Што можа джаз?

№ 20 (1043) 19.05.2012 - 26.05.2012 г

Чацвёрты “…Тайм” ужо адыгралі

/i/content/pi/cult/378/7432/12_3.jpeg11 — 13 мая ў Салігорску прайшоў ІV Адкрыты дзіцячы фестываль-конкурс джазавай і эстраднай музыкі “Jazz-timе”. Сёлета ён стаў “адкрытым” ва ўсіх сэнсах: канцэрты і майстар-класы можна было паглядзець он-лайн.

Так што за падзеямі, якія разгортваліся ў Салігорскай дзіцячай школе мастацтваў, магла сачыць, без перабольшання, уся планета. А Алег Шчэрбаў, які ўзначальвае школу і адначасова фестываль-конкурс, з’яўляючыся адным з яго галоўных ініцыятараў, на працоўным месцы і дняваў, і начаваў — як і ўсе ягоныя калегі, без чыёй адданай працы свята не адбылося б.

— Тое, што ўзрадавала мяне менавіта як кампазітара, — кажа член міжнароднага па складзе журы, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Атрашкевіч, — гэта імкненне канкурсантаў зрабіць свой унёсак у развіццё менавіта нацыянальнага джаза. Сёлета і аркестр Капыльскай школы мастацтваў, які атрымаў Гран-пры, і ансамбль “Астравок надзеі” з Наваполацка, што заняў другое месца, прадставілі джазавыя апрацоўкі беларускіх народных песень, зробленыя самімі кіраўнікамі калектываў. Гэта прыемна ўдвая! Мы пачулі і “Саўку ды Грышку”, і “Рэчаньку”, і “Чаму ж мне не пець?”, і іншыя родныя мелодыі, прычым зробленыя так густоўна ды з фантазіяй, што той жа Леў Канаплянік з Капыля атрымаў таксама спецыяльны прыз — “За аранжыроўку”. Можна сказаць, намецілася тэндэнцыя: праз джаз — да народнай песні. А для кагосьці — наадварот: праз беларускую песню — да джаза.

За гады існавання фестывалю-конкурсу я заўважыла яшчэ адну вельмі значную яго адметнасць. На ім — не толькі “пастаяннае журы”, члены якога могуць паступова адсочваць, як узрастаюць нашы юныя музыканты, але і шмат пастаянных удзельнікаў. На іншых конкурсах, здараецца, пасля аб’яўлення вынікаў абавязкова хтосьці ідзе “разбірацца”. А тут — прыязджаюць зноў ды зноў, выправіўшы ранейшыя памылкі. Відавочна, як дзякуючы гэтаму фестывалю-конкурсу ўзрастае ўзровень нашых рэгіянальных навучальных ўстаноў. З той жа Вілейкі раней, памятаю, прыязджаў духавы аркестр. Сёлета — ансамбль, які атрымаў Першую прэмію, і маленькая саксафаністка Саша Капцюг, якая атрымала Другую. А як узнялася актыўнасць тых жа Баранавічаў! Дый паўсюль — бачна, што педагогі не проста займаліся ў класе, але і рыхтавалі ўдзельнікаў да конкурсу дадаткова. Таму нашы дзеці маглі на роўных канкурыраваць з расіянамі, а ў іх даўно адладжана шматузроўневая сістэма не проста музычнай, а менавіта джазавай падрыхтоўкі — тое, чаго пакуль няма ў нас.

Яшчэ адно маё назіранне: сёння розніца паміж сталіцай і глыбінкай практычна знікае. Галоўнае — сама асоба педагога. Бо астатняй інфармацыі хапае — пры жаданні, можна знайсці ў тым жа Інтэрнэце безліч цудоўных запісаў. Галоўнае, што даказаў “Jazz-timе” за ўсе гэтыя гады, можна выявіць літаральна двума словамі: мы — можам! І гэтае жаданне займацца джазам, без якога сёння немагчыма ўявіць сусветную культурную прастору, трэба развіваць на ўсіх узроўнях: ад наладжвання спецыяльнай сістэмы адукацыі да максімальнай падтрымкі салігорскага форуму. Сёлета, дарэчы, гэтым фестывалем-конкурсам зацікавіліся не толькі кіраўнікі Міністэрства культуры краіны і Мінаблвыканкама, што асабіста прыехалі ў Салігорск, але і прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса. Думаю, сапраўды, наспеў час зрабіць форум міжнародным. Па сутнасці, ён такім ужо і з’яўляецца, засталося толькі афіцыйна надаць яму гэты высокі статус. Упэўнена: не прагадаем!..

На здымку: пад час фестывалю ў Салігорску.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"