Акцыі Культурнай сталіцы

№ 21 (1044) 26.05.2012 - 01.06.2012 г

Сёння, 26 мая, у рамках Рэспубліканскай акцыі “Культурная сталіца Беларусі-2012” адбудзецца маштабнае абласное свята — “Нясвіжскі фэст”.

Па словах кіраўніка сферы культуры раёна Аляксандра Кругліка, сёлетняе свята з'яднала ажно тры абласныя акцыі: фестывалі народнай музыкі “Грай, гармонік!”, народнай творчасці “Фальклорная талака” і “Саламяныя дзівосы”. У мерапрыемстве чакаецца ўдзел звыш 800 гасцей, якія прыедуць у Нясвіжскі край з усіх куткоў Міншчыны.

Пад час фестывалю будзе працаваць выстаўка-кірмаш, на якой свае вырабы прадставяць майстры народнай творчасці. Таксама цягам дня кожны ахвотны зможа паглядзець майстар-класы па саломкапляценні і нават паўдзельнічаць у іх. А яшчэ адна “фішка” сёлетняга Нясвіжскага фэсту — гэта выстаўка гармонікаў з фондаў музея Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Пад час свята ў Культурнай сталіцы зладзяць шэсце калектываў — удзельнікаў “Нясвіжскага фэсту”. Таксама свае канцэртныя праграмы для гасцей свята прадставяць музычная капэла беларускіх народных духавых інструментаў “Гуды” БДУКіМ і народны ансамбль народнай песні “Асалода”. Мерапрыемства завершаць канцэрт з удзелам Дзяржаўнага ансамбля танца, музыкі і песні “Белыя Росы” ды праграма рок-гурта “Замкавая гара” Капыльскага РЦК, народнага ансамбля песні “Млечны шлях” і салістаў эстраднай студыі Нясвіжскага РЦКіА.