Пленэр набірае моц…

№ 43 (809) 27.10.2007 - 02.11.2007 г

Традыцыйны ХІІ Міжнародны пленэр па жывапісе “Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве”, прысвечаны 135-годдзю з дня нараджэння народнага мастака РСФСР і БССР В.К. Бялыніцкага-Бірулі, з 4 верасня па 4 кастрычніка 2007 года праходзіў на жывапісных прасторах Магілёўскай вобласці і на “Акадэмічнай дачы імя І.Я. Рэпіна” ў Цвярской вобласці. На пасяджэнні аргкамітэта было прынята рашэнне пашырыць геаграфічнае кола ўдзельнікаў пленэру, таму ў гэтым годзе ўпершыню працавалі прадстаўнікі з Балгарыі, Польшчы, Аўстрыі, Германіі, Арменіі, Ізраіля.

 /i/content/pi/cult/134/748/Plener1.jpg

Л.Гоманаў. “Цёплы вечар” (Беларусь).

Спачатку ўдзельнікі пленэру працавалі на “Акадэмічнай дачы імя І.Я. Рэпіна”.
Наогул для жывапісцаў знаходжанне на гэтай дачы стала добрай жыццёвай і прафесійнай школай. Мастакоў — удзельнікаў пленэру прывабліваюць не толькі сам ландшафт, але і творчая атмасфера, багацце традыцый... Сустрэў іх народны мастак Расіі, акадэмік, старшыня Саюза мастакоў Расіі, лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва Валянцін Сідараў, наш даўні сябра. Адбываліся шматлікія творчыя сустрэчы з вядомымі мастакамі Расіі, наведвалі майстэрні знакамітых расійскіх творцаў, стварылі шэраг вельмі ўдалых жывапісных і акварэльных кампазіцый.
Творчая група наведала таксама былую дачу В.Бялыніцкага-Бірулі “Чайка”, пахадзілі па гэтай зямлі, падыхалі паветрам Удомлі.
Потым, з 20 верасня па 2 кастрычніка, мастакі плённа працавалі на Магілёўшчыне, у жывапісных мясцінах каля Крынкі.26 верасня адбылася сустрэча ўдзельнікаў пленэру з міністрам культуры РБ Уладзімірам Матвейчуком. Спецыяльна для гэтай сустрэчы мастакі зрабілі невялікую экспазіцыю, на якой паказалі свае творы, напісаныя за гэты перыяд. Міністр правёў цікавую гутарку з мастакамі, уважліва выслухаў іх меркаванні наконт пленэру, пажадаў жывапісцам плённай працы, творчага натхнення і цікавай выніковай выстаўкі.
Такая выстаўка адбылася 3 кастрычніка ў залах Магілёўскага абласнога мастацкага музея
 /i/content/pi/cult/134/748/Plener2.jpg
П.Петкаў. “Вёска” (Балгарыя).
імя П.В.Масленікава. Было прадстаўлена 87 твораў жывапісу і акварэльных аркушаў. Грамадскае журы адзначыла творы расіяніна В.Арлова ў намінацыі “Пейзаж настрою”, у намінацыі “Адзінства чалавека і прыроды”адзначаны творы П.Петкава з Балгарыі, у намінацыі “За наватарства ў адлюстраванні настрою, пошук новых вобразна-пластычных форм пейзажа” — пейзажы В.Ціханава, у намінацыі “Лірызм успрыняцця прыроды” — работы М.Мішчанкі і Л.Гоманава, у намінацыі “Пейзаж настрою”— карціны У.Масленікава.
Шырыня творчага дыяпазону мастакоў, творы якіх прадстаўлены ў экспазіцыі, дазваляе шматлікім аматарам выяўленчага мастацтва і мастацтвазнаўцам упэўніцца ў высокім прафесійным майстэрстве ўдзельнікаў пленэру, у іх імкненні стварыць жыццесцвярджальныя натхнёныя творы аб чалавеку, аб сучаснасці, аб Радзіме.
Выстаўка будзе працаваць да 15 лістапада 2007 г.

Святлана СТРОГІНА,
намеснік дырэктара па навуковайпрацы
Магілёўскага абласнога
мастацкага музея імя П.Масленікава