12 - 13 мая ў Мар'інай Горцы прайшоў Адкрыты рэгіянальны фестываль песні і музыкі "Майскі вальс" на Прыз народнага артыста СССР, народнага артыста Беларусі, кампазітара-земляка Ігара Лучанка.
Фестываль наведаў віцэ-прэм'ер Анатоль Тозік. Госцем форуму стаў таксама і міністр абароны Юрый Жадобін. Журы ўзначаліў кампазітар, народны артыст Беларусі Валерый Іваноў, а заснавальнікамі "Майскага вальса" выступілі Пухавіцкі райвыканкам і Беларускі саюз кампазітараў, які ўзначальвае Ігар Міхайлавіч.
Конкурсная праграма ладзілася ў РЦК. Гран-пры атрымаў народны вакальны ансамбль "Рэтра" з Бярэзінскага раёна, спецыяльны прыз Ігара Лучанка - Ягор Жалук, саліст Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі "Світанак" Пухавіцкага раёна. Першыя месцы занялі: у намінацыі "За высокі ўзровень выканальніцкага мастацтва і творчы ўклад у развіццё песеннай і музычнай культуры" - узорны хор "Мара" Мар'інагорскай ДШМ і Ганна Салаўянчык з Дружненскай ДШМ (Пухавіцкі раён), у намінацыі "За высокі ўзровень выканальніцкага мастацтва і прапаганду песеннага і музычнага мастацтва" - народны ансамбль народных інструментаў "Крыніца" Мар'інагорскай ДШМ.
У другі фестывальны дзень ля РЦК прайшоў канцэрт з удзелам пераможцаў конкурсу і аркестра Узброеных Сіл. Выступілі і артысты беларускай эстрады.
На здымку: пад час свята.
Фота Юрыя ІВАНОВА