Дзелавы эфект

№ 23 (1046) 09.06.2012 - 16.06.2012 г

“Інтэрмузей-2012”: здабыткі беларускіх прафесіяналаў

/i/content/pi/cult/381/7493/2-1.jpegЗ 1 па 5 чэрвеня ў Маскве прайшоў чарговы Міжнародны фестываль музеяў “Інтэрмузей-2012”, у якім удзельнічалі прадстаўнікі звыш 200 музейных устаноў з 9 краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Пра вынікі гэтага знакавага мерапрыемства “К” распавяла намеснік начальніка ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Святлана ГАЎРЫЛАВА.

- Найперш хачу адзначыць, што Беларусь ужо трэці раз прымае ўдзел у "Інтэрмузеі", і наша дэлегацыя сёлета была адной з найбольш прадстаўнічых. Арганізатары выдаткавалі нам пяць бясплатных месцаў, таму нам удалося значна павялічыць колькасць беларускіх удзельнікаў форуму: на ім было прадстаўлена 9 нашых музейных устаноў, а склад дэлегацыі дасягнуў 25 чалавек. Гэта Нацыянальны гістарычны і Нацыянальны мастацкі музеі, Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік "Нясвіж" і Замкавы комплекс "Мірскі замак", Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы і Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, Гомельскі палацава-паркавы ансамбль і Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік, а таксама Лідскі гісторыка-мастацкі музей.

Асноўная тэма сёлетняга фестывалю была агучана яшчэ да яго пачатку і датычылася інтэграцыі музеяў у турыстычную інфраструктуру. У сувязі з гэтым для ўдзелу ў "Інтэрмузеі-2012" былі запрошаны шматлікія турыстычныя асацыяцыі, найбуйнейшыя тураператары і арганізацыі, звязаныя з развіццём турызму ў Расіі і за яе межамі. Да таго ж, у рамках фестывалю прайшла і Міжнародная выстаўка "Музейныя тэхналогіі і абсталяванне "Тэхнамузей", у якой прынялі ўдзел як буйныя расійскія, так і замежныя арганізацыі, што пастаўляюць абсталяванне для музеяў ды займаюцца ўкараненнем сучасных тэхналогій у музейную дзейнасць. Гэта і электронныя білеты, і тэхніка маркіроўкі ды абароны фондаў, многае іншае - словам, усё тое, да чаго ў нашай краіне пакуль толькі падступаюцца... Таму паглядзець на дадзеныя навінкі нам было вельмі карысна. Заўважу, што ўсе гэтыя арганізацыі - вытворцы інфармацыйных тэхналогій будуць абавязкова прадстаўлены таксама і на айчынным музейным форуме, што адбудзецца ўвосень у Гродне.

- Наколькі беларускія музеі "глядзяцца" на фоне іншых падобных устаноў з краін СНД? Якую ацэнку дзейнасці нашых музейшчыкаў далі іхнія калегі?

- На "Інтэрмузеі-2012" мы атрымалі самыя станоўчыя водгукі ад нашых калег з краін Садружнасці. І ўсе спецыялісты адзначалі высокі ўзровень беларускіх музейшчыкаў. У якасці прыкладу - толькі адзін факт. У рамках фестывалю, як вядома, адбыліся два міжнародныя конкурсы. Дык вось, у адным з іх, конкурсе музеяў краін СНД "Прастора культуры - прастора даверу", беларускія музеі прынялі не толькі самы чынны ўдзел, але і заваявалі І месца! Праект Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка кампетэнтнае журы ацаніла самымі высокімі баламі і ўзнагародзіла беларусаў, акрамя дыплома І ступені, грашовай прэміяй у 500 тысяч расійскіх рублёў. Праект меў назву "Музеефікацыя комплексу насценнага жывапісу XII - XIX стагоддзяў Спаса-Праабражэнскага храма ў Полацку". Аўтары праекта - дырэктар музея Тамара Джумантаева, навуковыя супрацоўнікі Аксана Шафран, Алеся Якімовіч і Віталь Гаўрылаў.

Дарэчы, дыпламантамі гэтага конкурсу сталі таксама і іншыя беларускія музеі: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры і Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік "Нясвіж". Напрыклад, сайт апошняга названага музея быў высока адзначаны спецыялістамі, што ўваходзілі ў склад журы конкурсу.

- Якія, на ваш погляд, найбольшыя здабыткі і вынікі фестывалю? У якіх мерапрыемствах найбольш карысна было паўдзельнічаць музейшчыкам Беларусі?

- Найбольш важна нам было паўдзельнічаць у дзелавой праграме фестывалю. У яе рамках ладзіліся шматлікія мультымедыйныя прэзентацыі, слухаліся даклады вядомых экспертаў і музейных менеджараў з Еўропы і Аўстраліі, адбываліся "круглыя сталы", цікавыя майстар-класы і многае іншае.

Таксама вельмі важна, што сёлета ў міжнародным форуме прынялі ўдзел многія маладыя беларускія супрацоўнікі музеяў, у тым ліку - з рэгіёнаў. Зразумела, падобныя мерапрыемствы даюць магчымасць не толькі ўбачыць, якімі клопатамі жывуць нашы калегі з іншых музеяў краін СНД, але і пазнаёміцца з асноўнымі тэндэнцыямі развіцця музейнай справы ў свеце.

Карысны вынік фестывалю для Беларусі і ў тым, што нам удалося не толькі аднавіць усе старыя сувязі з музеямі краін СНД, але і завязаць шматлікія новыя кантакты. У прыватнасці, на айчынны музейны форум мы запрасілі замежных гасцей. У тым ліку - незалежнага кансультанта, менеджара па праектах Катрын Хіеке з Берліна са сваёй прэзентацыяй "Музеі і культурны турызм у Германіі", дырэктара па развіцці Бьёрна Стэнверса (Нідэрланды) з прэзентацыяй "Музеі і культурны турызм у Амстэрдаме" ды іншых. Таксама зразумела, што многія цікавыя напрацоўкі, якія былі выкарыстаны пры правядзенні "Інтэрмузея-2012", будуць, натуральна, узяты намі на ўзбраенне пры арганізацыі музейнага форуму ў Гродне...

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"