Па словах дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Уладзіміра Адамушкі, разгалінаваная сетка дзяржаўных архіваў сёння ўключае больш за 150 устаноў рознага ўзроўню, у тым ліку — 10 рэспубліканскіх.
На дадзены момант айчынныя архіўныя ўстановы захоўваюць каля 13 мільёнаў спраў на папяровай аснове, кожная з якіх уключае ў сярэднім 300 — 400 старонак. Разам з тым, як паведаміў Уладзімір Адамушка, вялікія страты архіўнай справе нашай краіны былі нанесены пад час Вялікай Айчыннай вайны, калі было страчана 5 мільёнаў спраў. Тым не менш, і зараз у айчынных архівах можна сустрэць дакументы, якія перажылі не адну вайну ды гістарычную эпоху. Самы старадаўні датуецца ХIV стагоддзем.
Адметна, што старадаўнія дакументы, па словах Уладзіміра Адамушкі, захаваліся лепш за шэраг папяровых матэрыялаў нашага часу і двух папярэдніх стагоддзяў. Справа ў тым, што ў даўніну нашы продкі карысталіся адмысловымі чарніламі і паперай, якая выраблялася на мануфактурах. Сёння ж папера, створаная прамысловым метадам на кіслотнай аснове, разлічана ўсяго на 40 — 50 гадоў, а тэкст, раздрукаваны на лазерным прынтары, цьмянее літаральна на вачах. Акрамя таго, вялікім клопатам для айчынных архівістаў з’яўляюцца дакументы перыяду Вялікай Айчыннай вайны, якія ашчадна зберагаюцца, а таксама пераводзяцца на плёнку і ў лічбавы фармат.
Трэба адзначыць, што 28 мая адсвяткуе 85-годдзе і Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Ён сёння акумулюе дакументы ўсіх айчынных ВНУ, грамадскіх арганізацый ды палітычных партый, банкаўскіх і многіх іншых устаноў краіны, якія складаюць 1 мільён разнастайных спраў і ствараюць летапіс жыцця нашай краіны.