Прэтэндэнты на статус “нацыянальны”

№ 23 (1046) 09.06.2012 - 16.06.2012 г

Неўзабаве ў нашай краіне могуць распачацца здымкі нацыянальнай і, што немалаважна, канкурэнтаздольнай мастацкай карціны. Пра гэта засведчылі шматлікія заяўкі, якія прыняло Міністэрства культуры нашай краіны для ўдзелу ў Адкрытым рэспубліканскім конкурсе на вытворчасць нацыянальных фільмаў і фільмаў па сацыяльна-творчых заказах.

 

У прыватнасці, на конкурс пададзена 61 заяўка, з якіх у выніку адбору да ўдзелу дапушчаны амаль 60 кінапраектаў ад 15 дзяржаўных і прыватных арганізацый кінематаграфіі краіны. Сярод прэтэндэнтаў на перамогу - 23 ігравыя, 10 анімацыйных і 27 неігравых кінапраектаў. У конкурсе ўдзельнічаюць і сумесныя праекты, у тым ліку - кінастудыі "Беларусьфільм" і нацыянальных тэлеканалаў. З прапановай вытворчасці ігравога фільма выступіў таксама і "Белвідэацэнтр". На ганаровае званне нацыянальнага прэтэндуюць 6 кінапраектаў, яшчэ столькі ж - на дэбют.

Трэба адзначыць, што пры правядзенні конкурсу працуе кампетэнтная камісія, якая вызначае пераможцаў. У яе склад уваходзяць прадзюсары, сцэнарысты, рэжысёры, акцёры, рэдактары, кіназнаўцы і мастацтвазнаўцы, прадстаўнікі тэлеканалаў і кінавідэапракату, дзяржаўных і прыватных вытворцаў кінапрадукцыі, грамадскіх арганізацый, прадстаўнікі міністэрстваў культуры, інфармацыі і фінансаў.

Сярод найбольш важных крытэрыяў ацэнкі фільмаў будзе ўлічвацца выкарыстанне арыгінальных творчых ідэй і задумак, мастацкая якасць літаратурнага сцэнарыя, а таксама сацыяльная значнасць кінапраекта ды стварэнне прывабнага іміджа Беларусі. Акрамя таго, камісіяй разглядаюцца і мяркуемыя мерапрыемствы па прасоўванні кінастужкі, у тым ліку за межамі Беларусі.

Да слова, вынікі конкурсу будуць абвешчаны вельмі хутка!

Ул. інф.