Краіна Елізар’ева: шматмоўе на мове любові

№ 43 (809) 27.10.2007 - 02.11.2007 г

Юбілейны фестываль балетаў Валянціна ЕЛІЗАР’ЕВА завершыцца 30 кастрычніка — акурат у юбілейны, шасцідзесяты дзень нараджэння знакамітага харэографа. Але тая ўрачыстасць — усяго толькі клічнік, што эмацыйна падвядзе вынік лагічна адбудаванага сказа пра майстра, напісанага ім самім, пераказанага артыстамі і прачытанага публікай. А ёсць у тым сказе не толькі дзейнік ды выказнік, але і ўсё суквецце дапаўненняў, акалічнасцей і азначэнняў, што і робяць мастацтва мастацтвам. Калі я завітала ў тэатр, Валянцін Мікалаевіч яшчэ не скончыў “фотасесію”. Уласна кажучы, гэта была рэпетыцыя ў балетнай зале, удала скарыстаная Ігарам Кузняцовым. Але падчас яе я “пачула” ад Елізар’ева куды больш, чымсьці ў любым інтэрв’ю і нават на спектаклі. Бо балеты ідуць у “перакладзе” артыстаў, інтэрв’ю — ва ўласным ”перакладзе”, але вербальным. І толькі тыя заўзятыя скокі перад люстэркам — арыгінал, што не паддаецца перакладу.

 /i/content/pi/cult/134/747/Elizarjev1.jpg
— Вы рэпеціравалі “Карміну Бурану”. А чаму менавіта гэты спектакль абраны для ўрачыстасці? Маўляў, “Карміна…” — ваша карма?
— Ён адпавядае духу вечара.
— Так, ён папраўдзе самы святочны, жыццесцвярджальны. Дый у Еўропе ёсць традыцыя паказваць гэту кантату Орфа (на жаль, не ў выглядзе вашага балета) на Ражджаство ды іншыя святы.
— А яшчэ гэты спектакль — цудоўная магчымасць паказаць патэнцыял нашых абодвух Вялікіх тэатраў: не толькі балета,але і оперы. На гэты вечар прыйдзе шмат тых, хто раней у нас не бываў. Хай адчуюць, якія ў нас аркестр, хор, вакалісты — усе выдатныя майстры!
— Другое аддзяленне вечара — цалкам гасцявое. Як удалося сабраць разам столькі сусветных зорак? Арганізацыйная праца, як і творчая, — гэта ж заўсёды айсберг, бо на паверхні толькі малая яго частка.
— Практычна ўсе выступаюць і нават прыязджаюць да нас за свой кошт, у тым ліку прадстаўнікі Кітая і Японіі. Там адны толькі квіткі на самалёт каштуюць больш за тысячу долараў.Але ўсё — як падарунак нашаму тэатру і краіне ад добрых суседзяў і сяброў. Ва ўсім свеце пра культуру ў той ці іншай краіне мяркуюць менавіта па ўзроўні оперы і балета. А па колькасці ўкладзеных у пастаноўку сродкаў — пра ўзровень жыцця ў краіне. Мастацтва ў дачыненні да жыцця — той ідэал, да якога мы імкнемся. Можа, нават, прыгожая казка, бо ў жыцці тыя ж трагедыі бываюць далёка не такімі прыгожымі, як на сцэне. Але па тых казках ды ідэалах мы і будуем сваю будучыню.
— А ў сваёй сям’і — які “тэатр” вы будавалі для сваіх дзяцей? Бо іншых такіх выпадкаў, каб разам сабраліся галоўны балетмайстар (ён жа дырэктар тэатра) і оперны рэжысёр, а цяпер мастацкі кіраўнік Нацыянальнай оперы, я не ведаю.
— Тым не менш, разам з Маргарытай Мікалаеўнай Ізворскай-Елізар’евай мы разам вось ужо 37 гадоў. Што ж да дзяцей, дык я разумеў, што ў іх няма нейкіх асаблівых, звышнатуральных музычных і харэаграфічных адоранасцей — і не рабіў з іх артыстаў. Дачка, праўда, маленькай удзельнічала ў дзіцячых сцэнах мімансу. А сын саромеўся. Але
 /i/content/pi/cult/134/747/Elizarjev2.jpg
ж яны атрымалі добрую хатнюю “тэатральную адукацыю”. Мы з імі шмат размаўлялі пра мастацтва, асабліва жонка, яны і зараз далёка не шараговыя члены грамадства і выраслі дасведчанымі аматарамі тэатральнай культуры. Тая ж дачка, якая жыве і працуе ў Мінску, не прапускае ніводнай прэм’еры, у тым ліку ў драматычных тэатрах.
Прычым робіць гэта самастойна, без нашай падказкі. Паводле спецыяльнасці яны — абодва лінгвісты. Ганна скончыла наш Лінгвістычны універсітэт, стажыравалася ў Афінах, ведае некалькі еўрапейскіх моў, у тым ліку грэчаскую. Саша скончыў Маскоўскі універсітэт і аспірантуру пры ім, кандыдат лінгвістычных навук, індолаг. Акрамя рускай і беларускай, ведае чатыры еўрапейскія мовы і пяць усходніх. Нядаўна ўпотай ажаніўся, і на маім юбілеі мы, нарэшце, пазнаёмімся са сваёй нявесткай. Вельмі хвалюемся. Але ён зрабіў свой выбар, і мы павінны яго паважаць.
— Дзеці калі-небудзь крытыкавалі вашы спектаклі?
— Яшчэ як!
— А вы ў іх чаму-небудзь вучыліся?
 /i/content/pi/cult/134/747/Elizarjev3.jpg
— Калі ставіў “Стварэнне свету”, дык для гульняў у раі падглядваў рухі сваіх маленькіх дзяцей і, адаптаваўшы, пераносіў іх на сцэну. А з твару Сашы мастак Яўген Лысік пісаў анёла, што ляціць над зямлёй.
— Мабыць, штосьці асабістае ёсць у кожным вашым спектаклі?
— Так, але я ніколі не рабіў гэта наўмысна. Наадварот — імкнуўся ўнікнуць у эпоху, вырашыць найперш нейкую тэатральную задачу.
— Тэатральную — добра сказана. Вашы спектаклі заўсёды цікавыя непадзельнасцю харэаграфіі, музыкі, сцэнаграфіі, што існуюць як неад’емныя часткі адзінага канцэптуальнага цэлага.
— Для мяне папраўдзе заўсёды важна было знайсці хвалюючую тэму, музыку высокай якасці, добрага мастака. Але зараз Яўгена Лысіка ўжо няма на свеце, Эрнст Гейдэбрэхт жыве ў Германіі, таму працую, у асноўным, з расіянінам Вячаславам Окуневым. Хацеў бы супрацоўнічаць і з маладымі беларускімі мастакамі, але прапаноў ад іх пакуль не было.
— А як вы сустрэліся з Яўгенам Лысікам?
— Убачыў часопіс з яго эскізамі і патэлефанаваў: маўляў, стаўлю “Кармэн-сюіту”. Той з
 /i/content/pi/cult/134/747/Elizarjev4.jpg
задавальненнем прыняў прапанову і ўжо праз тры дні быў у Мінску. Мы абмеркавалі з ім агульны напрамак, і ён паехаў працаваць. Я заўсёды хачу ўцягнуць сваіх творчых партнёраў у сааўтарства. Мне не цікавы мастак, які “абслугоўвае” — апранае, абувае “на заказ”. Мне цікавы той, які стварае атмасферу. Бо ёсць мастакі — звычайныя “афарміцелі”, а ёсць тыя, хто ўмее самастойна вырашыць тэму на сваёй жывапіснай мове.
— І музыку, ужо прапанаваную кампазітарам, таксама можна “прачытаць” па-рознаму.
— Не люблю дырыжораў, якія “прамахваюць” увесь спектакль, зарыўшыся галавой у партытуру. Дырыжор, на маю думку, таксама павінен прымаць удзел у мастацкім працэсе, разам з харэографам.
— А артысты?
— У іх, так бы мовіць, “сумежнае аўтарскае права”: яны даводзяць той тэкст, які я сачыніў. На сцэне, дарэчы, заўсёды бачна, што ўяўляе з сябе той ці іншы чалавек: разумны ён ці не надта, і колькі ў ім творчай індывідуальнасці.
— Ды ўсё ж, пры такой накіраванасці на творчае партнёрства, у балеце вы — сапраўдны гаспадар. Цяжка сумяшчаць творчыя і адміністрацыйныя абавязкі?
— На дадзеным этапе — гэта адзіна магчымы варыянт... Думаю, канешне, як усё гэта перадаць сваім вучням. Можа, народзяцца ўнукі, буду больш імі займацца. Бо я і так ужо “пабіў усе рэкорды”. Больш за мяне з адным калектывам працаваў хіба Марыус Пеціпа.
— У сям’і вы таксама — гаспадар?
— Раскажу такую гісторыю. Пакуль дзеці былі малыя, “гаспадарамі ў доме” былі і мышкі белыя, і коткі, рыбкі, хамячкі, сабакі — мы ўсё перажылі. У Маскве сын таксама завёў сабаку. Але трэба было яму на паўгода ў Індыю ехаць, дык ён прывёз яго сюды, і некалькі дзён мы ўсе жылі разам. Неўзабаве сын пачаў крыўдаваць, бо той сабака, якога ён выгадаваў са шчанюка і для якога заставаўся адзіным кумірам, хутка зарыентаваўся і зразумеў, што ў гэтым доме за гаспадара — не сын і не хто іншы, а я.
— Дый на сцэне ў вас звычайна валадарыць мужчына — бы магутнае дрэва, што карэннем узрастае з зямлі. Жанчына ж — бы птушка ў яго руках. Таму адзіным, мабыць, не да канца зразуметым мной вашым балетам засталася “Жар-птушка”. Дарэчы, гэтага спектакля не было і ў юбілейна-фестывальнай афішы. Чаму?
— Проста па тэхнічных прычынах: тут сцэна зусім іншая. Але што вы ў ім не зразумелі?
— Для мяне вы, найперш, трагедыйны мастак — як той жа Шастаковіч. А ў гэтым балеце раптам “хэпі-энд”: замест трагічнага супрацьстаўлення дзвюх жаночых вобразаў — Жар-птушка проста ператвараецца ў Жар-дзяўчыну.
— Яе ператварае каханне. Ціж вы лічыце, яно на гэта не здольна?..
Пакідаючы тэатр, я зразумела: “дзейнік” у балетах Елізар’ева — каханне. А “выказнік” — барацьба. Вечныя тэмы, адказы на якія кожны творца і ўсё чалавецтва будуць шукаць столькі, колькі будуць існаваць.

Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Ігара КУЗНЯЦОВА