Сталічнаму гледачу будуць прадстаўлены тры спектаклі. Два з іх — камедыі, якія, з розных пунктаў погляду, можна ўжо назваць “класічнымі” для беларускага тэатра — “Пра нешчаслівага селяніна, яго жонку Маланку, жыда Давіда і Чорта, які страціў сэнс існавання”, знакамітая “Камедыя” Уладзіміра Рудава ў рэжысёрскім прачытанні Генадзя Мушперта, — і “№ 13” Рэя Куні, увасоблены на сцэне Сяргеем Курыленкам.
А таксама — “Палёт над гняздом зязюлі” паводле знакамітага рамана Кена Кізі. Спектакль, створаны Генадзем Мушпертам, атрымаў шмат высокіх узнагарод прэстыжных міжнародных фестываляў, сярод якіх — галоўная і адзіная адзнака Міжнароднага тэатральнага форуму “Сустрэчы ў Расіі”: прэмія імя народнага артыста СССР Кірыла Лаўрова, уручаная калектыву ў красавіку бягучага года ў Санкт-Пецярбургу.