Форум сабраў больш за сто ўдзельнікаў з шаснаццаці краін СНД, Прыбалтыкі, Кубы, Кітая, Індыі, Венесуэлы. Пленарнае пасяджэнне сабрала амаль 500 дэлегатаў.
Пад час сустрэч і дыскусій выпрацоўваліся падыходы да асвятлення падзей у сродках масавай інфармацыі як у Еўразійскай, так і ў сусветнай прасторы наогул. На пленарным пасяджэнні кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта краіны Уладзімір Макей адзначыў перспектыўнасць працэсаў аб’яднання ў міждзяржаўнай прасторы. “Будуючы нашу будучыню, мы не павінны забывацца, што было ў нас раней, якая ў нас гісторыя. А гісторыя ў нас — агульная”, — сказаў Уладзімір Макей пра еўрапейскую інтэграцыю.
Пад час пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаўных інфармацыйных агенцтваў СНД, якое адбылося ў панядзелак, генеральны дырэктар ІТАР-ТАСС Віталь Ігнаценка адзначыў, што інфармагенцтвы Садружнасці зацікаўлены быць аднымі з найсучасных у свеце, каб не страціць пазіцыі лідараў. Разам з тым, міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алег Праляскоўскі адзначыў высокі ўзровень супрацоўніцтва між дзяржаўнымі інфармагенцтвамі СНД.
На асаблівую ролю СМІ ў асвятленні гуманітарнага і культурнага складніка жыцця грамадства звярнуў увагу выканаўчы дырэктар Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Армэн Смбацян. А дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота сказаў: “Вельмі важна і знакава, калі разам збіраюцца людзі, аб’яднаныя адной прафесіяй, ідэяй, каб абмеркаваць, зразумець, асэнсаваць працэсы, што адбываюцца ў свеце”.
Для будучых прафесіяналаў у сферы СМІ значным досведам стаў удзел у працы Летняй школы журналістыкі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. А госці форуму з замежжа змаглі пазнаёміцца з пракаветнай калыскай беларускай дзяржаўнасці — Полацкам, які літаральна днямі адзначыў 1150 гадоў з часу першай згадкі ў летапісах. Таксама госці медыяфоруму наведалі купалаўскую Вязынку і сталічны Літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа.
У выніковай рэзалюцыі медыяфоруму, у прыватнасці, адзначаецца імклівы рост інфармацыйных абменаў як адной з асновавызначальных характарыстык сучаснасці. Упоравень з развіццём фінансавых рынкаў і глабальных інфраструктур камунікацыйныя тэхналогіі і тэхналогіі масавай інфармацыі робяць свет больш узаемазалежным і дынамічным.
На здымку: пад час пленарнага пасяджэння.