Этнаэксклюзіў

№ 43 (809) 27.10.2007 - 02.11.2007 г

На пытанні “К” адказвае загадчыца лабараторыі традыцыйнага мастацтва Беларускага дзяржаўнага інстытута праблем культуры Алена БОГАНЕВА.

 /i/content/pi/cult/134/749/Boganeva.jpg
— Плён працы вашай лабараторыі, Алена Міхайлаўна, не можа не ўражваць. Доўгатэрміновы праект “Традыцыйная мастацкая культура беларусаў” пераўтварыўся ўжо ў тры аб’ёмістыя тамы навуковых манаграфій — унікальных этнавізітовак Магілёўскага Падняпроўя, Віцебскага Падзвіння і Гродзенскага Панямоння.
Якой цаной далася праца? Які практычны досвед назапашаны?
— У плане, дарэчы, яшчэ тры тамы. Цяпер працуем над матэрыялам, сабраным на Брэстчыне. Кнігу, прысвечаную Заходняму Палессю, мяркуем выдаць у наступным годзе. Потым зоймемся Усходнім Палессем Гомельшчыны і Цэнтральнай Беларуссю Міншчыны... Праца гэтая не мае аналагаў на постсавецкай прасторы. Як, зрэшты, і метадалагічная канцэпцыя комплексных даследаванняў лакальных культур, распрацаваная ў адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай “Культура”.
Стварылі па адзінай выверанай схеме 21 апытальнік па шматлікіх відах і жанрах беларускага традыцыйнага мастацтва (дарэчы, апытальнікі гэтыя газета “Культура” друкуе з першага нумара “Куфра-радцы”).
Схема, як думаецца, аптымальная і эфектыўная, бо пастаянна цікавіць даследчыкаў з Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Польшчы, Малдовы.
За гэтымі манаграфіямі — неймаверная праца і васьмі супрацоўнікаў лабараторыі, і некаторых навукоўцаў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук. Гэта і збор звестак ці праца “ў полі” — толькі за тры апошнія гады правялі звыш за 50 фальклорна-этнаграфічных экспедыцый у 56 раёнах Беларусі. Гэта і апрацоўка матэрыялаў, іх сістэматызацыя і падрыхтоўка да друку. Карпатлівая штодзённая праца! Вось, напрыклад, ланцужок клопату аднаго толькі Мікалая Козенкі, старшага навуковага супрацоўніка нашай лабараторыі, які займаецца танцавальным фальклорам: вышукаць носьбітаў аўтэнтычнага мастацтва, запісаць іх танец на відэа, перанесці кожны нюанс рухаў у графічныя схемы, апісаць кампазіцыю танца, перавесці музыку ў ноты... Падрыхтоўка кожнага тома займае ад 5 да 7 гадоў. Першыя два ў 2002-ім і 2004-ым выдала “Беларуская навука”, трэці (у дзвюх кнігах) пабачыў свет летась у выдавецтве “Вышэйшая школа”.
Фінансуе праект дзяржава. Не магу не дадаць, што ідэя яго належыць вядомаму беларускаму этнамузыколагу Тамары Варфаламеевай, якая кіруе ажыццяўленнем праекта.
— Некалькі слоў пра змест унікальных манаграфій...
Кампіляцый тут няма аніякіх, усе артыкулы — нашы, жывыя, ёмістыя, прызначаныя і для шырокай аўдыторыі, і для метадычна-кансультацыйнай дапамогі культасветработнікам. Дасканала апісаны каляндарныя святы, сямейныя звычаі і абрады, танцавальны фальклор, народныя гульні, нават народная проза — казкі, былічкі, легенды, паданні, бытавыя аповеды. Прадстаўлена і матэрыяльная культура: традыцыйнае адзенне, народны тэкстыль...
— Кнігі гэтыя з невялікім накладам у 1200 асобнікаў карыстаюцца павышаным попытам. А фальклорныя дыскатэкі сталі моднымі, наколькі ведаю, не толькі ў вашым інстытуце, але ўжо і ва Універсітэце культуры і мастацтваў. Гаворка пра ўздым папулярнасці этнакультуры?
— Пра бум казаць пакуль ранавата, але тэндэнцыя такая ёсць. Прынамсі, пяць аўдыёальбомаў на CD-дысках пад агульнай назвай “Этнічная музыка беларусаў”, выпуск якіх лабараторыя распачала з мінулага года, прызначаны не толькі для, так бы мовіць, унутранага, навуковага карыстання. Яны выклікаюць інтарэс у моладзі, бо паўтары сотні песень са Смаргонскага, Ельскага, Старадарожскага, Бялыніцкага, Клічаўскага раёнаў — аўтэнтычныя, непадманныя, чыстыя. А фальш, на які грашыць усюдыісная эстрада, надакучыў смяротна ўсім! Таму на фальклорных вечарынах, камерных этнаграфічных канцэртах, якія ладзім сумесна з Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтваў, заўжды безліч удзячных слухачоў. Чым не доказ таму, што навука наша ідзе поруч з нацыянальнай культурай.

Гутарыў Андрэй СТАРЖЫНСКІ