Мы звярнуліся да рэжысёра "Кіндэр-Вілейскага прывіду" Алены Туравай з просьбай патлумачыць, якім чынам англійскі сюжэт будзе адаптавацца да беларускай рэчаіснасці.
- Такой праблемы не існуе, - адказала Алена Віктараўна, - бо і там, і там - Еўропа. Героі карціны - падлеткі з Вілейскага раёна, гэткія шукальнікі прыгод і скарбаў. У іх нават ёсць песня: "Мы - крутакопы з цэнтра Еўропы..."
Перакладаць літаратуру на мову кіно, друкаванае слова на відэашэраг увогуле складана, тым больш калі гаворка ідзе пра такога бліскучага стыліста, як Аскар Уайльд. Мы імкнёмся захаваць у фільме ягоны гумар. Дасціпныя афарызмы Уайльда ўвашлі ў наш побыт, сталі, так бы мовіць, фальклорам, і многія паўтараюць іх, не ведаючы імені аўтара. Крылатыя фразы Уайльда будуць і ў нашай стужцы: яны прагучаць з вуснаў прадстаўніка старэйшага пакалення - бабулі Клаўдзіі.
Гэты фільм - пра стасункі пакаленняў, пра тое, што трэба шукаць паразуменне, што галоўнае ў жыцці - не грошы ці якіясьці матэрыяльныя даброты, а дабрыня і сяброўства...
Прэм'ера карціны запланавана на май наступнага года.