“Офіс” у Кішынёве

№ 23 (1046) 09.06.2012 - 16.06.2012 г

З 5 па 13 чэрвеня ў сталіцы Малдовы праходзіць Маладзёжны тэатральны форум. Мерапрыемства ладзіцца пад эгідай і пры ўдзеле Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў —удзельніц СНД.

Беларусь на гэтым тэатральным форуме прадстаўляе Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. 10 чэрвеня на сцэне Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра імя А.П. Чэхава купалаўцы прадставяць на суд малдаўскіх гледачоў спектакль "Офіс" паводле Інгрыд Лаўзунд у пастаноўцы Кацярыны Аверкавай. Фінансавая падтрымка гастролей трупы ажыццяўляецца за кошт сродкаў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Як распавялі "К" у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы, у праграму форуму пастаноўка была адабрана экспертным саветам фэсту, які з кастрычніка 2010-га па красавік 2011 года праглядаў спектаклі, пастаўленыя маладымі рэжысёрамі ў краінах СНД, Балтыі і Грузіі. З ліку 61 спектакля экспертны савет адабраў 12 найлепшых, у тым ліку - "Офіс" купалаўцаў. Нагадаем, гэтая пастаноўка - уладальніца Гран-пры VI Міжнароднага маладзёжнага тэатральнага форуму "М.@rt.кантакт-2011".

Па выніках сёлетняга форуму ў Кішынёве спектакль-пераможца прыме ўдзел у Міжнародным тэатральным фестывалі імя А.П. Чэхава, які адбудзецца ў 2013 годзе ў Маскве.

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"