“Донжуанскі спіс” Караткевіча раскрыты!

№ 21 (1044) 26.05.2012 - 01.06.2012 г

Праца над загадкай заняла восем гадоў

/i/content/pi/cult/379/7452/1-5.jpegДнямі з друку выйшла кніга з надзвычай інтрыгуючай назвай: "Донжуанскі спіс" Караткевіча". Надрукавана яна ў серыі "Мінскія маладыя галасы", якую заснавала Мінскае гарадское аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі. Зазначым, што гэта кніжны дэбют маладога, але ўжо знаёмага па публікацыях у друкаваных і сеткавых СМІ аўтара - журналіста, літаратуразнаўцы, тэатральнага крытыка Дзяніса МАРЦІНОВІЧА. У яго "К" і паспрабавала высветліць падрабязнасці сакрэтнага спіса.

- Чаму менавіта такая біяграфічная тэма? Пагоня за сенсацыйнасцю ды бяспройгрышнае ў вачах чытача выкарыстанне культавага імені ці нешта іншае?

- Шукаць муз Караткевіча, якія сталі прататыпамі гераінь яго твораў, я пачаў яшчэ ў 2004 годзе, калі вучыўся ў 11 класе Ліцэя БДУ. Менавіта тады быў напісаны артыкул "Паляванне на Алёнку", змешчаны ў вераснёўскім нумары часопіса "Маладосць" за 2004-ы. Таму кніга з'яўляецца плёнам даволі доўгай працы.

Выбар тэмы тлумачыцца істотнай праблемай. На вялікі жаль, у Беларусі амаль адсутнічаюць папулярныя біяграфіі пра жыццё літаратурных класікаў. Чытачам, якія цікавяцца іх жыццёвым і творчым лёсам, у лепшым выпадку, могуць прапанаваць грунтоўна напісаныя літаратуразнаўчыя даследаванні. Але яны патрабуюць падрыхтаванай аўдыторыі. "Донжуанскі спіс" Караткевіча" мусіць хаця б крыху запоўніць гэтую лакуну і пазнаёміць большае шырокае кола чытачоў з біяграфіяй нашага класіка.

- Колькі ў вашым даследаванні фактаў, а колькі - літаратурнага "домыслу"?

- Калі кіравацца суадносінамі мастацкага і дакументальнага, дык першы аспект праявіўся, хутчэй, у стылі: я наўмысна адмовіўся ад акадэмізму, каб пашырыць кола патэнцыйных чытачоў. А вось сам змест пабудаваны на дакументальнай аснове: гэта архіўныя даку/i/content/pi/cult/379/7452/1-6.jpegменты з Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, эпісталярная спадчына Караткевіча, успаміны яго сяброў і знаёмых. Зразумела, пэўны "домысел" існуе. Але ён мае навуковы характар: грунтуючыся на нейкіх фактах, я вылучаю пэўную гіпотэзу (напрыклад, верш "Мёртвае рэчышча", напісаны ў 1962 годзе, Караткевіч мог прысвяціць С.М. - дзяўчыне, якую ён кахаў пад час навучання ва ўніверсітэце). А ўжо даследчыкам застаецца пагаджацца з ёй ці вылучаць контраргументы.

- Дык наколькі ж доўгім атрымаўся "Донжуанскі спіс" Караткевіча? Ці ўсе імёны вы "рассакрэцілі" на старонках выдання?

- "Донжуанскі спіс" Караткевіча ўключае ў сябе дзесяць асоб. На маю думку, туды ўвайшлі ўсе ці амаль усе найбольш сур'ёзныя захапленні Караткевіча. Зразумела, усе імёны "рассакрэціць" немагчыма. З аднаго боку, я наўмысна прапусціў перыяд 1964 - 1967 гадоў. Інфармацыя пра яго знаходзіцца на ўзроўні чутак, таму з'яўляецца бяздоказнай. З іншага боку, з дзесяці асоб у адной вядомае толькі імя, у другой - ініцыялы, а яшчэ дзве фігуруюць у спісе пад імёнамі літаратурных персанажаў, чыімі прататыпамі яны сталі.

- Другі раздзел вашай дэбютнай кнігі мае назву "Калі прыйдзе беларускі Андрэ Маруа?". А якія асобы з беларускай гісторыі маглі б стаць цікавымі яму?

- Як вядома, знакаміты французскі пісьменнік атрымаў найбольшую вядомасць як аўтар бліскучых біяграфій Шэлі, Байрана, Вальтэра, Шатабрыяна, Жорж Санд, Гюго, Дзюма, Бальзака ды шэрагу іншых калег па пяры. Таму, упэўнены, што найбольшую цікавасць у яго выклікалі б айчынныя класікі: Колас, Багдановіч, Гарэцкі, Чорны, Караткевіч, Мележ, Быкаў... Па вялікім рахунку, у нас маецца толькі адна папулярная біяграфія: "Янка Купала" Алега Лойкі. Таму працы ў гэтым кірунку хопіць надоўга!..

Пытанні задаваў

Фёдар АФАНАСЬЕЎ