць на ўтульную кавяраньку або сувенірную краму (адзінкавыя выключэнні - не ў лік), альбо стаць выпадковым гледачом камернага канцэрта ці анімацыйнай праграмы. Таму само сабой напрошваецца пытанне: дык чаму б не насычаць гэтыя дворыкі жыццём  - хаця б толькі на выхадныя і ў летні час, як гэта з нядаўняй пары заведзена ў сталіцы?

Вядома, ставіць на плошчы Савецкай вялікую сцэну ды з ранку да ночы напаўняць яе якаснай праграмай - гэта дужа затратна для "шараговага" турівэнту. Але Фэст нацыянальных культур з усімі яго запланаванымі ды імправізаванымі эпізодамі ў чарговы раз засведчыў, што публіку прыцягваюць не толькі вялікія відовішчы. Нямала зацікаўленых гледачоў тоўпілася, скажам, ля кавалёў, якія дэманстравалі сваё ўмельства проста пасярод той самай цэнтральнай плошчы. Думаецца, няма аб'ектыўных перашкод, каб зрабіць такія камерныя "шоу" завядзёнкай. І ўжо дакладна не выпадае сумнявацца ў тым, што яны здатныя цудоўна палепшыць "турыстычны клімат" Гродна.

...Так, кожнае свята раней ці пазней заканчваецца, эмоцыі суцішаюцца. Аднак свята - гэта не толькі эмоцыі, але яшчэ і карысны досвед. І вельмі важна, каб ён укараняўся і ў паўсядзённай рэчаіснасці.

Андрэй СПРЫНЧАН (фота), нашы спецкарэспандэнты

Мінск - Гродна - Мінск

На здымках: моманты маляўнічага фестывалю.