Чаму “ніхто не хацеў”, але “вінаватыя ўсе”

№ 21 (1044) 26.05.2012 - 01.06.2012 г

“Вестсайдская” гісторыя: лекі для ўнутранага ўжывання

/i/content/pi/cult/379/7458/9_1.jpeg

Прэм’ера “Вестсайдскай гісторыі” ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры павінна ўвайсці ў гісторыю нацыянальнай культуры нават незалежна ад выніку — як першая ліцэнзійная пастаноўка знакавых мюзіклаў у нашай краіне. Але ў такім выпадку вынік становіцца важкім удвая: ад таго, наколькі паспяховым акажацца гэты праект, залежыць лёс праектаў будучых. І нават — усяго жанру, запатрабаванасць якога ў нашай краіне, як ні дзіўна, час ад часу аспрэчваецца: маўляў, менталітэт у нас не той.

Вось і з гэтым мюзіклам Л.Бернстайна, з якога многія даследчыкі пачынаюць адлік папраўдзе класічных прыкладаў жанру, ужо ўзнікаюць пытанні: маўляў, каму ўсё гэта ў нас цікава? Ставілі б сабе традыцыйныя аперэты, жылі б спакойна, публіка і так ходзіць. Ну не “наша” гэта тэма: “разборкі” паміж дзвюма падлеткавымі групіроўкамі, ды яшчэ на нацыянальнай глебе.

Так і ёсць! Але тэма новага спектакля куды шырэйшая. Яго “прасоўванне”, як заўважыў пасля прагляду адзін знаўца рэкламнага бізнесу, можна было б пабудаваць на трох слоганах — прыблізна такіх: “Выбух пачуццяў — як у “Рамэа і Джульеце” Шэкспіра. Бойкі — як у “Бандах Нью-Ёрка” з Леанарда дзі Капрыа. Рэвалюцыя музычнага тэатра — як на пачатку новай эпохі”. Спектакль закранае актуальную для ўсіх часоў і народаў, папраўдзе вечную і ўсюдыісную, праблему падлеткавай агрэсіі (якая, між іншым, правакуецца ўжо самой фізіялогіяй “пераходнага перыяду” чалавечага арганізма) і, адпаведна, бацькоў і дзяцей. Як жа вырашае яе тэатр? Менавіта тэатр, а не толькі сам твор, бо амерыканскі бок, падарыўшы права паказаць спектакль 50 разоў цягам года, прадугледзеў і сумесную арыгінальную пастаноўку, а не проста перанос той, што была ўпершыню ўвасоблена 55 гадоў таму.

У лібрэта А.Лоўрэнца, акрамя ўласна тэксту п’есы, падрабязна прапісаны ўсе мізансцэны, і нават характар ды выгляд кожнага персанажа. Захаваўшы знешнія прыкметы, рэжысёр Настасся Грыненка па-свойму расстаўляе псіхалагічныя акцэнты. Забойства Рыфа, які верхаводзіць групоўкай “Ракеты”, адбываецца выпадкова: ён папросту натыкаецца на нож у руках Бернарда, які ўзначальвае суполку пуэртарыканцаў пад назвай “Акулы”. Той сам разгублены такім зыходам. І — гіне ад рукі раз’юшанага Тоні, які яшчэ імгненне таму быў перакананы, што трэба вырашыць усё мірам. Атрымліваецца гэткі тэатралізаваны “метадычны дапаможнік” па вывучэнні псіхалогіі натоўпу і калектыўнага падсвядомага, які дае адказ на такія балючыя, асабліва для падлеткаў, пытанні, чаму “ніхто не хацеў”, але “вінаватыя — усе”./i/content/pi/cult/379/7458/9_2.jpeg

Сярод галоўных вартасцей пастаноўкі — тонкая псіхалагічная работа, абсалютнае “траплянне” ў матывацыю ўчынкаў і “растлумачванне” ўсіх “чаму” і “з-за чаго”, зробленае адно акцёрскай ігрой. Гэты спектакль — менавіта для сямейнага прагляду, яго можна не проста “рэкамендаваць”, а літаральна “прапісваць”, бы тыя лекі, і менавіта для “ўнутранага ўжывання”, успрымаючы не адно бойкі, эфектна пастаўленыя Дзмітрыем Якубовічам (ён жа прыдумваў для спектакля і некаторыя танцавальныя нумары), а яшчэ і ўсё тое, што хаваецца за імі.

Бойкі, дарэчы, пастаўлены лепш, чым у самым выдатным кінафільме, бо ў апошнім спрацоўвае мантаж, а тут — перад вачыма, як на далоні, уся карцінка цалкам. Там працуюць каскадзёры, тут — самі артысты, найперш — вядучыя салісты. Можна назіраць за агульнай мізансцэнай, сачыць за тым або іншым героем — усё, да найдрабнейшых дэталей, зроблена надзвычай натуральна і, разам з тым, па-мастацку.

Карпатлівая праца над гэтым спектаклем дала трупе вельмі шмат. Тое, як пачалі рухацца салісты і маладыя артысты хору (а дзейных асоб у “Вестсайдскай гісторыі” — амаль чатыры дзясяткі), — неверагодна, але факт. Пры гэтым яны яшчэ і спяваюць! Спеўны ансамбль, змешчаны ў аркестравай яме (хормайстар — Святлана Пятрова), — толькі для падтрымкі і эфекту “масавасці”, ён не замяняе таго, што спяваецца са сцэны. А партыі тут, шчыра скажам, могуць скарыцца не ўсім і далёка не адразу: нязвыклыя для славянскага вуха рытмы, інтанацыі, гармоніі, тэмбравае начынне аркестра. Некаторыя ўдарныя інструменты тэатр атрымаў у падарунак, але дырыжору Мікалаю Макарэвічу ўсё роўна давялося рабіць адаптацыю партытуры для нашых умоў. У некаторых фрагментах, нічога не змяняючы, ён карэкціраваў нотны запіс, каб нашым аркестрантам было зручней арыентавацца ў тэксце, дзесьці, наадварот, шукаў тэмбравыя аналогіі. Канчатковыя кропкі над “і” расстаўляў дырыжор-пастаноўшчык Філіп Сіманс (ЗША). Ды ўсё ж, пэўна, з цягам часу некаторыя тэмпы стануць больш рухавымі. А музыка, калі выканаўцы яе канчаткова “паспытаюць на зуб” і, галоўнае, “разжуюць”, набудзе сапраўдны “смак”. Джаз нельга граць, спяваць і танчыць без “кайфу”! Мы ж прызвычаіліся “ўкладаць усе сілы”, а не атрымліваць асалоду ад самога працэсу музіцыравання. Значыць, трэба змяняць свае звычкі!

/i/content/pi/cult/379/7458/9_3.jpegТакой жа ўнутранай разняволенасці ў спалучэнні з энергетыкай бракуе пакуль артыстам балета, узгадаваным на класіцы. Некаторыя вакалісты, не абцяжараныя акадэмізмам, хутчэй “перабудаваліся” на новую стылістыку (балетмайстар-пастаноўшчык — Пол Гордан Эмерсан). Міжволі ўзгадваўся колішні праект кафедры харэаграфіі БДУКіМ “Я люблю Брадвей”, ажыццёўлены, як і цяперашні, пры дапамозе Пасольства Злучаных Штатаў Амерыкі ў Беларусі: там гэта было на больш высокім узроўні. Ці не наспеў час зрабіць нейкі спецыяльны выпуск студэнтаў і мэтанакіравана размеркаваць яго як ужо гатовы калектыў, які спецыялізаваўся б на сучасным танцы?

Не самыя, на мой погляд, удалыя сцэнічныя строі, прапанаваныя Юліяй Бабаевай (а фінансаванне таксама адыгрывае ролю ў выбары тканін і колераў) кампенсуюцца ўнёскам мастака-пастаноўшчыка Андрэя Меранкова: ён надзвычай удала сумясціў металічныя канструкцыі з некалькіх спектакляў, стварыўшы атмасферу халодна-бліскуча-змрочнага горада. Філасофскі змест нясуць і супер-заслона ў выглядзе графіці (чым не сімвал двое галубоў, што падобныя сваімі крыламі да раскрытых далоняў з растапыранымі пальцамі?), і партрэт Чэ Гевары, што вісіць на баку “акул” (пуэртарыканец па паходжанні, ён культываваў ідэю, што сапраўдны герой памірае маладым).

Мы ж прапануем іншае прыслоўе: героі — усе ўдзельнікі спектакля, старыя і маладыя, якія спяваюць, танчаць і проста гавораць, іграюць і жывуць — натуральна і шчыра. Асабліва Ілона Казакевіч (Марыя), Дзмітрый Якубовіч (Тоні), Віктар Цыркуновіч (Рыф), Дзяніс Мальцэвіч (Бернарда), Святлана Мацыеўская (Аніта), Аляксандра Жук (Нічыя), Аляксей Кузьмін (Док), Аляксандр Асіпец (Шрэнк), Людміла Сучкова (Масавік-забаўнік) — пералічваць можна ўсіх! Не верыце? Глядзіце самі. У спектаклі ёсць што і паглядзець, і абмеркаваць. Ёсць чаму павучыцца — у мастацтве і жыцці...

На здымку: сцэны са спектакля.

Фота Анжалікі ГРАКОВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"