Цеслер & Войчанка. Плакаты

№ 43 (809) 27.10.2007 - 02.11.2007 г

Пад такой назвай на выстаўцы ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі экспануюцца творы, народжаныя ў нетрах творчага дуэта Уладзіміра Цеслера (н. 1951) і Сяргея Войчанкі (1955 — 2004). За 25 гадоў сумеснай працы яны сталі ўладальнікамі больш чым 40 узнагарод міжнародных конкурсаў, біенале і фестываляў плаката.

/i/content/pi/cult/134/750/Cesler1.jpg 

“Крэсла”.

У аснове плакатных лістоў ляжаць фотаматэрыялы, якія адлюстроўваюць жыццёвы ўклад сучаснага чалавека. Агульнавядомы той факт, што ў фатаграфіі-дакуменце закладзена вялікая публіцыстычная моц. Фатаграфія надае сапраўднасць любой сітуацыі — ад камічнай да трагічнай.
Мастакі звяртаюцца да розных тэм: ад ваенных і гістарычных да сацыяльных і культурна-відовішчных.Асваенне плакатнай спецыфікі, усведамленне яе функцыянальнай прыроды дазволілі аўтарам выпрацаваць уласны арыгінальны плакатны стыль, які адрозніваецца вострай пластычнай выразнасцю, фантазіяй, вялікім пачуццём гумару (“Чаравічак (Вясна)”, “Костка”, “Ваенны аркестр”).
Для тэатральных плакатаў характэрны нечаканасць рашэнняў, інтрыга, што выклікае ў гледача жаданне “ў натуры” паглядзець пастаноўку (“Вайна і мір”, “Лебядзінае возера”).
Іх творы розныя па эмацыйных адценнях: сатырычныя, лірычныя, драматычныя. Кола інтарэсаў Цеслера і Войчанкі даволі шырокае. Ім удалося знайсці абсалютна новыя аспекты і сэнсавыя варыянты штодзённых побытавых рэчаў, да якіх мы даўно прывыклі: відэлец, крэсла, футарал, бутэрброд… У некаторых плакатах асноўную эмацыйную нагрузку нясе пейзажны вобраз (“Дрэва”).
Экспазіцыя дае ўяўленне пра сучаснае беларускае плакатнае мастацтва як мастацтва дынамічнае, якое ніколі не стаіць на месцы.

Марына САЛАЎЁВА,
навуковы супрацоўнік НММ РБ