Віцебск Шагала на мінскай плошчы

№ 21 (1044) 26.05.2012 - 01.06.2012 г

Сёлета, калі Беларусь і ўвесь свет адзначаюць 125-годдзе з дня нараджэння Марка Шагала, ягоны колішні досвед аздобы Віцебска рэалізуецца ў Мінску. Зразумела — на іншым тэхнічным узроўні і адпаведна эстэтыцы нашага часу.

/i/content/pi/cult/379/7440/2_1.jpg7 чэрвеня на сталічнай плошчы Якуба Коласа паўстануць дзевяць канструкцый-бігбордаў, на якіх будуць прадстаўлены дваццаць чатыры рэпрадукцыі жывапісу і графікі Марка Шагала, а таксама партрэта мастака, напісанага ягоным настаўнікам Ю.Пэнам. Па словах дырэктара Музея сучаснага выяўленчага мастацтва Наталлі Шаранговіч, гэтая акцыя “public art” (мастацтва на публічнай прасторы) стала магчымай дзякуючы прафесійнай салідарнасці музейшчыкаў Беларусі і Расіі, арганізацыйнай ды фінансавай дапамозе гарадскіх улад, міжнароднага сацыяльна-эканамічнага фонду і аднаго з банкаў.

Да акцыі маюць дачыненне Музей сучаснага выяўленчага мастацтва, Музей Марка Шагала ў Віцебску, Нацыянальны мастацкі музей Беларусі, Траццякоўская галерэя, Рускі музей. Расійскія музеі прадставілі відэаматэрыялы, на якіх — работы Шагала, датычныя віцебскага перыяду ягонай творчасці. Такіх работ дванаццаць. Ад музея з горада на Дзвіне — каляровая графіка, таксама дванаццаць рэпрадукцый: біблейскі цыкл і фантазійныя творы. Ад Нацыянальнага мастацкага — партрэт работы Пэна. Плошча Якуба Коласа для размяшчэння бігбордаў абрана невыпадкова: яна, паводле вызначэння, выконвае ў сталіцы ролю “плошчы мастацтваў”. Тут заўжды шмат людзей, прастора плошчы добра праглядваецца з транспарту. А прастаяць шагалаўскія бігборды на плошчы чатыры месяцы.

На здымку: так будзе выглядаць выстаўка на сталічнай плошчы Якуба Коласа.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"