“Сумачка для ласункаў” у стылі барока

№ 21 (1044) 26.05.2012 - 01.06.2012 г

У Віцебску — букеты з XIХ стагоддзя

/i/content/pi/cult/379/7451/1-4.jpegЗахапленне бісернымі і шкляруснымі работамі, вышыўка габеленавым швом па канве мелі вялікую папулярнасць у XVIII - пачатку XX стагоддзя. У тым ліку падобныя заняткі былі распаўсюджаны ў арыстакратычных колах на тэрыторыі нашага краю. Невыпадкова аксесуары мінулага складаюць цікавую частку калекцыі жаночага рукадзелля XIX стагоддзя ў фондах Віцебскага абласнога краязнаўчага музея.

У XIX стагоддзі ў Еўропе адраджаецца цікаўнасць да мастацтва Сярэднявечча, Рэнесанса, барока, таму малюнкамі для вырабаў рукадзелля станавіліся разнастайныя сюжэтныя сцэнкі мінулых эпох у мініяцюры, а таксама кветкавыя і арнаментальныя матывы. Для іх стварэння выкарыстоўвалі зборнікі геаметрычных і раслінных узораў, Дж.-А. Вавасоры, Н.Запіна (XVI ст.), зборнік "Сад караля" (1608 г.) П.Вале, штатнага вышывальшчыка караля Людовіка XIII, які змяшчае "партрэты кветак". Цудоўныя россыпы раслін, букеты і гірлянды ўпрыгожвалі побытавыя аксесуары. Так, па краі дамскага кашалька з калекцыі музея былі раскіданы незабудкі, у цэнтры яго красавалася разетка лісця аканта з блакітных, ружовых шкляных і металічных бісерын. Тэхналогія ж вырабу прывабных прадметаў была наступнай. Бісернае палатно вязалі пры дапамозе кручка: на нітку паслядоўна набіралі бісерыны, якія складалі малюнак прадмета./i/content/pi/cult/379/7451/1-2.jpeg

Часам кветкавыя матывы - гірлянды, букеты руж, гваздзікоў, лілей і цюльпанаў - суседнічалі з сюжэтамі з антычнай міфалогіі і арнаментыкай грэка-рымскага мастацтва: пальметамі, меандрамі, стылізаванымі лірамі і вазамі. На "жамчужным" - па адценні колераў бісеру - полі дзіцячай сумачкі квітнелі ружы ды фіялкі, малюнак дапаўняла ліра і вазон з букетам кветак. Акрамя таго, у ХІХ ст. былі шырока запатрабаваны сумачкі-радыкюлі для гасцінцаў. У калекцыі музея ёсць даволі цікавы варыянт таго ж прызначэння - сумачка-кішэня для жаночай сукенкі пад назвай "сумачка для ласункаў" з тканіны, тасьмой па краі і вышыўкай з мноствам кветак.

У той час існавала мова кветак - сімвалічнае тлумачэнне іх выявы. Прывезеная яшчэ на пачатку XVIII стагоддзя ў Еўропу з Турцыі шведскім каралём Карлам ХII, пазней яна шырока выкарыстоўвалася ў малюнках вышыўкі і дазваляла адкрыта выяўляць пачуцці. Паспрабуем даведацца, аб чым жа ішла гаворка на мове кветак на прыкладзе прадметаў музейнай калекцыі. Вышыты малюнак з ружаў, анемонаў, гронак каліны на сумачцы для ласункаў сапраўды мог распавесці пра многае. Так, ружа з'яўлялася знакам кахання, сімвалізавала маўчанне і тайну; анемона - далікатнасць, адрачэнне і нават хваробу; бярозка (павой) казала аб прыгажосці, ціхмянасці і пакорлівасці.

Акрамя выяў кветак, у малюнках часта выкарыстоўваліся надпісы ды прысвячэнні. Цікавым прыкладам аксесуараў з'яўлялася сумачка-сашэ (сашэ - гэта сумка, якая зроблена з матэрыі для захоўвання начной бялізны, насовак): на яе шкляным полі красаваўся букет з руж, гваздзікоў і незабудак, кветак шыпшыны, а з другога боку змяшчалася кароткая "даведка" пра ўладальніка: скажам, манаграма "R" і "K", карона маркіза.

/i/content/pi/cult/379/7451/1-1.jpegШырокае распаўсюджанне атрымалі малюнкі ў стылі "шынуазры". "Шынуазры, шынуазеры", або кітайшчына, вызначаецца як выкарыстанне матываў і стылістычных прыёмаў сярэднявечнага кітайскага мастацтва ў еўрапейскім жывапісе, дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, касцюме, у афармленні садова-паркавых ансамбляў XVIII стагоддзя: фантазіі на тэмы з жыцця кітайцаў, мініяцюрныя сцэнкі з уключэннем элементаў архітэктуры, раслін. Яркае выяўленне яго сутнасці - арнаментальныя творы французскага мастака Ж.-Б. Пілемана. Фігуркі кітайскіх музыкаў на фоне /i/content/pi/cult/379/7451/1-3.jpegпейзажу, дэкаратыўны малюнак дрэў, птушкі ў палёце, статычны арнамент з лісця аканта, тонкая спіралевідная стужка - усё гэта ўплятаецца ў агульную канву ўзору кашалька ў металічнай аправе. Вокладку запісной кніжкі ўпрыгожвае парны малюнак: кітаянка з дзецьмі, фігуркі кітайца і кітаянкі - адзін з распаўсюджаных матываў стылю ракако, для якога характэрна цяга да экзотыкі, захапленне мастацтвам Кітая, Індыі, Персіі. У калекцыі ёсць і фрагменты створак нататніка, запоўненыя напышлівым барочным арнаментам: складаная форма ў выглядзе стылізаванага купала, абрамленага ружамі ды фіялкамі, мае завяршэнне пышнай кветкай і лісцем аканта.

Трэба сказаць пра яшчэ адзін абавязковы і дарагі аксесуар, без якога нельга было з'явіцца ў грамадстве: гэта элегантныя сонечныя парасоны, вышытыя гладдзю, бісерам і ўпрыгожаныя карункамі, тасьмой, фальбонамі, махрамі, стужкамі, пашытыя з тканіны, што абавязкова пасуе колеру сукенкі. Цягам усяго XIX стагоддзя яны заставаліся неабходнай дэталлю моднага туалета. Далікатныя парасоны патрабавалі ўпакоўкі, таму іх апраналі ў чахлы. У музеі знаходзіцца цудоўны прыгожы чахол для парасона з фігурным краем, бісернымі махрамі. Ён вышыты бісерам па лёне: на сіне-блакітным полі - букет гваздзікоў чырвонага, ружовага і жоўта-аранжавага колераў.

У сваю чаргу, для мужчынскіх кашалькоў пачатку XIX стагоддзя былі характэрныя ўласцівая класіцызму строгасць, трываласць і грунтоўнасць. Мужчынскі скураны партаманет меў петлі для алоўка і бісерную ўстаўку, на малюнку якой былі выяўлены антычныя сасуды ды рог дастатку з кветкамі - дэкаратыўным мышыным гарошкам, незабудкамі, - галінкамі ды ягадамі.

Відавочна, што калекцыя прадметаў жаночага рукадзелля сапраўды ўнікальная, бо некалькі пазней бісерныя работы сталі рэдкай з'явай, а вышыўкі 2-й паловы XIX стагоддзя ўжо не ўяўлялі той разнастайнасці відаў, што назіралася раней. Знікаюць найбольш тонкія і працаёмкія работы: габеленавы шоў, вышыўка дробным бісерам, каляровым тамбурам - іх выконваюць толькі асобныя аматаркі рукадзелля і майстрыхі манастыроў. Немалую ролю адыграла напоўненасць рынку прадметамі прамысловай вытворчасці - таннымі і практычнымі.

Святлана САЛАЎЁВА, старшынавуковы супрацоўнік Віцебскага абласнога краязнаўчага музея

На здымках: 1. Чахол ад парасона, 1820 - 1830-я. 2. Сумачка дзіцячая, 1850-я. 3. Фрагмент дамскага кашалька, 1880-я - 1890-я. 4. Касцюмы ў стылі "парызьен", малюнак 1819 г.

Фота Валерыя ШЫШАНАВА