Лета ў летніку

№ 22 (1045) 02.06.2012 - 08.06.2012 г

На час канікул многія школьнікі адпраўляюцца ў загарадныя летнікі і аздараўленчыя цэнтры. Таму ў плане бяспекі гэтыя месцы патрабуюць пастаяннай увагі з боку кіраўніцтва названых устаноў.

 

Яшчэ да адкрыцця летняга сезона дырэкцыя павінна забяспечыць рамонт будынкаў на тэрыторыі лагера ці цэнтра, а таксама пракантраляваць супрацьпажарую бяспеку аб'ектаў. А гэта, у першую чаргу, - забеспячэнне патрабаванняў супрацьпажарнага рэжыму, распрацоўка алгарытму дзеянняў абслугоўваючага персаналу на выпадак узнікнення пажару ды іншых надзвычайных сітуацый, арганізацыя дзяжурства ў начны час, абсталяванне памяшканняў неабходнай колькасцю сродкаў пажаратушэння і сувяззю, а таксама кантроль за свабодным пад'ездам пажарных аўтамабіляў да ўсіх будынкаў і водных крыніц.

Гэты пералік патрабаванняў кіраўніцтву дзіцячых летніх устаноў патрэбна ведаць на памяць. Як і тое, што, да прыкладу, пад час прыёму на працу кожны супрацоўнік установы павінен абавязкова прайсці супрацьпажарны інструктаж, навучыцца карыстацца першаснымі сродкамі пажаратушэння. Вітаецца і стварэнне ў дзіцячых аздараўленчых летніках добраахвотных пажарных дружын. Перад пачаткам кожнай змены з членамі ДПД варта ладзіць заняткі, у тым ліку практычныя, на якіх можна адпрацоўваць навыкі ліквідацыі пажару і эвакуацыі летніка.

І, канешне ж, пільны кантроль за дзіцячымі летнікамі ажыццяўляюць інспектары Дзяржпажарнагляду, прычым як да пачатку аздараўленчага сезона, так і пад час яго, а таксама пастаянна ладзяць у іх планавыя і пазапланавыя праверкі ды інструктажы.

Таццяна БЫЧАНОК, спецыяліст аддзела прапаганды і навучання

Савецкага РАНС г. Мінска