Напрыканцы мая ў вёсцы Пятровічы Смалявіцкага раёна, што на Міншчыне, адбыўся вечар "На роднай зямлі", прысвечаны Году кнігі і адкрыццю музейнай экспазіцыі, якая распавядае пра знакамітага паэта-перакладчыка Язэпа Семяжона.
Фонд музейнага кутка, створаны пры падтрымцы і непасрэдным удзеле Мінскай сярэдняй школы № 43, Пятровіцкай сельскай бібліятэкі, аддзела культуры Смалявіцкага райвыканкама, змяшчае 500 экзэмпляраў. Сярод іх - фотаздымкі, відэаматэрыялы, аўдыязапісы ўспамінаў, публіцыстычныя артыкулы, копіі рукапісаў і перакладаў, аўтографы Язэпа Семяжона. Пры гэтым матэрыялы пра жыццёвы і творчы шлях паэта-перакладчыка збіраліся і сістэматызаваліся не прафесійнымі музейшчыкамі, а апантанымі людзьмі: настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Таццянай Апацкай і вучнямі сталічнай сярэдняй школы № 43.
Як неаднаразова адзначалася пад час вечара, гэтая карысная праца, якая мае вялікае значэнне для ўшанавання памяці пра Язэпа Семяжона, паспрыяе папулярызацыі творчасці перакладчыка не толькі на Смалявіцкай зямлі, але і ва ўсёй краіне.
Варта нагадаць, што Язэп Семяжон, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы, кавалер ордэна Дружбы народаў, у свой час удзельнічаў у вызваленні Заходняй Беларусі, савецка-фінскай і Вялікай Айчыннай войнах, настаўнічаў у роднай вёсцы, Сувораўскім вучылішчы. Аднак многім ён знаёмы як перакладчык твораў Дантэ Аліг'еры, Вільяма Шэкспіра, Роберта Бёрнса, Марка Твэна, Адама Міцкевіча, Міколы Гусоўскага і многіх іншых класікаў сусветнай літаратуры.
К.А.