“Не бывае ў навуцы неперспектыўных накірункаў”

№ 43 (809) 27.10.2007 - 02.11.2007 г

Любая навуковая дзейнасць мае мэту і задачы, аб’ект і прадмет. Гэта тычыцца і Першага з’езда вучоных Рэспублікі Беларусь. Іх акрэсліць карэспандэнт “К” папрасіў галоўнага вучонага сакратара НАН Беларусі Мікалая КАЗАКА.

/i/content/pi/cult/134/745/Kazak.jpg 
— Чым абумоўлена неабходнасць правядзення Першага з’езда вучоных Рэспублікі Беларусь менавіта цяпер? Якую ролю, паводле вашых прагнозаў, ён адыграе ў арганізацыі навуковага жыцця краіны?
— Не так даўно была прынята Дзяржаўная праграма інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2006 — 2010 гады. Яна ўтрымлівае досыць вялікі комплекс мерапрыемстваў, скіраваных на стварэнне прынцыпова іншых вытворчасцей і мадэрнізацыю ўжо існых, павышэнне канкурэнтаздольнасці айчыннай прадукцыі і выпуск новых, навукаёмістых тавараў. Як вы ведаеце, ІІІ Усебеларускі сход узяў курс на інавацыйнае развіццё краіны. Курс, які адпавядае сусветным тэндэнцыям: усе развітыя дзяржавы сёння будуюць эканоміку, заснаваную на ведах, бо толькі такі падыход дазваляе выжыць у канкурэнтнай барацьбе на рынках збыту. Важна разумець, што ад поспеху ажыццяўлення гэтага курсу наўпрост залежыць дабрабыт нашага насельніцтва і жыццё грамадства ў цэлым.
Асноўнае пытанне, якое будзе абмяркоўвацца на з’ездзе, — роля навукоўцаў у інавацыйным развіцці краіны. Менавіта гэтая тэма вызначае яго праграму. Форум распачнецца грунтоўным дакладам старшыні Прэзідыума НАН Беларусі прафесара Міхаіла Мясніковіча “Навука — прагрэсу краіны”, затым прагучаць выступы міністра адукацыі РБ Аляксандра Радзькова, які закране тэму інтэграцыі галіновай, акадэмічнай і прыналежнай да ўстаноў адукацыі навукі і аб’яднанне іх высілкаў дзеля вырашэння існых праблем, старшыні Дзяржкамітэта па навуцы і тэхналогіях Уладзіміра Мацюшкова, старшыні Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Анатоля Афанасьева і г.д.
Ужо адзін гэты пералік выступоўцаў сведчыць пра тое, што падчас з’езда будуць абмяркоўвацца і пытанні арганізацыі навуковай сферы, стымулявання працы вучоных, забеспячэння патрэбнымі для іх дзейнасці ўмовамі.
— Ці ўлічваўся падчас арганізацыі з’езда досвед падобных мерапрыемстваў, што праходзілі ў іншых краінах — скажам, у Расіі?
— Так, вывучаўся і ў пэўнай меры ўлічваўся. Але пры гэтым трэба разумець, што ў
 /i/content/pi/cult/134/745/Kazak2.jpg
кожнай краіны ёсць свая спецыфіка, абумоўленая безліччу розных фактараў. Расія атрымлівае вялізны прыбытак дзякуючы сваім энергарэсурсам і іншым прыродным выкапням. Мы ж павінны будаваць эканоміку сваёй краіны зусім па-іншаму — праз развіццё навукаёмістай вытворчасці і павышэнне канкурэнтаздольнасці тавараў. Менавіта таму развіццё інавацыйных тэхналогій стане лейтматывам беларускай навукі — і, адпаведна, з’езда.
— Але як да выканання гэтай задачы спрычыніцца гуманітарная навука, дзе інавацыйныя тэхналогіі могуць хіба прымяняцца, а не стварацца?
— Інавацыя — гэта не толькі стварэнне і ўкараненне нейкай прылады, метаду альбо тэхналогіі.Паняцце куды шырэйшае, і ўключае яно, у прыватнасці, і новы досвед арганізацыі працы. Таму пра інаватыўнасць можна казаць і ў дачыненні да гуманітарнай навукі. У якасці прыкладу прывяду Інстытут гісторыі НАН Беларусі. Яшчэ не так даўно ўся яго дзейнасць фінансавалася выключна з дзяржбюджэту. Але апошнім часам яго супрацоўнікі сталі атрымліваць багата замоў ад розных арганізацый на правядзенне археалагічных раскопак. І зарабляць такім чынам уласныя сродкі. Малыя беларускія гарады ўсё болей і болей цікавяцца сваёй мінуўшчынай, таму даследаванні гісторыкаў і археолагаў вельмі запатрабаваныя. А не так даўно інстытут вырашыў стварыць уласны музей, каб дэманстраваць у экспазіцыі плён уласных раскопак. І гэты праект у перспектыве таксама здатны стаць прыбытковым — не кажучы ўжо пра яго сацыяльную карысць.
— Пытанне ў працяг папярэдняга. Ці ставіць з’езд задачу канкрэтызаваць ролю ў грамадстве тых навук, аб’ектам даследавання якіх з’яўляецца, уласна, грамадства, яго гісторыя і культура?
— У пэўнай меры, так. Думаю, цяжка не пагадзіцца з тым, што роля гуманітарыяў у развіцці нашага грамадства надзвычай істотная. Бо яны наўпрост або ўскосна закранаюць праблематыку дзяржаўнай ідэалогіі і дэмаграфічнай бяспекі, выконваючы задачы першаснай важнасці: стварэнне спрыяльных умоў для росту насельніцтва, выхаванне моладзі ў духу патрыятызму і беражлівых адносін да культуры, гісторыі, мовы нашай краіны.
Трэба меркаваць, што канкрэтныя аспекты гэтай дзейнасці будуць закранутыя многімі дэлегатамі з’езда. Свае даклады плануюць агучыць дырэктар Інстытута мовазнаўства НАНБеларусі Аляксандр Лукашанец, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Рычард Смольскі ды іншыя вядомыя дзеячы навукі і адукацыі.1 лістапада ў праграме з’езда прадугледжаны секцыйныя паседжанні, і адно з іх прысвечана менавіта праблематыцы гуманітарных навук. Секцыяй будуць кіраваць сакратар аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў акадэмік Пётр Нікіценка, намеснік старышыні Прэзідыума НАН Беларусі Анатоль Лесніковіч, першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Жук. Думаецца, падчас выступаў і вольнай дыскусіі будзе ўзнята нямала актуальных пытанняў.
Вынікам працы секцыі павінна стаць выпрацоўка канкрэтных прапаноў і рэкамендацый, і яны будуць улічаныя ў агульнай рэзалюцыі з’езда.
— У савецкія часы на Беларусі сфармаваліся буйныя школы ў галіне фізікі, матэматыкі, хіміі. На вашу думку, ці можна казаць пра адметныя навуковыя традыцыі і ў гуманітарных дысцыплінах?
— Неаспрэчна, такія школы існуюць. Адно толькі, у супольнасці навукоўцаў гэтым гучным словам чамусьці мянуюць досвед мэтраў старэйшага пакалення — скажам, акадэмікаў Барысевіча ў галіне фізікі або Камарова ў галіне хіміі. Але ж можна смела сцвярджаць, што за апошні час у нас з’явіліся новыя навуковыя школы. Такі выдатны даследчык, як дырэктар Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Аляксандр Лакотка, неаспрэчна, з’яўляецца стваральнікам адной з іх. Нямала вучняў і паслядоўнікаў мае Уладзімір Гніламёдаў — не толькі знаны літаратуразнаўца, але і выдатны пісьменнік.
— Школы немагчымыя без вучняў. Ранней на старонках друку неаднаразова ўздымалася праблема “амаладжэння” навуковых кадраў: прафесія навукоўца здавалася маладым не надта прэстыжнай. Ці ёсць сёння прыкметныя зрухі да кардынальнага вырашэння гэтай праблемы?
— Лічбы сведчаць, што з ліку вучоных, якія працуюць у Акадэміі навук, 21%— моладзь да 35 гадоў.Гэта вельмі добры паказчык у параўнанні з Расіяй і іншымі краінамі СНД. У Інстытуце дзяржавы і права колькасць аспірантаў нават трохі большая, чым супрацоўнікаў. Значыць, захады дзяржавы, якія прадугледжваюць, у тым ліку, паляпшэнне матэрыяльнага стымулявання працы вучонага, прыносяць свой плён: моладзь пайшла ў навуку. У прыватнасці, і ў гуманітарную. Вядома, філасофія або гісторыя сёння менш прэстыжныя за тую ж юрыспрудэнцыю, але… У адпаведных акадэмічных інстытутах моладзі таксама не бракуе.
— Ці шмат маладых навукоўцаў можна будзе ўбачыць у зале з’езда?
— Адну з секцый форуму праводзіць Рэспубліканскі савет маладых вучоных. Яна мае назву “Моладзь і інавацыі”, і ўдзел у яе працы возьме больш за 200 чалавек. Няцяжка падлічыць, што ад агульнай колькасці дэлегатаў з’езда і запрошаных маладыя навукоўцы складаюць прыкладна дзесятую частку. Некаторыя з іх, магчыма, зоймуць месца ў Прэзідыуме.
— Перспектыўныя вектары развіцця беларускай навукі вызначаны дэталёва. Але ці можна казаць пра адваротную катэгорыю? Пра тыя даследаванні, якія апрыёры не здатныя прынесці вялікую карысць для грамадства?
— Замест адказу згадаю такую гісторыю з уласнага жыцця. Калі я быў досыць маладым навукоўцам, у нашым Інстытуце фізікі абмяркоўвалася пытанне, ці трэба ліквідаваць адну з лабараторый. І дырэктар пацікавіўся, сярод іншых, і маім меркаваннем. Падумаўшы, я адказаў: так, трэба ліквідаваць.
Бо за апошні час яна не дае ніякай аддачы, не праводзіць адметных даследаванняў, не выпрацоўвае новых тэхналогій. Маўляў, якая з яе карысць? Ды і сам напрамак яе дзейнасці неперспектыўны, ён ужо вычарпаў сябе. І вось, выслухаўшы мяне, дырэктар прыжмурыўся ды прамовіў: “Эх, моладзь, моладзь… Не бывае ў навуцы неперспектыўных напрамкаў! Бо заўсёды могуць знайсціся людзі, здатныя ажывіць нават той напрамак, які здаваўся ўжо тупіковым. І атрымаць там папраўдзе рэвалюцыйныя вынікі”. Адпаведна, усё залежыць ад канкрэтных даследчыкаў. І ад арганізацыі іх працы.